З хвалюючымі пытаннямі – да кіраўніка раёна

Святлана БЯЛЯК.

22 снежня старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі ў рамках дня інфармавання сустракаўся з працоўным калектывам Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Беларусі.
Па традыцыі Дзмітрый Мікалаевіч пачаў сустрэчу з аналізу сацыяльна-эканамічнага стану раёна. На яго думку жабінкаўцам па выніках адыходзячага года ёсць чым ганарыцца. Напрыклад, па ўзроўні заработнай платы – 683 рублі – наш раён займае другое месца ў вобласці (пасля Бярозаўскага). Другі радок у абласной зводцы і па надоі малака ад каровы. Што тычыцца раслінаводства, дык сёлета на жабінкаўскіх землях выдатным ураджаем парадавалі цукровыя буракі.
Закранаў Дзмітрый Мікалаевіч і пытанні будаўніцтва. Завяршылася рэканструкцыя пуцеправода (моста над чыгункай), на які было выдаткавана звыш 1 мільёна 100 тысяч рублёў; вядзецца цеплавая рэабілітацыя ФАУ “СК “Бадзёрасць”. У бліжэйшых планах – узвядзенне ачышчальных збудаванняў і рэканструкцыя помпавай станцыі на вуліцы Кірава.
Сёлета, як вядома, вёскі Курпічы, Сцяброва, Шчэглікі і Здзітава ўвайшлі ў гарадскую мяжу. У сувязі з гэтым у іх інтэнсіўна развіваецца інфраструктура. Напрыклад, у Здзітаве праведзены водаправод і оптавалаконныя лініі сувязі, што дазволіць жыхарам адчуваць гарадскія выгоды. У райцэнтры ўведзены ў эксплуатацыю дзве шматпавярхоўкі – 60- і 40-кватэрныя дамы (апошні, прынамсі, на рэспубліканскім узроўні прызнаны лепшым па энергазберажэнні). У наступным годзе плануецца ўзвядзенне яшчэ двух шматпавярховых дамоў.
Што тычыцца працаўладкавання, то дзякуючы адкрыццю ў раёне 14 малых прадпрыемстваў 280 чалавек знайшлі сабе працоўнае месца. З увядзеннем у будучым годзе камбікормавага завода па вытворчасці прэміксаў і прэстарцерных кармоў, такую магчымасць атрымаюць яшчэ 60 чалавек.
Дзмітрый Мікалаевіч нагадаў таксама пра важную палітычную падзею, якая павінна цікавіць усіх жыхароў краіны, – выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, якія адбудуцца 18 лютага 2018 года. Ужо зараз актыўна вылучаюцца кандыдаты ў народныя абраннікі. Кожны паўнагадовы беларус павінен праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю і прыйсці на свой выбарчы ўчастак з дакументам, што пацвярджае асобу, каб аддаць голас за кандыдата ў дэпутаты.
У другой частцы сустрэчы супрацоўнікі раённага аддзела Дэпартамента аховы задавалі кіраўніку раёна свае пытанні. Аляксандр Місюра, напрыклад, пацікавіўся, ці будзе пабудавана дзіцячая і спартыўная пляцоўка на вуліцы Блакітнай. Мікалай Паплаўскі, жыхар дома № 7 па вуліцы Францыска Скарыны, спытаўся пра магчымасць добраўпарадкавання прыдамовай тэрыторыі. Дзмітрый Мікалаевіч растлумачыў, што на гэта спатрэбіцца 180 тысяч рублёў, пры наяўнасці сродкаў пляцоўка паміж шматпавярхоўкамі атрымае новае аблічча. А вось Мікалай Капусцін, які з сям’ёй пражывае на вуліцы Германовіча, занепакоены блізкім суседствам з… бабрамі. Жывёліны на вадаёме пабудавалі плаціну. Усё б нічога, каб яны не адчувалі сябе гаспадарамі на Міколавым участку. Бабры пашкодзілі ўсе пладовыя дрэўцы. Знішчаць нечаканых “гасцей” нельга: на іх баку закон. Аднак і трываць іх “гаспадарлівасць” на агародзе – таксама не выйсце. Што рабіць? Дзмітрый Мікалаевіч паабяцаў больш дэталёва разабрацца і ў гэтай сітуацыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.