Крысціна СЕМЯНЮК. Фота аўтара.
Цялятнік фермы “Агароднікі”, што на тэрыторыі ААТ “Вазнясенскі”, сустракае чысцінёй і парадкам. Уздоўж сцен размешчаны акуратныя рады пластыкавых боксаў для цялят. Як толькі дзверы адчыняюцца, з акенцаў “домікаў” тут жа выглядваюць цікаўныя чорна-белыя мордачкі і раздаецца бязладнае “му-у”. Так цяляткі сустракаюць сваю карміліцу Наталію Мандру.
Наталія Анатольеўна нарадзілася і вырасла на Украіне. У Беларусь прыехала ў пошуках працы каля 10 гадоў таму. Спачатку ўладкавалася даяркай на ферму ў Мацясы. Потым перайшла ў Агароднікі. Працавала там яшчэ два гады даяркай, пакуль не атрымала прапанову стаць цялятніцай.
– Зразумела, спачатку я хвалявалася. Цяляты – гэта вялікая адказнасць! Але вырашыла паспрабаваць. І зараз ужо нават не ўяўляю сябе на іншым месцы, – расказвае жанчына.
Наша гутарка праходзіць у цялятніку, пад пільнымі поглядамі цікаўных вачэй. Раз-пораз Наталія Анатольеўна пяшчотна гладзіць чарговае цяля па галаве. І тут жа мяккі ружовы язык аблізвае кожны яе палец. Набліжаецца час абеду.
У цялятніку сёння 80 малышоў ва ўзросце ад аднаго дня да двух месяцаў. Тройчы ў дзень яны п’юць малако. Кармленне – асноўны абавязак цялятніцы. Яна таксама сочыць, каб у цялят заўсёды былі вада і камбікорм.
Праца сапра-ўды складаная і адказная, бо жывёлам патрэбна штодзённае паўнацэннае харчаванне. Ды і снедаць цяляткі любяць рана – у 6 гадзін раніцы. Наталія Анатольеўна да гэтага часу ўжо павінна ўсё падрыхтаваць. Апроч таго, жанчына сочыць за станам кожнага цяляці. Яна адразу заўважае змены ў паводзінах малых. Дарэчы, чысціня ў цялятніку і кожным боксе – таксама заслуга працавітай Наталіі Мандры.
– Да цяжкасцяў прафесіі і складанага графіка я даўно ўжо прывыкла. Да таго ж пры неабходнасці мне заўсёды даюць выхадны. А працу сваю я люблю. Бывае, прыходжу з дому ў дрэнным настроі, а цяляткі мяне сустракаюць радасна, рукі мне аблізваюць. Адразу ўсміхнуцца хочацца. У мяне тут нібы дзіцячы садзік, а я – любімая выхавальніца, – з усмешкай кажа жанчына. – Ды і калектыў у гаспадарцы выдатны, дружны.
У 13.00 падвозяць малако, і Наталія Анатольеўна пачынае расстаўляць па боксах спецыяльныя вёдры з соскамі. Цяляты нецярпліва аблізваюцца. Пасля трапезы малышы заснуць, а жанчына атрымае магчымасць адпачыць і заняцца сваімі справамі да вечара, пакуль патрабавальнае “му-у” зноў не пакліча яе на любімую працу.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%