Час навагодніх цудаў і падарункаў

Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.


Новы год і Раство Хрыстова – час радасці, цудаў і надзеі, асабліва для самых маленькіх. Аддзел адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама падрыхтаваў дабрачыннае свята для дзяцей са шматдзетных, няпоўных, малазабяспечаных сем’яў, дзяцей-сірот і выдатнікаў вучобы.
У зале раённага Дома культуры хлопчыкам і дзяўчынкам паказалі спектакль з удзелам вядомых казачных герояў – Дзеда Мароза і Снягурачкі, Бабулькі Шапакляк і Бармалея. Па сюжэце злодзеі выкрадаюць навагоднія падарункі, а Геніяльны Сышчык спрабуе іх адшукаць. Зразумела, героі вяртаюць прапажу. І свята выратавана!
Прадстаўленне прадоўжылася ў фае Дома культуры, пад галінамі красуні-ялінкі. Пасля першага карагода настаў доўгачаканы момант – уключэнне святочнай гірлянды. Дзеці дружна пракрычалі традыцыйнае “Раз, два, тры – ёлачка, гары!”, але цуд не адбыўся. У чым жа справа? Дзядуля Мароз падказаў, што ялінцы не хапае добрых слоў.
З цёплымі віншаваннямі да дзяцей звярнуліся старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка. Госці ўспомнілі, што ў дзяцінстве пад ёлкай больш за ўсё яны чакалі салодкія падарункі. Вось і для дзяцей на дабрачынным свяце падрыхтавалі такі сюрпрыз – некалькі скрынь з наборамі цукерак!
Нарэшце ялінка заіскрылася рознакаляровымі агеньчыкамі. Пасля песень, танцаў і конкурсаў шчаслівыя дзеці атрымалі доўгачаканыя падарункі з рук любімых герояў – Дзеда Мароза і Снягурачкі. А дапамагала ім Жанна Стаціўка. Ніводнае дзіця не засталося ў гэты дзень без добрага слова і салодкага сюрпрыза. Так дарослыя дапамаглі хлопчыкам і дзяўчынкам паверыць у навагодні цуд.

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.