Анатоль ШАЛТАНЮК, старшыня раённага Савета дэпутатаў.
– Заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў XXVII склікання. Як жа за гэтыя чатыры гады змяніліся ўмовы пражывання жыхароў раёна? Што добрага зроблена на Жабінкаўшчыне з удзелам народных абраннікаў?
За мінулы час былі газіфікаваны аграгарадкі Сцяпанкі і Крыўляны, вёскі Сакі, Сакалова, Шпіталі, Агароднікі, Вежкі і Рачкі. З долевым удзелам жыхароў было выканана будаўніцтва сетак каналізацыі ў кварталах існуючай жылой забудовы “Коласаўскі” і “Камсамольскі” ў райцэнтры. Выканана будаўніцтва сетак водазабеспячэння ў першым са згаданых кварталаў індывідуальнай забудовы, у другім гэтыя работы будуць завершаны сёлета. У бягучым годзе пачата ўзвядзенне каналізацыі яшчэ ў двух гарадскіх кварталах індывідуальнай забудовы – “Паўднёвы” і “Усходні”, будаўніцтва вадавода да вёскі Шчэглікі.
Заасфальтаваны ўчастак аўтамабільнай дарогі Ківацічы – Жабінка паміж аграгарадком Крыўляны і вёскаю Агароднікі, частка дарогі Алізараў Стаў – Мацеевічы – Батча паміж аграгарадкамі Мацеевічы і Вялікія Якаўчыцы.
За мінулыя гады ўведзена ў эксплуатацыю больш за 50 тысяч квадратных метраў жылля. Умовы свайго пражывання палепшылі больш за 500 сем’яў.
Значны аб’ём работ выкананы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. У Жабінцы абноўлены тэрыторыі каля жылых дамоў №№ 11, 13, 15 па вуліцы Цэнтральнай, № 14 па Зарэчнай, №№ 4, 6 па Маладзёжнай. Сёлета выкананы вялікі аб’ём работ па добраўпарадкаванні аграгарадка Ленінскі, узведзена дзіцячая пляцоўка ў гарадскім парку, аўтамабільная стаянка паблізу СШ № 1. З’явілася шмат новых элементаў вертыкальнага азелянення на вуліцах райцэнтра. Былі адрамантаваны фасады будынкаў Крыўлянскага і Ленінскага сельскіх Дамоў культуры, Хмелеўскай і Ленінскай амбулаторый, Старасельскага і Арэпіцкага ФАПаў. Апошнім часам нашы населеныя пункты сталі больш чыстымі і прыгожымі. Але яны маглі б быць яшчэ прыгажэйшымі і ўтульнейшымі, калі б больш актыўна ў навядзенні і ўтрыманні парадку ўдзельнічала насельніцтва раёна. Нават на прыдамовых тэрыторыях, якія абнавіліся, сёння мала кветнікаў, дэкаратыўных кустоў. Шмат недагледжанай агароджы, прыватных домаўладанняў. Нярэдка можна пабачыць непакошаную траву насупраць дамоў, складзіраванне будаўнічых матэрыялаў.
У горадзе многа гандлёвых кіёскаў, што належаць індывідуальным прадпрымальнікам. Аднак кветкавае афармленне паблізу іх можна пабачыць рэдка. А між тым, калі б на кожнай гандлёвай кропцы павесіць пару гаршкоў з кветкамі або ўладкаваць каля яе клумбу, як бы расквітнеў наш горад! Навесці і падтрымліваць парадак толькі сіламі ЖКГ і сельскіх Саветаў немагчыма. Гэта наша агульная справа.
Усё тое добрае, што зроблена за гэтыя гады, – вынік сумеснай працы раённага выканаўчага камітэта і дэпутатаў мясцовых Саветаў.
Так, здзейснена нямала, аднак шмат яшчэ трэба зрабіць і па газіфікацыі населеных пунктаў, будаўніцтве сетак водазабеспячэння ды каналізацыі, і па рамонце аўтадарог ды вуліц у горадзе і вёсках.
Якія ж пытанні разглядаюцца на сесіях раённага Савета дэпутатаў? У планавым парадку вывучаюцца праблемныя пытанні, праца органаў раённага кіравання, прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама зацвярджэнне раённага бюджэту і яго карэкціроўка, разгляд праграмных дакументаў, што тычацца развіцця Жабінкаўшчыны.
Важна, што кожны дэпутат, ведаючы інтарэсы сваёй акругі, адсочвае наколькі яны ўлічваюцца, і можа паўплываць на ход прыняцця рашэнняў.
Нядаўна разгледжаны пытанні па скарачэнні колькасці пустуючых і лядашчых дамоў у сельскай мясцовасці, канфіскацыі і прадастаўленні зямельных участкаў, навядзенні парадку на зямлі, ацэнены вынікі работы за мінулы год. Станоўчая дынаміка існуе, але ёсць і шэраг пытанняў, якія неабходна вырашаць. Па іх пастаўлены канкрэтныя задачы адпаведным выканаўцам.
Хутка адбудуцца чарговыя выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Людзей цікавіць, якія якасці патрабуюцца кандыдату ў народныя выбраннікі. Думаю, яму неабходна адчуваць у сабе сілы і жаданне разбірацца ў праблемах выбаршчыкаў. Будучы народны абраннік павінен разумець, што ў яго ўзнікнуць канкрэтныя абавязкі і ад яго залежыць, каб была карысць роднай вёсцы, гораду, людзям. Ён павінен вызначацца працалюбствам і адказнасцю, бо неабходна ў непрацоўны час займацца патрэбамі выбаршчыкаў. Важна не адмаўляцца ад чалавека, разбірацца і дапамагаць у яго праблемах, у тым ліку ўмець, калі спатрэбіцца, растлумачыць, што ўзнятае пытанне невырашальнае. Канечне, важная якасць – сумленнасць.
Часам цікавяцца, чым займаюся ў вольную хвіліну. Сумленна прызнаюся: такога часу не стае. Але ж калі надарыцца мажлівасць, люблю абрабляць зямлю. Жыву ў аграгарадку, маю невялікі надзел і падсобную гаспадарку. Працуючы на зямлі, я адпачываю, атрымліваю задавальненне. Калі ж выпадае вольная хвіліна (звычайна гэта бывае зімой), вельмі падабаецца чытаць кнігі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.