У пачатку года жабінкаўцы традыцыйна адзначаюць дзень заснавання раёна. Так надарылася, што пасля ўключэння ў гарадскія межы вёскі Здзітава, яшчэ адна памятная дата, што прыпадае на 15 студзеня, стала часткаю гісторыі горада, багатай на падзеі.
Год 1502-і. За смугою стагоддзяў
Нярэдка вельмі пакручастымі шляхамі рухаецца гісторыя. Хто б мог падумаць, напрыклад, пяць стагоддзяў таму, што квітнеючая вёска Вялікая Рыта, размешчаная на бойкім гасцінцы, саступіць некалі пальму першынства дробнай Маларыце? Альбо сяло Здзітава – моцны цэнтр землеўладання, што ахопліваў узбярэжжа Мухаўца, падпарадкоўваў Мацеевічы, Федзькавічы, Пятровічы і зусім нязначную Жабінку – у нашы дні само стане часткаю той самай Жабінкі?! Ужо далёка не ўпершыню сучаснасць “перамагла” мінулае. А мо ўсё ж старое ў чарговы раз узбагаціла маладое?
Вось радкі, напісаныя 15 студзеня 1502 года, якія адкрываюць пісьмовую гісторыю Здзітава (у перакладзе са старабеларускай): “Адным днём, ад світання да змяркання, аб’ехаў я на кані і прыняў пад сваю руку ўладанне. А той маёнтак мой Здзітавецкі месціцца з абодвух бакоў Мухаўца-ракі, на мілі чатыры з нечым упоперак ды яшчэ ўздоўж цягнецца над Мухаўцом на мілі чатыры”.
Чалавека, што пакінуў першую згадку пра сяло Здзітавецкае, звалі Іван Мікітавіч Гурын. Яго бацька служыў каралю польскаму і вялікаму князю літоўскаму Аляксандру Ягайлавічу. Гэта быў час неспакойны, насычаны войнамі. Мабыць, у нейкай бітве Мікіта Гурын склаў галаву. Але паслугі вернага ваяра не забыліся.
Кароль аддзячыў ягонаму сыну вялікім надзелам, і той пабудаваў у Здзітаве царкву, названую ў гонар святога Мікіты – нябеснага абаронцы бацькі.
У 1596 годзе Іванавы ўнукі Сямён, Нікан ды Юрко Гурыны пацвердзілі ранейшыя падараванні і дадалі новыя. На той час храм меў ужо фундушы (грашовыя ахвяраванні) ад навакольнай шляхты – Касцюшкаў, Непакойчыцкіх, князёў Шуйскіх.
Здзітавецкі маёнтак неаднойчы драбніўся. Яго шматлікія ўласнікі нярэдка сварыліся з-за куртатых надзелаў, становячыся героямі судовых працэсаў. Адразу каля 30 шляхецкіх сем’яў насілі агульны прыдомак (мянушку) – Здзітавецкія.
Аднак тлумачыцца гэта вельмі проста: каб дамагчыся правоў на землі ў Здзітаве і яго наваколлях, усе гэтыя Мрочкі, Младзінскія, Багушэвічы, Шляхты, Крыпскія, Рахальскія ды іншыя далучалі да свайго прозвішча яшчэ і назву “радавога гнязда”, а потым, як сведчаць шматлікія судовыя зводы ХVI–ХVIІ стагоддзяў, парой хітрасцю, а часам і сілаю спрабавалі даказаць свае правы на землі ды прыгонных.
Улетку 1758 года ў Здзітаве памёр Людвік Касцюшка-Сяхновіцкі, бацька славутага генерала. У шматлікіх уніяцкіх і каталіцкіх храмах ад Берасця да Кобрына адпявалі яго душу. I першым, вядома, зазваніў здзітаўскі звон. Ён і зараз асвячае сённяшні дзень, гучыць як напамін пра мінулае. Бо здаўна людзі абралі для жыцця гэтыя дзівосныя мясціны, з часам аздобленыя іх працавітымі рукамі. Блакіт неба тут злучаецца з сінечаю вады і коціць павольна на сустрэчу з Бугам свае хвалі Мухавец.
Год 1940-ы. Яны першымі ўзначалілі раён
Адразу пасля ўтварэння Жабінкаўскага раёна пачалося фарміраванне ягоных органаў улады. У тыя часы вышэйшае кіраўніцтва ў Савецкай краіне ажыццяўляла Камуністычная партыя бальшавікоў. Таму ва ўсіх раёнах Заходняй Беларусі (і Жабінкаўскі, вядома, не стаў выключэннем) галоўнай асобай быў першы сакратар РК КП(б)Б.
На Жабінкаўшчыне ім стаў Мікіта Пятровіч Кароткін (1906–1968). Ён пакінуў настолькі глыбокі след у гісторыі краю, што імя Кароткіна з канца 60-х гадоў носіць адна з вуліц Жабінкі. Мікіта Пятровіч двойчы ўзначальваў мясцовую партарганізацыю (у 1940–1941 і 1944–1947 гадах). У маі 1940-га быў дэлегатам ХVIII з’езда Кампартыі Беларусі ў Мінску. Падчас вайны актыўна ўдзельнічаў у партызанскім руху. Пасля пераводу з Жабінкі быў другім сакратаром Гродзенскага КП(б) Беларусі (1947–1948), намеснікам міністра сельскай гаспадаркі БССР (1951–1952), першым сакратаром Віцебскага абкама Кампартыі Беларусі (1954–1956), намеснікам міністра хлебапрадуктаў БССР (1956–1962).
Адразу пасля ўтварэння Жабінкаўскага раёна ў дапамогу Мікіту Кароткіну былі прызначаны яшчэ два сакратары: другі – Рыгор Мацвеевіч Басаў і трэці – Якаў Вольфавіч Дзяткін. Пра Рыгора Басава вядома, што і пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ягоны лёс аказаўся звязаны з нашым краем: у 1945–1946 гадах ён узначальваў Жабінкаўскі раённы выканаўчы камітэт. А самым першым у спісе старшынь райвыканкама ў 1940–1941 гадах значыцца Васіль Сцяпанавіч Давыдаў.
Райкам партыі падзяляўся на аддзелы. Першым “па рангу” лічыўся аддзел прапаганды і агітацыі, узначалены Аляксандрам Міронавічам Фамічовым, ягоным намеснікам стаў Максім Міхайлавіч Грыгаровіч, прапагандыстам — Яўген Васільевіч Гусеў.
Аргінструктарскі аддзел, які займаўся кадравымі пытаннямі, узначаліў Аляксандр Сцяпанавіч Якімушка, які таксама меў намесніка – Сяргея Яўсеевіча Назаранку.
Сакратаром райкама ЛКСМБ, або, як тады казалі, камсамольскім важаком, быў прызначаны І.Ф. Нусаў.
Так званы “сілавы блок” прадстаўлялі начальнік райаддзела народнага камісарыята дзяржбяспекі Аляксей Сяргеевіч Макрусаў, раённы пракурор Максім Ціханавіч Кузьмін, начальнік райаддзялення міліцыі Народнага камісарыята ўнутраных спраў Фёдар Іванавіч Кірылаў і загадчык ваеннага аддзела (у будучым – ваенкамата) Іван Пятровіч Худзякоў.
Раённым упаўнаважаным наркама нарыхтовак быў прызначаны Павел Емяльянавіч Чарноў, загадчыкам ашчаднай касы – Іван Пятровіч Аляксееў.
Усе пералічаныя асобы прыбылі з усходніх абласцей Беларускай ССР (найчасцей з Магілёўшчыны) і Расіі, адкуль прыехалі на працу ў Жабінку пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, заняўшы ключавыя пасады ў толькі што створаным раёне.
І ўсё ж два выключэнні з гэтага правіла існавалі. З ліку мясцовых жыхароў былі прызначаны Георгій Нікіфаравіч Барташук, якому даверылі ўзначаліць камунальны аддзел райвыканкама, старшынёй райспажыўсаюза стаў Мікалай Максімавіч Магер.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%