Лес – сябар, калі выконваць правілы бяспекі

Стаіць цёплае надвор’е. Так і хочацца падыхаць свежым лясным паветрам. Лес – наш сябар і кармілец, калі прытрымлівацца некаторых правілаў паводзінаў у ім.
– Не хадзі ў лес адзін!
– Перад паходам у лес папярэдзь родных, куды ідзеш.
– Вазьмі з сабою сродак аховы ад укусаў камароў, сонцаахоўны крэм для скуры, пітную ваду, ежу (бутэрброд), нож, запалкі і гадзіннік, мабільны тэлефон, свісток, святлоадбівальнік.
– Вопратка і абутак павінны быць зручнымі, апранацца – па надвор’і.
– Вопратку выбірай яркага колеру, а яшчэ лепей наклеіць на яе святлоадбівальныя палоскі ці малюнкі.
– Не адыходзь далёка ад пратаптаных сцяжынак.
– Калі нехта згубіўся, адразу выклікай выратавальнікаў.
– У лесе не шумі, не рві кветкі, не лаві матылькоў, не палохай лясных жыхароў.
– Не пакідайце смецце ў лесе – забярыце яго з сабою, як і шкляны посуд. Пажар у лесе можа адбыцца нават ад кінутай шклянкі.
Калі ты заблукаў
– Калі ёсць магчымасць, адразу пазвані спецыялістам службы выратавання па тэлефонах 112 ці 101.
– Не панікуй, спыніся і падумай, з якога боку прыйшоў; ці не чутно крыкаў, шуму машын, брэху сабак. Скажам, трактар, які працуе, чутно за 3-4 км, брэх – за 2-3 км, цягнік – да 10 км. Коміны на дамах можна пабачыць за 3 км, заводскія – за 6 км, званы і вежы – за 15 км. Калі іх няма, лепей “выходзіць на ваду” і рухацца ўніз па цячэнні. Ручай абавязкова выведзе да ракі, а рака – да людзей.
– Не крычы – ахрыпнеш.
– Не плач. Ад гэтага забаляць вочы і перастануць адрозніваць сапраўднае і выдуманае.
– Не варта бегчы, лепей заставацца на тым месцы, дзе стаіш. Развядзі вогнішча, спявай песні – па дыме і голасе знайсці чалавека лягчэй. Калі няма запалак, можна выкарыстаць выпуклую лінзу ад фотаапарата, бінокля ці тэлескопа.
– Калі ты сам вырашыў шукаць дарогу, арыенціруйся па сонцы, не пятляй. Добра, калі ўдасца выйсці на лінію электраперадачы, чыгунку, газаправод, раку – ідучы ўздоўж іх, абвязкова выйдзеш да людзей.
– Падаваць сігналы можна стукамі палак аб дрэвы. Гук ад іх далёка разыходзіцца па лесе.
– Можна рухацца без компаса. Памятай, што кара бярозы і сасны на паўночным баку цямнейшая, чым на паўднёвым; а ствалы дрэў, камяні, выступы скал гусцей пакрыты мохам і лішайнікамі.
– Не спрабуй скарачаць шлях.
– Калі ў цябе скончылася вада, ёсць некалькі спосабаў яе атрымаць. Каб сабраць дажджавую ваду, трэба выкапаць ямку і вылажыць яе вялікімі лістамі, каб вада не ўсмоктвалася ў зямлю. Таксама можна начапіць на куст, галіну дрэва поліэтыленавы мяшочак і завязаць. Расліны пастаянна выпарваюць невялікую колькасць вады, і таму яе можна “злавіць” такім вось простым спосабам.
Старайцеся не губляцца ў лесе!
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*