Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Працоўны стаж Сяргея Гадлеўскага звязаны з адным сельгаспрадпрыемствам, якому ён аддаў больш за тры дзясяткі гадоў жыцця.
Родам Сяргей Гадлеўскі з Малых Сяхновічаў. Тут скончыў васьмігодку і далейшую вучобу прадоўжыў у Маларыцкім ПТВ № 155 сельскагаспадарчай вытворчасці. Пасля яго заканчэння атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста шырокага профілю і слесара па рамонце аўтамабіляў, трактароў і сельскагаспадарчых машын трэцяга разраду.
У 1986 годзе малады спецыяліст Сяргей Гадлеўскі прыйшоў на працу ў калгас “Усход”. Пачынаў слесарам у майстэрнях па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі, потым сеў у кабіну гусенічнага трактара ДТ-75, на якім займаўся ворывам, культывацыяй, пасадкай і ўборкай культур. Дапамагалі асвойваць тэхніку старэйшыя калегі Віктар Сарокін і Генадзь Філіпук. Неўзабаве юнака прызвалі ў армію. Два гады адслужыў у ваенна-будаўнічай часці ў Барнауле.
Пасля службы вярнуўся на працу ў родную гаспадарку. Некаторы час рупіўся на сваім ДТ-75, потым перасеў на калёсны трактар Т-25, на ім вывозіў гной з цялятнікаў. Быў перыяд, калі працаваў на жывёлагадоўчай ферме ў Малых Сяхновічах – падвозіў на кані кармы і раздаваў жывёле.
Але цяга да тэхнікі ўзяла верх: Сяргей Афанасьевіч садзіцца за руль трактара МТЗ-80. З 2008-га працуе на МТЗ-82. Праз пяць гадоў атрымлівае новы трактар гэтай мадэлі, на якім рупіцца і зараз. Сяргей Гадлеўскі абслугоўвае фермы ў Шпіталях, Лойках, Малых Сяхновічах, куды завозіць кармы і механізавана раздае іх жывёле.
У яго працоўнай біяграфіі ёсць моманты, калі падчас жніва быў памочнікам камбайнера, а восенню садзіўся за руль бульбаўборачнай машыны. Але больш за 30 гадоў мой герой у кабіне трактара, і на працягу гэтага часу ён застаецца верным роднаму прадпрыемству: спачатку калгасу “Усход”, потым сельгаскааператыву і таварыству “Шпіталі”, а пасля аб’яднання гаспадарак – ААТ “Арэпічы”. За добрасумленную шматгадовую працу Сяргей Гадлеўскі ўзнагароджаны сёлета да прафесійнага свята Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі.
Побач з Сяргеем Афанасьевічам рупіцца жывёлаводам жонка Святлана, якая ва ўсім першая памочніца і сябар. У далёкім 1996-м яны стварылі сям’ю. Спачатку жылі ў Малых Сяхновічах, а апошнія 12 гадоў – у Сцяпанках, дзе атрымалі ад гаспадаркі домік. У Гадлеўскіх нарадзілася трое дзетак. Старэйшыя дачушкі вывучыліся, працуюць. Вікторыя па прафесіі швачка, Валянціна – афіцыянтка. Малодшы сын Саша пайшоў па бацькавай дарозе: сёлета стаў навучэнцам Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, асвойвае спецыяльнасць трактарыста-машыніста. Пройдзе час, і, магчыма, хлопец вернецца на малую радзіму, каб працаваць у адным калектыве з бацькамі і прадоўжыць дынастыю Гадлеўскіх.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%