Добра працуецца ў засені касцюшкаўскіх ліп

Алёна НІКАНЧУК. Фота Святланы КІСЛАЙ.

Напярэдадні Дня работнікаў культуры завіталі ў Жабінкаўскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей. Касцюшкаўскі парк сустрэў рознакаляровай восеньскай лістотай, якая ад парываў ветру адрывалася ад галінак, кружылася ў паветры і ціха клалася пад ногі. Пахмурнае надвор’е і дробны дожджык не перашкодзілі цёплай цікавай размове, якая адбылася з супрацоўнікамі музея Дзіянай Дубінай і Мікалаем Юроўскіх.

 

Размова пачалася з чацвёртай музейнай залы, прысвечанай гісторыі развіцця нашага раёна. Маладыя людзі расказалі, што работа ў ёй вядзецца на працягу двух гадоў і хутка завершыцца. Дзіяна займалася зборам інфармацыі, мастацкім афармленнем. Мікалай рыхтуе па кожнай экспазіцыі залы матэрыял, імкнецца, каб ён быў цікавым і пазнавальным для наведвальнікаў. Вось-вось і тут таксама пачнуць праводзіць экскурсіі.
Дзіяна прыйшла на працу ў музей тры гады таму. Сумяшчала яе з вучобай ва ўніверсітэце. Была прынята на пасаду навуковага супрацоўніка. Работа адразу захапіла. Дзяўчына расказала, з якімі цікавымі людзьмі давялося сустрэцца, калі зай-малася зборам матэрыялаў, што тычыліся землякоў-афганцаў, гісторыі стварэння жабінкаўскай міліцыі і машынна-трактарнай станцыі ў Малых Сяхновічах, будаўніцтва і рэканструкцыі храмаў у раёне. У выніку з’явілася шмат новай інфармацыі і раскрыліся малавядомыя факты.
З 2016 года Дзіяна – галоўны захавальнік музейных фондаў. Яна прымае на часовае захоўванне прадметы, якія трапляюць у музей ад насельніцтва. Іх далейшы лёс вырашае фондава-закупачная камісія: застануцца яны тут і папоўняць фонды ўстановы ці не. Калі вердыкт станоўчы, тады Дзіяна прымае іх на пастаяннае захоўванне. Спачатку прадметы апісвае і дзеліць на калекцыі, а іх пяць: выяўленчая, пісьмовая, рэчавая, аўдыёвізуальная і натуральна-гістарычная, потым на падкалекцыі. Дае ім прадметнае імя, пазначае памеры, матэрыял, тэхніку і месца вытворчасці, апісвае знешні выгляд, іх гісторыю – стварае навуковы пашпарт і праводзіць нумарацыю. Прадметы папаўняюць навукова-дапаможны фонд музея ці асноўны. Некаторыя з іх знаходзяцца ў дзяржаўным каталогу і значацца як каштоўныя. З такіх Дзіяна назвала дзіцячую палатняную сарочку, намітку і каўбасніцу пачатку ХХ стагоддзя, класны журнал 1936 года і школьны дзённік 1937-га, якімі карысталіся ў Заходняй Беларусі ў польскія часы, а таксама падручнік “Украінская чытанка” 1941 года.
Дзяўчына прызналася, што займацца апісаннем прадметаў ёй вельмі падабаецца. Пад час гэтай работы даведваецца шмат новага і цікавага. Яшчэ Дзіяна з задавальненнем арганізоўвае ўнутрымузейныя выставы. З апошніх, што прайшлі – “Жывая нітка часоў”, прысвечаная чарнобыльскай трагедыі; “Мая Жабінка” – мастачкі Вольгі Данілюк, прымеркаваная да 200-годдзя горада; “Драмлёва – боль у сэрцы людскім” – да 75-годдзя з дня трагедыі нашай спаленай вёскі.
Мікалай Юроўскіх у ліку супрацоўнікаў музея са снежня мінулага года. Пачынаў тут працаваць музейным наглядчыкам. У яго абавязкі ўваходзіла сачыць за экспазіцыямі, тэмпературным графікам, станам экспанатаў, якія знаходзяцца ўнутры музея і на яго тэрыторыі. Мікалай расказаў, што пры выяўленні на драўляных прадметах пашкоджанняў, яны змяшчаюцца на каранцін, дзе ў тэрміновым парадку апрацоўваюцца. Вельмі небяспечныя для іх жукі шашалі. Існуе народны метад барацьбы з імі – прастукванне, пры вібрацыі лічынка шкодніка гіне, але ж часцей выкарыстоўваецца звыклы для нас – апрацоўка дрэва хімікатамі.
Сёлета ў маі Мікалай пераведзены на пасаду навуковага супрацоўніка, займаецца зборам інфармацыі. Апошнім часам сабраны звесткі пра работнікаў крухмальнага завода, які працаваў у Вялікіх Сяхновічах. Пра сябе і працу на прадпрыемстве расказалі яго тагачасныя дырэктар, старшы лабарант і рабочыя завода.
Мікалай Юроўскіх рыхтуе музейна-педагагічныя заняткі, яны прымяркоўваюцца да святочных і памятных дат, прысвячаюцца гісторыі нашага краю. Іх назвы гавораць самі за сябе: “Бабулін куфар”, “Калядныя вячоркі”, “З гісторыі шахмат”, “Ядомыя і неядомыя грыбы”, ды іншыя. З задавальненнем заняткі наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прыязджаюць у Малыя Сяхновічы да сваіх дзядуляў і бабуль у выхадныя дні і на канікулы.
Мікалай праводзіць таксама экскурсіі. У бліжэйшых планах – унесці змяненні і дапаўненні ў экспазіцыі трэцяй музейнай залы, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне. Больш поўнай стане інфармацыя пра карную аперацыю “Трохкутнік”, пад час якой была спалена вёска Драмлёва, а таксама пра генацыд яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі нашага раёна. Усе задумкі Мікалай не агучыў – няхай застануцца сюрпрызамі для наведвальнікаў.
Пад час размовы з хлопцам даведалася, што любоў да гісторыі прывяла яго ў кобрынскі клуб ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Перунова кола”, у якім ён з 2013 года. У вобразе наёмнага варага канца VIII – пачатку XI стагоддзя Мікалай удзельнічае ў бугуртных баях на фестывалях, прысвечаных гэтаму перыяду гісторыі.
Па тым, з якой цікавасцю маладыя супрацоўнікі музея расказвалі пра сваю работу, планы і задумкі, дружны калектыў, усебаковую падтрымку дырэктара ўстановы Жанны Падрубнай, бачна было, што яны на сваіх месцах і тут ім добра працуецца ў засені касцюшкаўскіх ліп.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.