Хэнд-мэйд ад Таццяны Масейка

Хэнд-мэйд ад Таццяны Масейка

 

Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

Неяк завітала ў наш рэстаран і была прыемна здзіўлена: у “Вясёлцы” ружы “расцвілі”. Вялікі пышны букет з белых кветак, а таксама некалькі пано на сценах сустракаюць наведвальнікаў і ўпрыгожваюць абедзенную залу. Даведалася, што такі падарунак зрабіла рэстарану жыхарка Жабінкі Таццяна Масейка. Акрамя каралеўскіх ружаў, яна стварае і іншыя вырабы, выкарыстоўвае пры гэтым розныя тэхнікі і матэрыялы.

З чаго ўсё пачалося?

На вяселле Таццяны, якое па волі лёсу ці выпадкова адбылося 11.11.2011, яе матуля Валянціна Канстанцінаўна і сястра Аксана вырашылі зрабіць сюрпрыз маладажонам, гасцям і ўпрыгожыць святочныя сталы кветкамі, створанымі сваімі рукамі. Рознакаляровыя папяровыя букеты сталі незвычайным упрыгажэннем, своеасаблівай разынкай вясельных сталоў і спадабаліся не толькі нявесце і жаніху, але й усім гасцям. Пасля застолля многія атрымалі ў падарунак букецікі на памяць аб гэтай падзеі. Таццяна зацікавілася: а што яшчэ і з якіх матэрыялаў можна рабіць сваімі рукамі? Адказ на сваё пытанне знайшла ў інтэрнэце. З тае пары асвойвае розныя тэхнікі і радуе блізкіх і сяброў уласнымі вырабамі.

Газетнае пляценне

З ім Таццяна пазнаёмілася з дапамогай інтэрнэтных відэаўрокаў, зацікавілася і стала вечарамі круціць трубачкі са старых газет. Першы выраб – карзіначка для цукерак, потым ваза, шкатулка. З часам дайшла і да больш складаных: зрабіла загадкавую даму ў шляпе, домік для хатняга гадаванца – ката, дзіцячы трохколавы веласіпед. Крэатыўныя чаравікі Таццяны Масейка ўпрыгожылі выязныя гандлёвыя палаткі Жабінкаўскага райспажыўтаварыства на абласных “Дажынках” у Камянцы. Тады многія госці фестывалю-кірмашу фатаграфаваліся з імі. Рэстарану “Вясёлка” яна падарыла цэлы набор для чаяпіцця: самавар, кубкі са сподачкамі і цукерачніцу. Яны як сапраўдныя, цяжка нават і паверыць, што ўсё гэта з далікатных газетных трубачак!

Атласныя цуда-стужачкі

Яны спатрэбіліся Таццяне Масейка, калі пачала ствараць вырабы ў стылі канзашы. У асноўным гэта былі заколкі, банцікі, якімі ўпрыгожвалі свае прычоскі дачушкі, пляменніцы ды ўнучкі знаёмых і сяброў. Разам з Таццянай захапіліся канзашы яе мама і сястра, і на працягу двух гадоў “хварэлі” гэтым.
Мяне ж уразіў зроблены з салатава-зялёных стужак тапіярый, які ўбачыла ў кватэры Таццяны. Прыгожае казачнае дрэва прыцягвала і заварожвала. Дваццаць такіх дрэўцаў майстрыха зрабіла і падарыла знаёмым. Я даведалася, што сёння тапіярый – адзін з самых папулярных хэнд-мэйд падарункаў. Тым, хто яшчэ не вызначыўся з навагоднімі сюрпрызамі для сваіх родных і блізкіх, даю падказку, чым іх парадаваць і здзівіць.

Смачныя падарункі

Гэта букеты з цукерак, якія атрымліваюць сябры і знаёмыя ад Таццяны Масейка на дні нараджэння, іншыя святочныя даты. Салодкі сюрпрыз схаваны ў бутонах цюльпанаў, руж і хрызантэм. З цукерак мая гераіня робіць торты і машыны – як сапраўдныя мадэлі, так і мульцяшныя. І сваіх калег радуе салодкімі падарункамі (Таццяна Васілеўна працуе начальнікам кантрольна-рэвізійнага сектара Брэсцкай міжрайбазы). На юбілей дырэктару зрабіла лесвіцу поспеху, бухгалтару – лічыльнікі. У дзень абаронцаў Айчыны моцная палова калектыву атрымала танкі. І ўсё гэта з цукерак ды шакаладак – незвычайна, прыгожа і смачна. А яшчэ быў перыяд, калі захапілася вырабам тортаў з масцікі, без якіх не абыходзіліся сямейныя святы, дні нараджэння знаёмых.

Ружа – каралева кветак

Спачатку Таццяна Масейка зрабіла тры вялікія ружы з паперы, але іх ружовы колер на сонейку вельмі хутка страціў сваю яркасць і насычанасць. Яна задумалася: які ж матэрыял тады выкарыстоўваць? І знайшла – ізалон. Таццяна Васільеўна вырашыла зрабіць з яго букет белых ружаў для ўдзельнікаў і гасцей 31-га абласнога конкурсу прадаўцоў, які ладзіўся сёлета ў нас у канцы ліпеня на базе гандлёвых аб’ектаў філіяла “Жабінкаўскі” Брэсцкай міжрайбазы. Пасля завяршэння конкурсу кветкі падарыла рэстарану “Вясёлка”, а потым яшчэ зрабіла ружы і для пано, што ўпрыгожылі сцены абедзеннай залы. Хочаце іх убачыць? Завітайце ў рэстаран – паспрабуеце смачныя стравы, што там гатуюць, і палюбуецеся каралевай кветак. Спецыяльна да нашай сустрэчы Таццяна Масейка зрабіла такую ружу, з якой і сфатаграфавалася. Дапамог ёй ажыццявіць задуманае муж Ігар. Каб закруціць металічную падстаўку для кветкі, патрэбна мужчынская сіла. Як прызналася Таццяна, Ігар ва ўсіх яе творчых задумках – першы памочнік і дарадца, а ідэйнымі натхняльнікамі ў многім выступаюць матуля і сястра, таксама майстрыхі на ўсе рукі.

Фантазіі няма межаў

Наша гераіня спрабавала сябе ў розных тэхніках: тарцаванне, квілінг, дэкупаж. Са сваімі вырабамі ўдзельнічала ў выставе творчых работ працаўнікоў спажывецкай кааперацыі на абласным справаздачным схо-дзе і была адзначана дыпломам. Яна стварала бутаньеркі да Дня Перамогі, імянныя падушкі ў выглядзе літар, афармляла стужкамі вясельныя бутэлькі шампанскага для маладажонаў у выглядзе нявесты і жаніха. Таццяна Васільеўна асвоіла майстэрства вырабу лунаючых кубкаў, грашовых дрэў, навагодніх ёлак з нітак. Напярэдадні зімовых святаў гэткай ялінкай заўсёды ўпрыгожвае свой кабінет. Пачынаючы з 2011-га робіць сімвалы Новага года, пры гэтым выкарыстоўвае розныя матэрыялы. У калекцыях Таццяніных знаёмых – зробленыя ёю драконы, змейкі, коні, малпачкі, пеўнікі ды іншыя жывёлы. Зараз майстрыха шые сабачак – сімвалаў надыходзячага 2018 года.
Якія планы на будучае? Што марыць ствараць далей? На гэтыя пытанні Таццяна Масейка пакуль не можа адказаць, бо сама не ведае, якой тэхнікай захопіцца заўтра. А будучыя вырабы, упэўнена, атрымаюцца такімі ж цудоўнымі, як і ўсе папярэднія.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*