“Кірмашовыя замалёўкі” прыйшліся даспадобы
На мінулым тыдні ў Брэсцкім абласным Палацы культуры прафсаюзаў адбыўся абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Нашы таленты табе, Беларусь!” сярод прафсаюзных і ведамасных клубных устаноў. Яго арганізавалі галоўнае ўпраўленне культуры і грамадскай работы апарата Савета ФПБ, Брэсцкае абласное аб’яднанне прафсаюзаў і рэспубліканскі Палац культуры прафсаюзаў. У абласным этапе творчых спаборніцтваў удзельнічалі дзевяць устаноў культуры, сярод якіх і клуб ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”.
Наша клубная ўстанова прадставіла яркую тэматычную канцэртную праграму “Кірмашовыя замалёўкі”. У ёй прынялі ўдзел танцавальны калектыў “Прысмакі” пад кіраўніцтвам Тамары Дзікой, калектыў народнай песні “Раздолле” (кіраўнік Аляксандр Чарнушыч) і салістка Галіна Міцковіч. Па выніках абласнога этапу конкурсу клуб цукровага завода заняў трэцяе месца і атрымаў сертыфікат на 750 рублёў.
“Не прапальвай сваё жыццё!”
Пад такой назвай з сярэдзіны лістапада ў нашым раёне стартавала рэспубліканская акцыя. Шэраг мерапрыемстваў, запланаваных супрацоўнікамі Жабінкаўскага РАНС, накіраваны на папярэджанне пажараў і гібелі людзей ад іх з прычыны неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Па статыстыцы кожныя шэсць секунд у свеце памірае адзін “сапраўдны” курыльшчык. Кожны год – 600 тысяч пасіўных, якія ніколі не дакраналіся да тытуню, а проста дыхалі цыгарэтным дымам. Акцыя працягнецца да пачатку снежня.
Музей сустракаў
берасцейскіх гасцей
На восеньскіх канікулах Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей наведалі старшакласнікі брэсцкай школы № 30. Іх гасцінна сустрэла дырэктар установы Жанна Падрубная, а супрацоўнік музея Мікалай Юроўскіх правёў для наведвальнікаў цікавую экскурсію. Юнакі і дзяўчаты нават паспрабавалі патаўчы зерне ў ступе, убачылі, як трэба завязваць намітку – старадаўні жаночы галаўны ўбор усходніх славян. Бліжэй пазнаёміўся з гісторыяй жабінкаўскага краю і велаклуб трох узростаў “РаДэя”, які завітаў у Малыя Сяхновічы падчас свайго лістападаўскага падарожжа. Госці таксама змаглі ўбачыць цікавую выставу манет Францыі, Швейцарыі, Манака ХХ-ХІ стагоддзяў, медалёў Вялікай Айчыннай вайны, банкнот Расійскай імперыі.
Двайны юбілей Агароднікаў
Сёлета вёска Агароднікі святкуе двайны юбілей. Час яе ўтварэння – 1557 год, калі ў Вялікім Княстве Літоўскім адбылася значная аграрная рэформа, вядомая як “Валочная памера”. Паводле яе з Вежак былі выселены 10 сямей сялян-агароднікаў, якія стварылі новае паселішча. У ХVIII і ХІХ стагоддзях сяло Агароднікі, дзе мелася Свята-Узнясенская царква, было цэнтрам воласці. З гісторыяй храма звязана другая адметная дата. Знішчаны ў час вайны, ён адрадзіўся толькі напрыканцы мінулага веку. Прыгожую цагляную царкву роўна два дзясяткі гадоў таму асабіста асвяціў у прысутнасці святароў і шматлікіх вернікаў тагачасны Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Філарэт. Гэтая памятная падзея адбылася 7 лістапада 1997 года.
Выяўлены парушэнні
У кастрычніку па выніках кантрольных мерапрыемстваў, якія праводзіліся спецыялістамі кантрольнага пункта – паста вагагабарытнага кантролю “Федзькавічы” філіяла Транспартнай інспекцыі па Брэсцкай вобласці, было аформлена 245 адміністрацыйных спраў за парушэнні ў галіне заканадаўства. Сума штрафаў склала больш за 38 тысяч рублёў. Большая частка – гэта парушэнні ўстаноўленага рэжыму працы і адпачынку кіроўцаў, якія ажыццяўляюць міжнародныя аўтамабільныя перавозкі грузаў. Таксама былі выяўлены 23 выпадкі руху цяжкавагавых і буйнагабарытных транспартных сродкаў з парушэннем дзеючага заканадаўства. З іх уладальнікаў спагнана больш за 6 тысяч рублёў за шкоду, нанесеную дарогам агульнага карыстання Беларусі, а вадзіцелі гэтых транспартных сродкаў былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Колам машыны – зімовыя шыны
З 1 снежня па 1 сакавіка для ўдзелу ў дарожным руху аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай масай да 3,5 тоны ўключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тоны, а таксама да 5 тон павінны быць “абуты” ў зімовыя шыны. Яны ўстанаўліваюцца на ўсіх колах аўтамабіля. Зімовыя пакрышкі механічных транспартных сродкаў, прызначаныя для эксплуатацыі на абледзянелым ці заснежаным дарожным пакрыцці, павінны быць абазначаны маркіраваным знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай унутры яе альбо знакам “M+S”, “M&S”, “MS” ці “All Seasons”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%