Надыходзіць год новы – будзем да святаў гатовы!

 Анатоль БЕНЗЯРУК.

Вельмі блізкі час, як адбудзецца ганаровая “змена каравулу”: сямнаццаты па ліку год ХХІ стагоддзя павінен будзе “адчытацца і здаць варту” чарговаму, 2018-му. Ужо цяпер бачна: мінулы “адпрацаваў” на выдатна: у ім было досыць шмат падзей, якія запомняцца. Новы абяцае стаць не менш насычаным. Каб у гэтым упэўніцца, па даўняй завядзёнцы перагорнем каляндарныя старонкі года, які яшчэ толькі на парозе.

505 гадоў таму ў старых дакументах згадваецца адзін з найбольш старажытных населеных пунктаў нашага краю – ВЕЖКІ. Ужо ў далёкім 1513 годзе яны былі цэнтрам аднайменнай воласці, якая ўваходзіла
ў склад Кобрынскага княства.

455 гадоў міне з часу, як на Жабінкаўшчыне быў праведзены першы ў гісторыі ПЕРАПІС НАСЕЛЬНІЦТВА. Дзякуючы каралеўскаму рэвізору Дзмітрыю Сапегу, мы і сёння можам даведацца імёны тых, хто жыў, напрыклад, у Азятах і Старым Сяле ў 1563 годзе, якія надзелы трымалі ды падаткі плацілі тутэйшыя жыхары ў дзяржаўную казну Вялікага Княства Літоўскага.

Круглую дату (трохсотгоддзе) з часу першай згадкі ў тагачасных дакументах змогуць па праву адсвяткаваць прыхаджане праваслаўнага СВЯТА-ІААНАПРАДЦЕЧАНСКАГА ХРАМА ў Мацеевічах. Дарэчы, раней яго назва гучала крыху інакш: “Царква ў імя Святога Іаана Хрысціцеля, Сімяона Стоўпніка і Вялікамучаніцы Варвары”. Сродкі на будоўлю ў далёкім 1718 годзе выдаткавалі прадстаўнікі
слыннага роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх.

175 гадоў назад упершыню на Жабінкаўшчыне ўзнікла сельская БАЛЬНІЦА. Лякарня для сялян паўстала ў колішнім маёнтку Непакойчыцы ў 1843 годзе клопатам уласнікаў тых мясцін Сцяпана і Алены Райскіх.

115 гадоў назад (у 1903-м) Жабінка набыла статус МЯСТЭЧКА. Гэта значна паспрыяла развіццю населенага пункта, які на працягу ХХ стагоддзя пакрысе ператвараўся ў сапраўдны эканамічны і адміністрацыйны цэнтр краю.

Год распачнецца цудоўным юбілеем вядучага майстра сцэны Брэсцкага тэатра лялек Івана ГЕРАСЕВІЧА. Іван Пракопавіч прыйшоў на свет 1 студзеня 1943 года ў вёсцы Стрыганец. Вядомы і ў якасці кінаакцёра: зняўся ў 14 кінафільмах на студыях “Беларусьфільм”, “Ленфільм”, “Масфільм”, імя Аляксандра Даўжэнкі. Герасевіч першы і пакуль адзіны з нашых землякоў, хто атрымаў высокае званне заслужанага
артыста Рэспублікі Беларусь.

3 сакавіка 1908 года нарадзіўся кавалер ордэна Леніна, начальнік Жабінкаўскай дыстанцыі пуці
ў 1944–1957 гадах Сяргей Уладзіміравіч МІКАЛАЕЎ (1908–1989).

505 гадоў таму, 15 сакавіка 1513-га, у дакументах Вялікага Княства Літоўскага згадваецца вёска ЦЕЛЯКІ, уласнасць ключніка гаспадарскага, зямяніна (уласніка)берасцейскага Льва Багавіціна. Зараз у складзе Азяцкага сельсавета.

Вясною міне 80 гадоў з дня нараджэння слыннага вучонага-медыка Данііла Юльянавіча КРЫЎЧЭНІ, які прыйшоў на свет 16 сакавіка 1938 года ў вёсцы Вярхі. Акадэмік Данііл Крыўчэня – з ліку землякоў, якімі ганарыцца Жабінкаўшчына. Ён носіць званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі Украіны.

23 сакавіка 1928 года Жабінка ўпершыню ў сваёй гісторыі набыла адміністрацыйны статус. Паводле распараджэння польскіх уладаў мястэчка зрабілася цэнтрам ЖАБІНКАЎСКАЙ ГМІНЫ (воласці) Палескага ваяводства.

2 мая 1943 года загінуў легендарны партызан і падпольшчык Міхаіл Мікітавіч ЧАРНАК (1911–1943), адзін са стваральнікаў партызанскага атрада, які насіў ягонае імя. Памяць пра Чарнака ўвекавечана ў назве адной з жабінкаўскіх вуліц.

3 ліпеня 1943 года ў складзе брыгады імя І.В. Сталіна быў створаны партызанскі атрад імя Міхаіла Фрунзэ, які актыўна дзейнічаў у гады вайны на тэрыторыі Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў.

Будучым летам родныя і сябры Васіля Сахарчука сумесна з прыхільнікамі творчасці вядомага паэта, журналіста і перакладчыка адсвяткуюць 65-я ўгодкі ягоных народзін. Васіль Якаўлевіч з’явіўся на свет 10 ліпеня 1953 года ў вёсцы Свадзьбічы Бярозаўскага раёна.

7 жніўня – дзень памяці выбітнага фалькларыста, гісторыка, педагога, нараджэнца сяла Азяты Юльяна Фаміча КРАЧКОЎСКАГА (1840–1903), які памёр у гэты дзень 105 гадоў таму.

Як паведамляла на сваіх старонках 22(9) жніўня 1908 года газета “Наша Ніва”, у сяле Хмелева запрацавала першая на Жабінкаўшчыне грамадская бібліятэка, створаная на ахвяраванні кнігавыдаўца Фларэнцыя Паўленкава. У гонар мецэната падобныя чытальні па ўсёй Расійскай імперыі называліся ПАЎЛЕНКАЎСКІМІ БІБЛІЯТЭКАМІ.

У 1978-м, альбо роўна 40 гадоў таму, у самым сэрцы Жабінкі паўстаў сапраўдны цэнтр культурнага жыцця краю – гарадскі Дом культуры, на чыіх падмостках развіваліся і дагэтуль развіваюцца шматлікія песенныя і танцавальныя таленты жабінкаўскай зямлі.

20 жніўня 1878 года нарадзіўся заснавальнік праваслаўных храмаў у Азятах і Старым Сяле, сапраўдны летапісец жыцця свайго прыходу айцец Адам Мікалаевіч Лехачэўскі, пахаваны ў Азятах, паблізу царквы, узведзенай ягонымі клопатамі.

А вось адкрываць таямніцы ведаў, блізкага свету і дальніх сусветаў прызваны педагогі. Наступны навучальны год для настаўнікаў трэцяй гарадской школы і ліцэя пачнецца з прыемнай падзеі: роўна тры дзясяткі гадоў міне з таго памятнага дня, калі будаўнікі перадалі педагогам сімвалічны ключ ад будынка іх навучальнай установы. Адбылося гэта 1 верасня 1988 года.

13 верасня 1883 года чыгуначная лінія Жабінка–Пінск была перададзена пад юрысдыкцыю Міністэрства шляхоў зносін. Жабінка стала адной з буйнейшых чыгуначных станцый у палескім краі. Першым начальнікам станцыі Жабінка-Палеская стаў Пётр Карлавіч Зейферт. Адначасова было ўтворана дэпо Жабінка, якім загадваў Іван Карлавіч Ляскоўскі.

18 верасня 1988-га не выйшаў жывым з-пад душманскага агню нараджэнец жабінкаўскай вёскі Хмялёўка прапаршчык Сяргей Антонавіч ГРУДНІЦКІ.

27 верасня – дзень памяці настаяцеля Рагазнянскай царквы святара Мікалая Іванавіча МІХАЛОЎСКАГА (1901–1943), закатаванага фашыстамі 75 гадоў назад. Яго імя носіць адна з вуліц Жабінкі.

Памяць вымушае прыгадаць яшчэ адзін шчымлівы дзень. 28 верасня 1983 года на далёкай зямлі, апаленай гарачым сонцам Афганістана, у жорсткім баі склаў сваю галаву старшы лейтэнант
Васіль Міхайлавіч Дудар. Ягоным імем названа вуліца ў вёсцы Арэпічы.

30 верасня 1783 года Тадэвуш КАСЦЮШКА першым з выхадцаў нашага краю атрымаў генеральскае званне. Яно было нададзена слыннаму змагару за незалежнасць амерыканскага народа Кангрэсам ЗША. Праз сем гадоў ужо ў сваіх радавых Сяхновічах да звання брыгаднага генерала амерыканскай арміі Касцюшка дадаў пагоны генерал-маёра каронных войск Рэчы Паспалітай.

5 кастрычніка – дзень памяці Мікіты Пятровіча КАРОТКІНА (1906–1968), першага сакратара Жабінкаўскага райкама Камуністычнай партыі Беларусі, у гонар якога названа адна з вуліц Жабінкі.

6 кастрычніка 1898 года ў Рачках нарадзіўся Іван Раманавіч ВАЛОШКА – заснавальнік падпольнай друкарні, што дзейнічала ў 20-я – 30-я гады ХХ стагоддзя ў Брэсце, выпускаючы літаратуру, што заклікала да вызвалення роднага краю з-пад улады Польшчы і аб’яднання беларускага народа ў складзе БССР.

На падставе распараджэння ўлад Гродзенскай губерні з кастрычніка 1908 года ў Жабінцы пачалі арганізоўваецца Пакроўскія кірмашы. Такім чынам, традыцыя шырока праводзіць гандаль сельскагаспадарчымі вырабамі ў дні, блізкія да свята Пакроваў Прасвятой Багародзіцы, захоўваецца вось ужо больш за век.

27-28 кастрычніка 1943 года ў баі з карнікамі і паліцаямі паблізу Зеленкаўшчызны загінулі дзявяцера байцоў польскай партызанскай групы, узначаленай паручнікам Войцехам Збілютам. Пра тую падзею
75-гадовай даўніны нагадвае помнік на вуліцы Міру ў Жабінцы.

130 гадоў таму прыйшоў на свет Андрэй Раманавіч Васілюк. Час і месца нараджэння вядомага ў краі педагога і бібліятэкара – 2 снежня 1888 года, вёска Здзітава.

2 снежня 2008 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі зацверджана сімволіка нашага краю – герб і сцяг Жабінкаўскага раёна.

Напрыканцы года, які наступае, чарговы юбілей свайго прадпрыемства будуць святкаваць шматлікія працаўнікі і ветэраны ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, які выпусціў першую сваю салодкую прадукцыю
25 снежня 1963 года.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.