Верце ў казку, верце ў цуд

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара і Крысціны СЕМЯНЮК.
Новы год, бадай, адно з самых любімых святаў у малечы. Іх чыстыя сэрцайкі вераць ва ўсемагутнасць Дзядулі Мароза і ў тое, што, калі напісаць ліст з самым патаемным жаданнем, яно абавязкова збудзецца ў навагоднюю ноч.
І хаця да чароўнага свята засталося крыху менш за тыдзень, навагоднія ранішнікі ў школах і дзіцячых садах ужо збіраюць сваіх выхаванцаў у вясёлыя карагоды вакол лясной прыгажуні.

Святочны настрой для дзетак, абдзеленых здароўем, стварылі педагогі спецыяльнай школы-інтэрната. У мінулую пятніцу, калі ў дзённіках выхаванцаў ужо красаваліся адзнакі за другую навучальную чвэрць, вучняў паклікалі ў спартыўную залу. Тут, вакол пушыстай ялінкі, для хлопчыкаў і дзяўчынак разгарнулася сапраўднае тэатральная дзея. Юныя акцёры “ўжыліся” ў ролі, ігралі яскрава і прафесійна. І як ні старалася Вядзьмарка з Тролем спыніць галоўны гадзіннік (нават чароўную флейту дзеля гэтага гатова была сапсаваць), аднак добрае сэрца Снягуркі і шчырая любоў малечы да Дзеда Мароза здолелі перамагчы злое чараўніцтва, і свята адбылося! Дзеці з радасцю спявалі і танцавалі ў карагодзе, далучыліся да іх і ганаровыя госці, як некалі ў сваім дзяцінстве.
Дарэчы, яны прыйшлі на дзіцячае свята з падарункамі. Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў уручыў школе-інтэрнату абсталяванне для камп’ютарнага класа.
Сяргей Дзмітрыевіч параіў дзецям смела асвойваць камп’ютарную тэхніку, а яшчэ – замежныя мовы, якія абавязкова спатрэбяцца ўсім без выключэння ў жыцці.
Прадстаўнік абкама прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Юлія Несцярук прывезла школьнікам саладосці. Намеснік начальніка ўпраўлення Камітэта дзяржаўнай бяспекі па Брэсцкай вобласці Дзяніс Будзюхін перадаў хлопчыкам і дзяўчынкам салодкія наборы, а таксама сістэму відэаназірання ў спартыўную залу і спальны корпус.
Сярод спонсараў спецшколы-інтэрната быў таксама дырэктар Рэспубліканскага Казённага прадпрыемства “Цэнтр утылізацыі артылерыйскіх і інжынерных боепрыпасаў” (г. Мікашэвічы) Сяргей Аляксейчык, які з цёплымі словамі перадаў навучэнцам спецыяльныя парты і крэслы ў кабінет замежнай мовы.
Павіншаваў з надыходзячымі навагоднімі святамі дзяцей ды іх бацькоў і старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Ён прызнаўся, што адчуў велізарную радасць, слухаючы песні і вершы ў выкананні дзетак, перанёсся ў сваё дзяцінства, у якім так верылася ў казку, у Дзеда Мароза… Ён параіў хлопчыкам і дзяўчынкам, нягледзячы ні на што, верыць у цуд і пажадаў, каб у навагоднюю ноч усё задуманае ажыццявілася. І, каб у век інфармацыйных тэхналогій дзеці больш займаліся фізкультурай, Дзмітрый Мікалаевіч уручыў школьнікам настольныя гульні і мячы.
Дзеці ў сваю чаргу падарылі шаноўным гасцям сувеніры, зробленыя сваімі рукамі.
Дырэктар школы Аляксандр Кавальчук выказаў шчырую прызнанасць усім спонсарам, якія на працягу многіх гадоў з’яўляюцца вернымі сябрамі дзетак з парушэннямі зроку, дапамагаюць ім сацыялізавацца, добра вучыцца і знайсці сваё месца ў жыцці, ствараюць для іх свята, дораць часцінку сваёй душы, дзеляцца цеплынёй сэрцаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.