Карэнныя каранёўцы

Адрас першы

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Сто гадоў з нечым назад было ў нас 212 паселішчаў. Зараз засталося менш за палову. І што бянтэжыць, у некаторыя нашыя вёскі даўно не ступала нага рэпарцёра. А між тым, і ў невялічкіх населеных пунктах жывуць са сваімі радасцямі, турботамі, цікавымі жыццёвымі гісторыямі нашы чытачы. Таму рэдакцыя сёння распачынае адмысловы праект “95 адрасоў”. І першы адрас на нашым шляху – хутар Каранёва Крыўлянскага сельсавета.

Легенды, паданні, загадкі… Такімі застануцца ў гісторыі і Каранёва, і замак, што некалі ўзвышаўся побач. Стагоддзямі віравала тут жыццё. Спяшаліся па гасцінцы прадстаўнічыя пасольствы, кшталту таго, што апісаў у 1676 годзе чэх Тэнер, які бываў паблізу Каранёва на шляху з Масквы ў Кракаў. Адсюль паходзілі шляхецкія сем’і Каранёўскіх, Мажэйкаў, Пацеяў (найбольш вядомы сярод іх епіскап Іпацій – стваральнік Брэсцкай царкоўнай уніі). Наведваліся ў Каранёва і вяльможныя князі Чартарыйскія, якія загадалі збудаваць прыгожы замак, бываў і знакаміты Касцюшка…
А сённяшні дзень прыносіць знаёмства з амаль апусцелым хутарам, што ажывае ад гукаў чалавечых галасоў найчасцей у цёплую пару. Разам са старшынёй Крыўлянскага сельвыканкама Анатолем Марчуком сустрэліся са Святланай Дубовік (у дзявоцтве – Барма) – апошняй уласніцай каранёўскага падворка. Святлана Яўгенаўна і распавяла гісторыю паселішча, якую чула ад бацькі. Днямі Яўген Сцяпанавіч адсвяткаваў 70-годдзе. Нарадзіўся 1 сту-дзеня 1958-га на радавым хутары, быў сярэднім сярод пяці дзяцей. З такой сям’ёй старэйшым даводзілася шчыраваць ад світання да цемені, і малыя, як падрасталі, не гультаявалі.
…Што заўжды мела найбольшы кошт? Зразумела ж, зямля. Некалі тры браты Бармы (сярод іх і Яўгенаў дзед) купілі ў пана гэты надзел. Дасюль у сям’і з пакалення ў пакаленне перадаюць старыя дакументы. Усё чын па чыну: і пячаткі, і подпісы. Час мінуў, ды фарбы на паперы не зніклі.
Жылі ад зямлі – не бедавалі. Сваю заможнасць штодня пацвярджалі працаю. За тое і прыбытак мелі. Гэтая прага да сялянскіх спраў і ў сённяшняй спадчынніцы захавалася. Святлана Дубовік з 2006-га жыве ў Крыўлянах, але й цяпер, хоць і стараюцца аграгарадок наблізіць да гарадскіх выгод, трымае значную гаспадарку (між іншым – тры каровы, што для сённяшняга дня і ў вёсцы стала, як ні дзіўна, экзотыкай…)
Добрымі ўспамінамі напаўняецца сэрца, калі згадвае Святлана Яўгенаўна дзяцінства, праведзенае на бацькоўскім хутары.
– Як жа ўлетку там прыгожа! – гаворыць у захапленні, але дадае: – Ды ўзімку бывае страшна. Жыць самой, амаль адрэзанаю ад цывілізацыі, ад людзей асобна – нялёгка. Памятаю часы, калі былі яшчэ шэсць хат. Ды ў гады 50-я – 60-я нехта вырашыў: дробнае – узбуйніць! Малыя населеныя пункты – “неперспектыўныя” перасялялі ў вялікія вёскі. Дзецям расказваю, а тыя і не вераць: “Як можна цэлы дом перавезці?” А так было. Хаты ж стаялі проста на камянях. Узнімалі на санкі, і, як у казцы пра Ямелю: паехала хата з комінам – у новае жыццё!
Каранёўскі свой дом Бармы пабудавалі 65 гадоў таму. Якім было раней у ім жыццё?
Бурліў некалі звычайны вясковы ўклад у Каранёве. Суседзі адзін да аднаго ахвотна наведваліся ў госці. Адгароджваліся не вялізнымі платамі, а кустоўем і дрэвамі, цэлыя алеі насаджвалі. Адна з іх – Раманава (ад імя ўласніка) – цяпер ужо даўно густым ляском стала, хоць у тутэйшых дасюль назву захавала. Ля кожнай хаты – абавязкова сад. Там, дзе замак некалі стаяў, – бэз ды гожыя вербы ў ставок глядзеліся… І легенда душу многім бярэдзіла. Пра залатую карэту, жорсткага князя ды багатую карчму і чарцей.
– Многія тую карэту шукалі, ды не знаходзілі нават спіцы ад яе. А вось “чарцей” бачылі! – усміхаецца распавядальніца. – Апошнія ўласнікі замка вырашылі першымі ў краі разводзіць андатраў. Для тутэйшых вадзяны пацук быў у навіну. Як выскачыць гэткі “чорт” з раўчука, тут і дарослы за сэрца схопіцца…
Па ўспамінах старэйшых, на гэтым месцы доўга яшчэ ладзіліся сельскія гулянні. Бо прырода была цудоўная, гаючая. Гэтак заставалася, пакуль не ўзнік кар’ер, з якога пясок на будоўлю пачалі вазіць.
Каранёўцы раз’ехаліся. Геаграфія іх сённяшніх адрасоў шырокая. Найбліжэйшая кропка – Жабінка, дзе жыве Ніна Сцяпанаўна Сыч. Аднак і з далёкіх краёў-берагоў часам даносіць навіны інтэрнэт, як жывецца-маецца Любові Холадавай у Харкаве, Марыі Дзеравінскай у Кіеве, альбо чым заняты пляменнік Яўгена Бармы (поўны ягоны цёзка) у далёкай Дзяржаве Ізраіль.
На здымках: калісь былі маладымі і Яўген БАРМА, і яго хата ў Каранёве.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*