Жыццё прысвяціў службе аховы


Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.

29 кастрычніка споўнілася 65 гадоў з дня ўтварэння ў нашай краіне службы аховы. Больш за дваццаць гадоў працоўнага стажу Васіля Рамашкі звязаны з гэтай структурай. Ён – супрацоўнік Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.

Малая радзіма Васіля Рамашкі – вёска Радчыцк Столінскага раёна. Тут скончыў адзінаццацігодку. Любімымі прадметамі ў школе былі фізіка, працоўнае навучанне, фізічная культура. Васіль уваходзіў у склад школьнай каманды юных інспектараў дарожнага руху. Дасюль памятае, як удала выступіў на раённых спаборніцтвах: паказаў выдатныя веды па ўстройстве аўтамабіля і быў узнагароджаны радыёпрыёмнікам.
Пасля атрымання атэстата Васіль паступіў у Брэсцкае ПТВ № 229 бытавога абслугоўвання. Праз год і дзевяць месяцаў меў спецыяльнасць “радыёмеханік па рамонце і абслугоўванні бытавой і радыёэлектроннай апаратуры”.
Першае знаёмства з Жабінкай адбылося ў юнака падчас вытворчай практыкі, якую праходзіў у майстэрні па рамонце бытавой тэхнікі. Яе працоўны калектыў, а таксама горад пакінулі ў хлопца добрыя ўражанні.
Амаль адразу пасля заканчэння вучылішча Васіль быў прызваны ў армію, трапіў у войскі сувязі. Вучэбку праходзіў у Бабруйску, потым служыў у Мінскім раёне.
Калі ваенную форму змяніў на цывільнае адзенне, вырашыў жыць і працаваць у Жабінцы, якая прыйшлася да душы. У 1995 годзе Васіль Рамашка ўладкоўваецца ў Жабінкаўскі аддзел Дэпартамента аховы вартаўніком. Як успамінаў сам герой майго допісу, цёпла і па-бацькоўску прыняў яго тагачасны начальнік аддзела Мікалай Шубскі, які ў многім падказваў і дапамагаў. Удзячны Васіль Васільевіч за падтрымку і свайму калектыву.
Праз дзевяць месяцаў Васіль Рамашка займае пасаду міліцыянера ўзвода аховы і на працягу многіх гадоў нясе службу на пунктах аховы правапарадку ў арганізацыях і на прадпрыемствах горада. Да сваіх службовых абавязкаў ставіўся адказна і добрасумленна, аб чым сведчаць шматлікія ўзнагароды. У скарбонцы Васіля Васільевіча падзяка і грамата Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь, нагрудныя знакі “Класны спецыяліст МУС” 2 клас і “За адзнаку”, медаль “За бездакорную службу” ІІІ ступені.
У размове ён з удзячнасцю ўспамінаў былых начальнікаў аддзела Сяргея Шалягейку і Ігара Камінскага, а таксама цяперашняга – Сяргея Ханіна. Добрыя словы гаварыў і ў адрас сваіх калег, з кім у пары давялося несці службу: Андрэя Місіюка, Аляксандра Зверава, Валерыя Меха, Вячаслава Падлескага. Суразмоўца неаднаразова падкрэсліваў, што калектыў Жабінкаўскага аддзела Дэпартамента аховы згуртаваны і дружны, у ім пануюць узаемаразуменне і падтрымка.
З верасня бягучага года Васіль Рамашка працуе кантралёрам на кантрольна-прапускным пункце вартавой аховы. У вольны ад работы час любіць пазавіхацца на дачным участку. Першыя ягоныя памочнікі – жонка Таццяна, сын Уладзімір і дачушка Варвара. Разам яны не толькі працуюць, але й адпачываюць. Жабінкаўская зямля стала для майго героя другой радзімай. Тут сустрэў каханне, стварыў сям’ю, знайшоў новых сяброў і рэалізаваўся ў прафесіі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.