22 снежня ў 48 асобным батальёне радыёэлектроннай барацьбы Заходняга аператыўнага камандавання, які знаходзіцца ў Брэсце, адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да 75-годдзя ўтварэння войскаў радыёэлектроннай барацьбы. Павіншаваць вайскоўцаў з гэтай знамянальнай падзеяй прыехалі навучэнцы нашага раёна: Ракітніцкай, Якаўчыцкай сярэдніх школ і гарадскога ліцэя. Арганізатарамі сустрэчы выступілі аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, РК ГА “БРСМ” і начальнік адасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў падпалкоўнік Аляксей Пятроў.
Для навучэнцаў правялі экскурсію па вайсковай часці, яны пазнаёміліся з баявой тэхнікай, пабывалі ў казарме і штабе, сталі ўдзельнікамі канцэртнай праграмы. А яшчэ школьнікаў накармілі смачнай салдацкай кашай і напаілі чаем.
На пляцы перад навучэнцамі выступіў ветэран Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь падпалкоўнік у адстаўцы Іван Мікалаевіч Шульга, які расказаў пра сваю службу, а таксама пра важны абавязак кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь – абарона сваёй Радзімы. Ён уручыў чаленскія білеты ГА “БРСМ” і павіншаваў дзяцей з правільным выбарам, пажадаў быць сумленнымі, шчодрымі і пры любой магчымасці дапамагаць людзям.
Магчыма, хто-небудзь з навучэнцаў, якія пабылі ў той дзень у часці, вернуцца сюды праз некалькі гадоў для праходжання службы.
Марыя СЯНІШЫНА, першы сакратар РК ГА “БРСМ”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%