Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Жабінкаўскі ўчастак цэха паштовай сувязі Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” на вуліцы Кірава, 97 ніколі не пустуе. Зручнае месцазнаходжанне ў цэнтры горада непадалёк ад Дома культуры і бібліятэк прыцягвае сюды наведвальнікаў як магніт. Яны прыходзяць, каб атрымаць ці даслаць пасылкі, дробныя каштоўныя пакеты, адправіць лісты родным, аплаціць камунальныя паслугі, пакласці грошы на мабільны тэлефон, падпісацца на любімае друкаванае выданне.
У адзін з дзён напярэдадні прафесійнага свята работнікаў пошты мы завіталі з фотакарэспандэнтам на УПС Жабінка. Намеснік начальніка ўчастка Ларыса Юхімук, а таксама аператары паштовай сувязі Тамара Казакевіч і Ірына Мухіна хутка, ветліва і якасна абслугоўвалі кліентаў.
Ларыса Васільеўна 28 гадоў свайго жыцця аддала працы ў паштовай сферы. У свой час скончыла профільны Віцебскі каледж, атрымала спецыяльнасць тэхніка паштовай сувязі. Зараз, пакуль начальнік УПС Жабінка Ірына Прыступа ў адпачынку, намеснік выконвае яе абавязкі.
– Ірына Міхайлаўна ўзначальвае наш калектыў не так даўно – апошнія два гады, – расказвае Ларыса Васільеўна, – хаця амаль усё жыццё працавала начальнікам розных аддзяленняў паштовай сувязі раёна. Раней мы працавалі пад кіраўніцтвам Марыны Уладзіміраўны Мілашэўскай, Людмілы Пятроўны Саўчук. Калектыў наш апошнім часам “амаладзіўся”: ветэранаў працы праводзілі на заслужаны адпачынак, прыйшлі маладыя кадры. Што тычыцца работы, амаль два гады працуем па праграме “АРІП” (“ЕРИП”), якая дазволіла пашырыць спектр паслуг. Планавыя паказчыкі, даведзеныя нашаму ўчастку паштовай сувязі, рэгулярна выконваем і перавыконваем. Напрыклад, за дзевяць месяцаў сёлета план па выручцы выканалі на 102,6 працэнта, па падпісцы – на 104,9 працэнта, па паслугах лінейкі “Камфорт” – на 101 працэнт. Рэалізуем канверты “1 клас”, якія даюць магчымасць дастаўляць адрасату простую пісьмовую карэспандэнцыю ў прыярытэтным парадку, прымаем адпраўленні паскоранай пошты EMS. Карыстаецца попытам сярод нашых кліентаў і інтэрнэт-магазін “Тавары поштай”. Для тых, хто аддае перавагу самаабслугоўванню, на ўчастку ўстаноўлены плацежна-даведачны тэрмінал. Але машына не заменіць аператара, які патлумачыць, падкажа і дапаможа пры аказанні паслуг.
Амаль два дзясяткі гадоў працоўнага стажу ў галіне паштовай сувязі ў аператара Тамары Казакевіч. Апошнім часам Тамара Станіславаўна абслугоўвае карпаратыўных кліентаў у спецыяльна выдзеленым акне.
– Наша задача – ісці ў нагу з часам, – кажа яна. –Штогод з’яўляюцца новыя паслугі, укараняюцца новыя праграмы для работы. Таму двойчы на год ездзім на курсы ў Брэст, вучымся, здаём экзамены. Юрыдычных асоб, з якімі ў нас заключаны дамовы, шмат, аб’ём работы вялікі. Але часта да мяне і маёй калегі-напарніцы Кацярыны Грамакоўскай звяртаюцца і фізічныя асобы: каб мы прынялі камунальныя плацяжы, адправілі пасылку ці выплацілі грашовы перавод.
Вольга Гаўрылковіч дзесяць гадоў выдатна спраўляецца з абавязкамі аператара сувязі.
– Без любові да прафесіі і да лю-дзей у нашай сферы не затрымаешся, – дзеліцца Вольга Веціславаўна. – Штодзень мы маем справу з вялікай колькасцю кліентаў: задаволеных і незадаволеных, ветлівых і не, стомленых, раздражнёных чаргой ці нейкімі сваімі праблемамі. Кожнаму трэба ўсміхнуцца, ветліва абслужыць, задаволіць усе патрабаванні кліентаў. Але, нягледзячы ні на што, я люблю сваю работу, задавальняе і стабільны заробак, і добразычлівыя адносіны ў калектыве.
У іншыя дні на ўчастку паштовай сувязі Жабінка рупяцца аператары Алена Стрыжак, Кацярына Грамакоўская, Валянціна Дземідзюк і Валянціна Бусько.
Сябрыну паштальёнаў тут складаюць Аліна Ігнатовіч, Валерыя Іванькова, Алена Прыступук, Ірына Пахомская, Надзея Юхімук і Аляксандр Багін. Асаблівасць іх прафесіі ў тым, што ў любое надвор’е яны дастаўляюць перыядычныя выданні, лісты, паведамленні і тавары людзям. Многія паштальёны выглядаюць маладзей за свой узрост, таму што ўвесь час у руху, на свежым паветры. Кожны з іх ведае свой участак як уласныя пяць пальцаў, да кожнага кліента знаходзіць індывідуальны падыход, вывучае характар чалавека, звычкі і патрэбы.
– Мы прыходзім да людзей у дамы і кватэры і несці туды павінны толькі добрыя навіны і добры настрой, – кажа адзіны паштальён-мужчына жабінкаўскага ўчастка паштовай сувязі Аляксандр Багін. – Я, напрыклад, вельмі пазітыўны чалавек: у любой сітуацыі знаходжу станоўчае. Непагадзь для мяне не страшная: люблю холад, дождж і снег мне ў радасць, а спёку пераношу складаней. Што тычыцца зносінаў з людзьмі, то да сваіх кліентаў адношуся з павагай. Як ні кажыце, прыемна, што цябе чакаюць, асабліва ў перыяд падпіскі, табе давяраюць, дзеляцца сваімі перажываннямі, звяртаюцца з просьбамі.
Аляксандр працуе паштальёнам крыху больш за год, абслугоўвае вуліцы Горкага, Перамогі, Набярэжную, частку Кірава, Цэнтральнай, Ф. Скарыны, Германовіча, Лесапаркавай, а таксама Сонечную і Бярозавую. І, канечне, у першую чаргу рэкамендуе жыхарам на сваім участку выпісаць раённую газету, каб быць у курсе ўсіх навін і падзей.
У маладога паштальёна ўзнагароды за плённую працу яшчэ наперадзе. А вось паштальён пятага разраду жабінкаўскага ўчастка Алена Прыступук 9 кастрычніка, непасрэдна ў Сусветны дзень пошты, будзе ўзнагароджана Ганаровай граматай Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” за шматгадовую добрасумленную працу.
Кваліфікацыя персаналу, узровень аснашчанасці ўчастка паштовай сувязі Жабінка дазваляюць меркаваць: паслугі насельніцтву тут аказваюцца на высокім прафесійным узроўні.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%