Лесу таксама патрэбна свята!

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.

Помніцца, у дзяцінстве не адно пакаленне зачытвалася аповесцю Аркадзя Гайдара “Цімур і яго каманда”. Кніжку не проста чыталі – яна была сапраўдным “падручнікам” добрых спраў. Цімураўскі рух ахопліваў усю неабсяжную Савецкую краіну, развіваўся ў кожнай школе ад Курыл да Брэста і ў адваротным накірунку. Нярэдка і зараз чуем: “Тое добрае, што было ў СССР, трэба браць на ўзбраенне, развіваць, множыць”. Відаць, такім шляхам пайшоў настаўнік трэцяй гарадской школы Арцём Серада, калі стаў далучаць сваіх вучняў да добраўпарадкавання наваколляў. Той, каму неабыякавы родны край, ніколі не палічыць гэта дробяззю. Можна сотню разоў прамовіць: “Трэба змагацца за чысціню”, а лепей – проста прыбрацца і атрымаць задавальненне ад незасмечанай прыроды.
У мінулую суботу дзясятак школьнікаў пад кіраўніцтвам настаўніка завіталі ў здзітаўскі лес. Галоўная задача, якую рашалі юныя эколагі і краязнаўцы, – навучыцца распальваць вогнішча ў сырое надвор’е.
Аднак галоўнаму папярэднічала “другараднае”. Дзеці пачалі спаборнічаць: хто хутчэй напоўніць мяхі. На жаль, не навагоднімі пачастункамі, а… смеццем, пакінутым “клапатлівымі” гараджанамі. Па ўсім відаць, дарослыя “выдатна” адпачылі. Пра іх прысутнасць на прыродзе сведчаць мяхі, напоўненыя пад вузельчык. Юныя аматары чысціні сартавалі свае знаходкі: асобна пластык, металічныя рэчы і (з асаблівай асцярожнасцю, абавязкова ў пальчатках) шкло – найперш бутэлькі, апаражнёныя да донцаў. Мусіць, тыя, хто гэтак слаўненька правёў вольны час, спадзяваліся на Дзеда Мароза, які прыкрые іх “грахі” белым покрывам са снегу. Пакуль жа дзеці навыперадкі бегалі па лесе, знаходзячы пад кустамі ды дрэвамі “скарбы” – пакінутыя дарослымі сляды “цудоўнага” адпачынку. І гадзіны не спатрэбілася, каб кожная з каманд прадэманстравала сваю “здабычу”.
Затым настаўнік вучыў, як трэба разводзіць вогнішча ў лесе (гэта бывае карысна, асабліва сучасным “рабінзонам”, якія нярэдка лепш арыентуюцца ў моры інтэрнэту, чым на роднай зямлі). Дзеці частаваліся (што можа быць смачней за сала, засмажанае на кастры!), гулялі ў рухомыя гульні і, галоўнае, пакінулі пасля сябе парадак, якому трэба вучыцца дарослым. І хто пасля гэтага скажа, што яйка не павінна курыцу вучыць? Добраму і дабру, паважаныя бацькі, часам не грэх і ў сваіх дзяцей павучыцца. Таму ў наступны раз, як “пакліча” вас раптоўна прырода, па прыкладзе юных эколагаў, пакіньце незапэцканым яе твар.
А сёння хочацца назваць імёны тых, хто спрычыніўся да добраўпарадкавання аднаго толькі ўчастка здзітаўскага лесу. Гэта пяцікласнікі Маша Сарока, Саша Муха і Максім Дземідзюк; Антон Казак з сёмага; дружная каманда васьмікласнікаў: Улад Шпэндзік і Антон Абрамчук, Максім Яраш і Коля Кандрацюк; Артур Чарота і Міша Лук’янчык з дзясятага.
Кожны рыхтуецца да Новага года. У горадзе дзякуючы дарослым зазіхацелі навагоднія ялінкі, а пад горадам з дапамогай дзяцей стала менш брудных “падарункаў” пад соснамі ды елкамі. Што казаць, і лесу патрэбна свята!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.