З халадамі надыходзіць час ацяпляльнага сезона, таму пытанне абагравання дамоў і кватэр хвалюе іх уласнікаў. Падрыхтоўка газавага абсталявання да працы ў гэты перыяд з’яўляецца адной з найважнейшых задач па забеспячэнні гатоўнасці жылля да зімы. Каб у поўным узбраенні сустрэць суровыя маразы, не забудзьцеся зрабіць наступнае:
1. Праверце спраўнасць і працаздольнасць ацяпляльнага газавага абсталявання. У выпадку выяўлення парушэнняў неабходна звярнуцца ў Жабінкаўскі раён газазабеспячэння альбо ў сэрвісны цэнтр, з якім заключаны дагавор. Нагадваем, што па заканчэнні нарматыўнага тэрміну эксплуатацыі газавага абсталявання патрэбна замяніць яго або заключыць дамову з нашай арганізацыяй на правядзенне дыягностыкі яго тэхнічнага стану. Максімальны тэрмін эксплуатацыі такога абсталявання (з улікам дыягностыкі) не можа перавышаць 20 гадоў. Магчымасць правядзення дыягностыкі вызначаецца заводам-вытворцам. Напрыклад, для газавых праточных воданагравальнікаў НЕВА-3208 і іх аналагаў тэрмін эксплуатацыі складае 12 гадоў, пасля патрабуецца замена без правядзення дыягностыкі. Памятайце, што праводзіць работы па замене, пераўстаноўцы з ужываннем зваркі, па адключэнні і падключэнні газавага абсталявання могуць толькі работнікі спецыялізаванай арганізацыі.
2. Ліквідуйце ўсе парушэнні, якія ўплываюць на бяспечную эксплуатацыю ацяпляльнага і вадагрэйнага абсталявання. Часта сустракаюцца наступныя:
— адсутнасць актаў праверкі дымавых і вентыляцыйных каналаў;
— дымаадводзячы патрубак зроблены з матэрыялу, які не падыходзіць для адводу прадуктаў згарання, знаходзіцца ў нездавальняючым стане;
— адсутнічае доступ да вентыляцыйнага канала, таму назіраецца неэфектыўная работа выцяжной вентыляцыі;
— закладзена прачышчальная кішэня ў сістэме дымавыдалення.
Не забывайце пра выкананне патрабаванняў правілаў бяспекі пры рабоце з абсталяваннем. У кватэрах падчас яго выкарыстання неабходна забяспечыць работу вентыляцыі і прыток свежага паветра. Пры рабоце з газавымі воданагравальнікамі і ацяпляльным газавым абсталяваннем патрэбна правяраць цягу ў адпаведнасці з тэхнічнымі (эксплуатацыйнымі) дакументамі вытворцы. Пры эксплуатацыі праточных газавых воданагравальнікаў варта ўлічваць, што яны працуюць толькі пры пэўным ціску вады і толькі пасля яго ўзнаўлення можна распальваць гарэлку прыбора.
3. Праверце працаздольнасць і прачысціце вентыляцыйныя і дымавыя каналы:
— ацяпляльнага газавага абсталявання перад пачаткам сезона незалежна ад яго матэрыялу;
— праточных газавых вода-награвальнікаў у залежнасці ад матэрыялу, з якога яны выраблены:
— цагляныя – не радзей за адзін раз у квартал;
— азбестацэментныя, ганчарныя, сталёвыя, а таксама зробленыя са спецыяльных блокаў гарачаўстойлівага бетону – не радзей за адзін раз у год.
Пасля кожнага рамонту іх неабходна правяраць і прачышчаць незалежна ад тэрміну, які прайшоў з папярэдняй праверкі. У зімовы час не радзей за адзін раз у месяц, а таксама ў перыяды рэзкага паніжэння тэмпературы спажыўцы газу павінны забяспечыць агляд агалоўкаў дымавых каналаў з мэтай прадухілення іх абмярзання і закаркавання.
Нагадваем, што аплата насельніцтвам выкарыстанага газу, выкананых работ па тэхнічным абслугоўванні, рамонце газавыкарыстоўваючага абсталявання ды іншых праводзіцца не пазней за 25-е чысло месяца, наступнага за разліковым. Аднак і зараз ёсць уласнікі жылля, якія маюць запазычанасці.
Яўген БУРАЎКА, старшы майстар АДУ Жабінкаўскага РГЗ ВУ “Брэстгаз”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%