Некаторыя нюансы выканаўчай вытворчасці

Інтэрв’ю браў Анатоль БЕНЗЯРУК.
Закон Рэспублікі Беларусь “Аб выканаўчай вытворчасці” мае нормы, якія тычацца не толькі юрыдычных, але й фізічных асоб. Дзеля іх тлумачэння раённы аддзел прымусовага выканання правёў семінар-нараду з прадстаўнікамі зацікаўленых ведамстваў, наймальнікаў і суда, прадпрымальнікамі Жабінкаўшчыны. Пра новае ў заканадаўстве ў згаданай сферы наша размова з начальнікам АПВ Ірынай ТЭАДАРОВІЧ.
– Ірына Генадзьеўна, адразу хочацца спытацца: хто непасрэдна мае права спаганяць даўгі?
– У выканаўчай вытворчасці абавязкова прысутнічаюць два бакі: спагнальнік (па-руску – взыскатель) і даўжнік. Калі грашовыя сродкі ідуць на карысць фізічнай ці юрыдычнай асобы, пытанняў у вызначэнні спагнальнікаў, як правіла, не ўзнікае. Што тычыцца выканаўчай вытворчасці на карысць дзяржавы, дык правам вяртаць даўгі заканадаўства надзяляе падатковыя або мытныя органы (пры ўтрыманні дзяржпошлін, мытных плацяжоў, падаткаў); органы, што вядуць адміністрацыйны працэс, якія вынеслі пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання, за выключэннем суда (напрыклад, міліцыі, аддзела надзвычайных сітуацый, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ды інш.); фінансавы аддзел райвыканкама, які ўтрымлівае ў даход дзяржавы штрафы суда і судовыя выдаткі. Гэта робіцца на падставе выканаўчага дакумента.
– Часам нават прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый цьмяна ўяўляюць, якія дакументы адносяцца да выканаўчых. Пералічыце іх, калі ласка.
– Найперш гэта выканаўчыя лісты і судовыя загады; вызначэнні суда аб судовым загадзе, забеспячэнні іску або выканання рашэння, што не патрабуе неадкладнага выканання; пастановы суда, органа, які вядзе адміністрацыйны працэс у частцы маёмасных спагнанняў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях; пастановы судовага выканаўцы; выканаўчыя надпісы натарыусаў; пастановы пракурораў аб высяленні ў адміністрацыйным парадку; пасведчанні камісій па працоўных спрэчках. Акрамя таго, могуць быць прызнаны выканаўчымі дакументамі і іншыя акты, калі ў сілу заканадаўчых актаў яны з’яўляюцца такімі і падлягаюць выкананню ў парадку, вызначаным законам.
Падкрэслю адразу: выканаўчы дакумент, па якім спагнанне праведзена цалкам, у трохдзённы тэрмін патрэбна вярнуць не ў аддзел прымусовага выканання, а выключна ў орган, які выдаў гэты выканаўчы дакумент.
Пры звальненні даўжніка з працы або калі зніклі падставы для выплаты яму іншых даходаў, наймальнік абавязаны таксама ў трохдзённы тэрмін вярнуць выканаўчы дакумент спагнальніку, пастанову судовага выканаўцы – у орган прымусовага выканання і паведаміць пра звальненне даўжніка, а таксама звесткі аб новым месцы яго працы.
У выпадку калі выканаўчы дакумент адкліканы, яго вяртанне ажыццяўляецца ў абавязковым парадку суправаджальным лістом на імя асобы, якая запрасіла выканаўчы дакумент з тлумачэннем прычыны вяртання.
– Ірына Генадзьеўна, якія паўнамоцтвы ўскладзены на судовага выканаўцу? Што неабходна, каб ён узбудзіў выканаўчую вытворчасць?
– Судовы выканаўца ажыццяўляе сістэматычны кантроль за тым, каб своечасова ды правільна з зарплаты і прыраўнаваных да яе прыбыткаў даўжніка спаганяліся запазычанасці на карысць спагнальніка.
Калі адбываецца праверка бухгалтэрыі пэўнай арганізацыі, наймальнік абавязаны прадаставіць судоваму выканаўцу ўсе неабходныя звесткі і матэрыялы для правя-дзення праверкі, ці правільна ды своечасова праводзяцца спагнанні з даўжніка.
Наймальнік ва ўстаноўлены судовым выканаўцам тэрмін, але не больш за дзесяць дзён, абавязаны прыняць адпаведныя меры для ўхілення парушэнняў і недахопаў. Калі гэта не зроблена, судовы выканаўца прымае меры па прыцягненні вінаватых службовых асоб наймальніка да адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з часткай 3 артыкула 24.9 КоАП Рэспублікі Беларусь.
Спагнальнік можа непасрэдна звяртацца з заявай аб узбуджэнні выканаўчай вытворчасці альбо дзейнічаць праз свайго прадстаўніка, які абавязаны мець даверанасць, што пацвярджае ягоныя паўнамоцтвы.
Паводле артыкула 42 названага Закона мы ўзбуджаем выканаўчую вытворчасць, калі ў аддзел паступае адпаведная заява і выканаўчы дакумент з суда ў частцы маёмасных спагнанняў па крымінальных і адміністрацыйных справах. Да таго як прад’яўляецца выканаўчы дакумент, спагнальнік мае законнае права накіраваць яго непасрэдна напрамую па месцы працы даўжніка. Гэта значна паскарае працэс вяртання запазычанасці.
Артыкул 9 Закона замацоўвае, што звесткі пра наяўнасць выканаўчых вытворчасцяў, узбуджаных да даўжніка, аб абмежаваннях у адносінах да яго і (ці) ягонай маёмасці прадастаўляюцца грамадзяніну (у тым ліку індывідуальнаму прадпрымальніку, юрыдычнай асобе) пасля ўплаты дзяржпошліны. Гэта новае ў Законе, чаго не было раней, што здымае лішнюю нагрузку з судовых выканаўцаў і прыкметна знізіла колькасць запытаў, найперш з боку юрыдычных асоб.
– З якіх даходаў даўжніка, паводле выканаўчай вытворчасці, можа быць спагнана запазычанасць?
– Найперш – з заработнай платы, а таксама з іншых даходаў, прыраўнаваных да яе. Да такіх даходаў адносяцца прыбыткі за працу ў вытворчым кааператыве, сялянскай (фермерскай) гаспадарцы ды іншых арганізацыях; аўтарскія ганарары; стыпендыі навучэнцаў; пенсіі; сумы ўрону, прычыненага грамадзяніну калецтвам, а таксама ў выніку смерці кармільца; дапамогі па беспрацоўі, часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах, доглядзе за дзіцём да трох гадоў; аплата працы, узнагароджванне адвакатаў; даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасці, якая здзяйсняецца без утварэння юрыдычнай асобы; ад рамесніцтва; ад прыбыткаў за паслугі ў аграэкатурызме; даходы ад дзейнасці натарыусаў; дапамога па доглядзе за інвалідам I групы або за асобай, што дасягнула 80-годдзя; іншыя даходы, устаноўленыя заканадаўчымі актамі.
Аднак важна падкрэсліць: спагнанні з дапамогі па часовай непрацаздольнасці, цяжарнасці і родах, доглядзе за дзіцём да трох гадоў праводзяцца выключна паводле судовай пастановы.
Калі пасля ўзбуджэння выканаўчай вытворчасці выявіцца, што даўжнік атрымлівае зарплату і прыраўнаваныя да яе даходы, наш аддзел накіроўвае выканаўчы дакумент па месцы іх атрымання з прадпісаннем праводзіць спагнанні. Наймальнік з дня атрымання выканаўчага дакумента абавязаны спаганяць грашовыя сродкі адпаведна прадпісанню і ў трох-дзённы тэрмін з дня выплаты пералічваць сродкі спагнальніку альбо на рахунак органа прымусовага выканання.
Памер спагнання налічваецца з сумы, што застаецца пасля ўтрымання падаткаў і абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэта таксама новы парадак, які не быў раней прапісаны на заканадаўчым узроўні.
– Ірына Генадзьеўна, усё ж кожны выпадак – асаблівы. Як, напрыклад, праводзіцца ўтрыманне запазычанасці, калі даўжнік – пенсіянер?
– Калі грамадзянін атрымлівае пенсію, з яе можа спаганяцца не больш за 50 % на выплату аліментаў; на пакрыццё выдаткаў, затрачаных на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні; ці на пакрыццё шкоды, прычыненай злачынствам, у тым ліку непасрэдна жыццю і здароўю грамадзяніна; пры спагнанні запазычанасці па аплаце за карыстанне жылым памяшканнем і жыллёва-камунальныя паслугі.
Па ўсіх астатніх відах запазычанасці можа быць утрымана не больш за пятую частку пенсіі.
Пры звяртанні спагнання на пенсію па некалькіх выканаўчых дакументах за пенсіянерам у любым выпадку павінна захоўвацца не менш за 50 % ягонай пенсіі.
– З якіх сродкаў нельга ўтрымліваць запазычанасць?
– Яна не можа спаганяцца з грошай, што належаць даўжніку – грамадзяніну і індывідуальнаму прадпрымальніку – у якасці выхадной дапамогі і кампенсацыі за нявыкарыстаны водпуск, якія выплачваюцца пры звальненні працаўніка. Па справах аб спагнанні аліментаў, выдаткаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні, дапускаецца зварот спагнання на кампенсацыю за нявыкарыстаны адпачынак, калі асоба, якая выплачвае аліменты, пры звальненні атрымлівае кампенсацыю за некалькі нявыкарыстаных водпускаў у выпадку аб’яднання іх за некалькі гадоў, а таксама на выхадную дапамогу, калі памер яе большы за яго сярэднямесячны заробак.
Акрамя таго, запазычанасць не ўтрымліваецца з кампенсацыйных выплат у сувязі са службовай камандзіроўкай, з пераводам, прыёмам ці накіраваннем на працу ў іншую мясцовасць, амартызацыяй інструменту, які належыць работніку, і іншых кампенсацый, прадугледжаных заканадаўствам аб працы. Дадамо, што нельга таксама спагнаць даўгі з аднаразовых прэмій, выдаваемых не з фонду заработнай платы; дзяржаўнай дапамогі сем’ям, выхоўваючым дзяцей, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных артыкулам 104 Закона і іншымі заканадаўчымі актамі; дапамогі на пахаванне; выплат грама-дзянам, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС; надбаўкі на сыход на пенсію, устаноўленай заканадаўствам.
– Дзякую за змястоўны расповед.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*