Цукровы дыябет – захворванне, якое суправаджаецца хранічным павышэннем узроўню цукру крыві. Колькасць людзей з дыябетам павялічваецца вельмі хутка, мяркуюць, што да 2025 года іх лік дасягне 299 мільёнаў чалавек і складзе 7,4 % дарослага насельніцтва.
Сучаснасць паказвае, што атлусценне з’яўляецца асноўнай прычынай развіцця цукровага дыябету. Так атлусценне 1 ступені павялічвае рызыку развіцця дыябету ў два разы, 2-й – у пяць разоў, а 3-й – у дзесяць. Даказана, што зніжэнне вагі на пяць кілаграмаў памяншае смяротнасць, звязаную з цукровым дыябетам на 40 %. Развіццю захворвання спрыяе таксама генетычная схільнасць, нездаровае харчаванне, маларухомы лад жыцця, хранічныя стрэсавыя сітуацыі, курэнне, празмернае ўжыванне алкаголю.
Сімптомамі захворвання з’яўляюцца: смага, пастаяннае пачуццё голаду, страта вагі, пагаршэнне зроку, празмернае мочавыдзяленне, стомленасць. У дзяцей і ў маладым узросце (пры дыябеце 1 тыпу) гэтыя сімптомы ярка выяўлены, тады як пасля 40 гадоў (пры дыябеце 2 тыпу) працяглы час захворванне можа працякаць употай і выяўляецца, калі ўжо ёсць сур’ёзныя ўскладненні.
Дыягназ цукровага дыябету выстаўляецца, калі: узровень глюкозы ў крыві раніцай нашча больш за 6,1 ммоль/л (у плазме больш за 7,0 ммоль/л), а на працягу сутак больш за 11,1 ммоль/л, паказчыкі глікіраванага гемаглабіну больш за 6,5 %.
Паколькі цукровы дыябет
2 тыпу не мае яркіх клінічных сімптомаў, неабходна не менш за адзін раз у год правяраць узровень глюкозы крыві вызначаным групам людзей, а менавіта: асобам старэйшым за 45 гадоў ці з абцяжараным сямейным анамнезам па цукровым дыябеце; людзям з залішняй вагой і атлусценнем (індэкс масы цела больш за 25 кг/кв. м); жанчынам з парушэннем менструальнай функцыі; у анамнезе ў якіх быў гестацыйны цукровы дыябет; нараджэнне дзіцяці вагой больш за 4,5 кілаграма.
Простыя меры па падтрыманні здаровага ладу жыцця аказваюцца эфектыўнымі для прафілактыкі дыябету 2 тыпу. А менавіта неабходна падтрымліваць нармальную вагу, быць фізічна актыўным (не менш за 30 хвілін фізічнай нагрузкі ў дзень), прытрымлівацца здаровага харчавання (гародніна і садавіна не менш за 3-5 разоў у дзень, зменшыць спажыванне цукру і тлушчаў), адмовіцца ад курэння.
Лячэнне дыябету 2 тыпу – няпростая задача: прытрымлівацца простых рэкамендацый – менш есці і больш рухацца – вельмі складана ў рэальным жыцці. Важна зразумець, што без гэтага медыкаментознае лячэнне малаэфектыўнае. Ад 40 да 80 % асобаў, якія пакутуюць на цукровы дыябет, не ўсведамляюць усёй сур’ёзнасці свайго захворвання і часта не лечацца належным чынам, што вядзе да развіцця цяжкіх незваротных ускладненняў (слепаты, нырачнай недастатковасці, ампутацый). Па прагнозах Сусветнай арганізацыі аховы здароўя да 2030 года дыябет стане сёмай па значнасці прычынай смерці.
Веды пра фактары рызыкі развіцця цукровага дыябету, меры прафілактыкі і своечасовы зварот да ўрача дапамогуць засцерагчыся ад гэтага грознага захворвання і прадухіліць магчымыя ўскладненні.
Марына МАРКОВІЧ, урач-эндакрынолаг паліклінікі Жабінкаўскай ЦРБ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%