Шлях ад бетоншчыка да прараба

У калектыве Жабінкаўскай ПМК-10 нямала кемлівых адукаваных маладых людзей, якія выдатна спраўляюцца са сваімі абавязкамі, любяць даручаную ім справу, апраўдваюць давер калектыву.

Дзмітрый Заяц – адзін з такіх. Перш чым уліцца ў згуртаваны калектыў будаўнікоў, ён пасля заканчэння школы атрымаў спецыяльнасць электрыка. Папрацаваць па набытай прафесіі не паспеў, бо атрымаў позву ў армію. Калі выканаў свой грамадзянскі абавязак, уладкаваўся вадзіцелем у камбінат бытавога абслугоўвання і адначасова падаў дакументы ў Пружанскі каледж, каб завочна атрымаць спецыяльнасць механіка. Не ведаў тады Дзмітрый, што атрыманая “корачка” акажацца лёсавырашальнай у яго біяграфіі пры прыёме на работу ў ПМК-10.
Тут, у будаўнічай арганізацыі, Дзмітрый паспрабаваў сябе на многіх пасадах: быў вадзіцелем, газаэлектразваршчыкам, бетоншчыкам, майстрам падсобнай гаспадаркі, механікам, а цяпер – прараб дапаможнай гаспадаркі. У сувязі з гэтым Дзмітрыю даводзіцца выконваць цэлы шэраг ускла-дзеных на яго абавязкаў, умела арганізоўваць работу людзей. Ён сочыць за спраўнасцю тэхнікі (а гэта 59 адзінак), арганізоўвае працоўную дзейнасць токараў, слесараў, электрыкаў, зваршчыкаў і іншых – каля 60 чалавек. Важна своечасова набываць запчасткі і расходныя матэрыялы, каб машыны і людзі не прастойвалі без работы.
Дзмітрый Сяргеевіч яшчэ малады, мае толькі дзесяць гадоў працоўнага стажу ў ПМК-10. За гэты час прайшоў шлях ад бетоншчыка да прараба дапаможнай вытворчасці, таму ўсе тонкасці будаўнічай “кухні” ведае не па чутках. Магчыма, менавіта гэтая акалічнасць дазволіла маладому і кемліваму спецыялісту ўнесці нямала слушных прапаноў па паляпшэнні работы арганізацыі. Так, напрыклад, пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Зайца была праведзена рэканструкцыя бетонных вузлоў, мадэрнізаваны перасоўны растворны вузел. Выраб удасканаленых бытавых будаўнічых вагончыкаў – таксама справа рук Дзмітрыя і яго падначаленых. Ганарыцца малады чалавек, што ў ПМК-10 наладзілі вытворчасць каваных вырабаў – мангалаў, лавачак і г. д.
…Дзмітрый паступіў завочна ў Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, каб атрымаць спецыяльнасць інжынера-механіка. Тэорыю ён атрымае, а вось практыкі ў ПМК-10 яму яўна хапае.
Пасля працоўнага дня Дзмітрыя дома чакаюць любячая жонка і трое дзетак. У вялікім, утульным доме любові, радасці і прыемных навін хапае на ўсіх. Да іх сёлета дадалася яшчэ адна: імя Дзмітрыя Зайца занесена ў Галерэю працоўнай славы Жабінкаўскага раёна па выніках работы за 2016 год.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.