Дарогі, якія ДРБУ № 103 выбірае

Дарогі, якія ДРБУ № 103 выбірае

У мінулую пятніцу працоўны калектыў філіяла КУП “Брэстабл-дарбуд” Жабінкаўскае ДРБУ
№ 103 сабраўся ў актавай зале прадпрыемства. Толькі на гэты раз яго начальнік Яўген Хамюк гаварыў не пра заданні на дзень, а цёплыя і шчырыя словы ўдзячнасці рупліўцам за працу з нагоды юбілею – 60-годдзя арганізацыі. Дарэчы, у гэты ж дзень юбілей святкаваў і ветэран працы Мікалай Залеўскі. Ён – амаль равеснік арганізацыі, у якой дагэтуль працуе.
Прыемная місія – уручыць Ганаровыя граматы Жабінкаўскага райвыканкама Аляксандру Мельнічэнку і Валянціне Грыцук, а таксама працоўнаму калектыву – выпала старшыні райвыканкама Дзмітрыю Гарадзецкаму.
– Гісторыя развіцця раёна і вашай арганізацыі непарыўна звязаны, – адзначыў Дзмітрый Мікалаевіч. У 1957 годзе каля 240 кіламетраў дарог у раёне абслугоўвалі ўсяго 15 чалавек (зараз – 67). Цяпер многае змянілася: стан пакрыцця дарог, тэхнічнае ўзбраенне, павялічыўся штат работнікаў. Дзякуючы рупліўцам вашай арганізацыі людзі прывыкаюць да камфортнага руху па вуліцах вёсак і дарогах раёна. Шчыра дзякую ўсім вам за працу і ўклад, які вы штодзённа ўносіце ў развіццё жабінкаўскага краю, жадаю кожнаму з вас дабрабыту, моцнага здароўя і шчасця.
Да слоў віншавання далучыўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк. Ён з цеплынёй расказаў, што некалі ягоная працоўная дзейнасць на працягу двух дзясяткаў гадоў была цесна звязана з калектывам філіяла, калі яшчэ маладым інструктарам райкама камсамола курыраваў ячэйку ў ДРБУ № 103, а пазней – як намеснік старшыні райвыканкама. Анатоль Вітальевіч адзначыў, што ў яго з калектывам рамонтна-будаўнічага ўпраўлення заўжды былі дзелавыя і ў той жа час сяброўскія адносіны.
– У вас вельмі дружны і згуртаваны калектыў, – падкрэсліў Анатоль Шалтанюк. – Працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты, уносяць значны ўклад у станаўленне і развіццё ДРБУ № 103, у добраўпарадкаванне дарожнай сеткі раёна, малочнатаварных ферм, мехдвароў, аграгарадкоў. Няхай гэтая важная дата – 60-гадовы юбілей – стане яшчэ адным важным крокам на шляху да развіцця арганізацыі, паляпшэння фінансавага стану.
Анатоль Вітальевіч уручыў Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў інспектару па кадрах Людміле Смалюк.
Цёпла павіншавала калектыў з нагоды юбілею і бухгалтар КУП “Брэстабл-дарбуд” Ала Алісейка. Яна ўручыла Ганаровыя граматы Аляксандру Голяху, Віктару Макасюку і Пятру Зінчуку.
Ганаровымі граматамі арганізацыі і прэміямі начальнік ДРБУ № 103 Яўген Хамюк узнагародзіў таксама лепшых рупліўцаў. Напрыканцы ўрачыстасці ўсе прысутныя з задавальненнем паглядзелі відэаролік, у якім былі паказаны працоўныя будні і святочныя імгненні дружнага калектыву.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*