Любоў, Філасофія і Кампетэнтнасць Леаніда Кузіча

Алёна НІКАНЧУК.

Фота аўтара.

Адпачываючыя санаторыя “Надзея” з задавальненнем наведваюць заняткі лячэбнай фізкультуры, якія праводзіць інструктар ЛФК Леанід Кузіч. У гэтым я ўпэўнілася, калі сама папрысутнічала на іх і пагутарыла з гасцямі здраўніцы.
Наталля Курылёва прыехала ў “Надзею” з горада Сасновы Бор Ленінградскай вобласці:
– Заняткі ЛФК падымаюць настрой, даюць бадзёрасць і пазітыў. Нягледзячы на прыемную стомленасць пасля іх, ні разу не ўзнікла жадання больш не прыходзіць. Практыкаванні вельмі патрэбныя. Заўважыла, што пасля іх адступіў боль у спіне і каленях, пачала зніжацца вага. Яны дапамагаюць прывесці цела ў форму, таму даюць добрую матывацыю для далейшых заняткаў.
Сёстры Вольга Аўсейка і Юлія Паўлоўская з Гродна:
– Імпануе, што Леанід Пятровіч заўсёды сустракае сваіх падапечных з усмешкай, а на занятках пануе добразычлівая атмасфера. Мы адчуваем, што нас разумеюць і падтрымліваюць, таму тут усім камфортна. Падабаецца, што практыкаванні, якія выконваем пад музыку, накіраваны на работу ўсіх груп мышцаў. Яны лёгка запамінаюцца, абавязкова будзем займацца дома.
Наталля Хадзінская, Мінск:
– З часам суставы губляюць гнуткасць, а рэгулярнымі заняткамі гэта магчыма аднавіць. Леанід Пятровіч – яркі прыклад маладосці і бадзёрасці. Імпануе, што практыкаванні ён выконвае разам з намі, дэманструе, як гэта рабіць і не стамляецца, як мы! А яшчэ тлумачыць, для чаго яны патрэбныя, якія мышцы пры гэтым атрымліваюць нагрузку, умацоўваюцца, звяртае ўвагу на дыханне. Падабаюцца практыкаванні, што накіраваны на расцяжку пазваночніка і якія выконваем на спіне. Па ўсім відаць: гэта прадуманы комплекс, ён спрыяе паляпшэнню стану і самаадчування, дапамагае з верай і надзеяй глядзець у будучыню!
На працягу дня Леанід Кузіч працуе з рознымі групамі. Адразу пасля сняданку да яго прыходзяць дзеці. Узрост розны: ад 4 да 14 гадоў. З імі выконвае практыкаванні для пазваночніка, які, як вядома, аснова здароўя арганізма, для спіны і іншыя. Праводзіць рухомыя гульні ў зале і на стадыёне, ладзіць спартландыі. Малыя любяць “Лісічку” і “Гарачую бульбу”, “Лапту” і “Два капітаны”.
Далей у 10.30 і 11.20 Леанід Пятровіч праводзіць заняткі з групамі адпачываючых, у якіх ёсць праблемы з апорна-рухальным апаратам і суставамі. Змяняе іх аздараўленчая група. Яна фарміруецца з тых, у каго няма супрацьпаказанняў для заняткаў фізічнай культурай. Ім прапануюцца практыкаванні без абмежаванняў, падчас якіх аказваецца больш інтэнсіўная нагрузка на мышцы жывата і спіны.
Пасля абеду Леанід Кузіч займаецца з групай, якая фарміруецца з адпачываючых з захворваннямі сардэчна-сасудзістай сістэмы (перанеслі інсульт або інфаркт). Практыкаванні яны выконваюць павольна, не спяшаючыся, седзячы на стуле. Пульс падлічваецца ў пачатку, сярэдзіне і ў канцы заняткаў.
У 15.30 інструктар накіроўваецца ў басейн, што знаходзіцца ў саўне, дзе праводзіць аздараўленчую аквааэробіку.
Пасля яе надыходзіць час спартыўных мерапрыемстваў. Леанід Пятровіч арганізоўвае гульні па валейболе, настольным тэнісе, шашках, шахматах, навучае скандынаўскай хадзьбе. У адпачываючых ёсць магчымасць пазаймацца і ў трэнажорнай зале.
Больш за 20 гадоў Леанід Кузіч працуе інструктарам ЛФК. І ўвесь гэты час займаецца таксама гіравым спортам. Мае ўзнагароды рознага ўзроўню, тройчы станавіўся чэмпіёнам рэспублікі. У скарбонцы асабістых дасягненняў ёсць і рэкорд: 24-кілаграмовую гіру падняў у рыўку па суме дзвюх рук 150 разоў.
Ён пастаянна ўдасканальваецца прафесійна: наведвае курсы павышэння кваліфікацыі, вывучае спецыяльную літаратуру па лячэбнай фізкультуры, глядзіць відэаўрокі ў інтэрнэце і складае свае комплексы практыкаванняў, якія дапамагаюць людзям аднавіць і ўмацаваць здароўе. За іх інструктару вельмі ўдзячныя адпачываючыя санаторыя “Надзея”, якія на развітанне абяцаюць, што абавязкова прыедуць сюды яшчэ.

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*