Верасень ізноў сабраў сяброў
Дзень ведаў – гэта першыя званкі і хваляванні, мора кветак і белых бантаў. Гэта самы доўгачаканы дзень для тых, хто ўпершыню пераступіць школьны парог, і хвалюючы для выпускнікоў. Настаўнікі сустракаюцца з вучнямі пасля летніх канікулаў, у дзяцей з’яўляецца магчымасць сустрэцца і падзяліцца ўспамінамі пра лета.
Добрай традыцыяй трэцяй гарадской школы стала запрашаць ганаровых гасцей. Гэты год не стаў выключэннем: на лінейцы прысутнічалі старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў, старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко, клірык храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы айцец Андрэй. Яны павіншавалі дзяцей, настаўнікаў і бацькоў з пачаткам новага навучальнага года, пажадалі поспехаў, новых адкрыццяў, узыходжання на Алімп ведаў.
Лінейка прайшла ў радаснай і ўрачыстай атмасферы: першакласнікі чыталі вершы, адзінаццацікласнікі танцавалі, госці і дырэктар трэцяй школы Святлана Каменева казалі цёплыя шчырыя словы, пасля чаго прагучаў першы школьны званок.
У гэты дзень адбылася яшчэ адна падзея: пасля капітальнага рамонту быў адкрыты школьны харчаблок. За лета там было ўстаноўлена новае абсталяванне, а таксама адбыліся змены ў інтэр’еры сталовай.
Пра гэта двайное свята ў трэцяй гарадской адзінаццацігодцы гаварылі ў сваіх выступленнях і старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, і старшыня абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў.
Пасля ўрачыстай лінейкі ва ўсіх класах адбыліся доўгачаканыя першыя ўрокі на тэму “Мая Айчына – Беларусь”. Яны дапамагаюць дзецям больш даведацца пра нашу краіну, перагарнуць старонкі яе гісторыі.
Пра першы ўрок у 11 “А” класе сярэдняй школы № 3 Жабінкі расказвае Валерыя Дзмітрук:
– Урок-вандроўку па розных станцыях, звязаных з гісторыяй нашай Радзімы, кнігадрукаваннем у Беларусі, беларускімі брэндамі і цікавымі куткамі нашай малой радзімы – Жабінкаўшчыны – правяла наш класны кіраўнік Таццяна Васільеўна Кунц. Яна падрыхтавала маляўнічую прэзентацыю з мноствам пазнавальных відэаролікаў.
Але асаблівым гэты ўрок быў яшчэ і таму, што на ім прысутнічалі ганаровыя госці: Сяргей Дзмітрыевіч Ашмянцаў, Дзмітрый Мікалаевіч Гарадзецкі, Галіна Сцяпанаўна Бурко, Святлана Канстанцінаўна Каменева, святар Андрэй Петрусевіч, а таксама нашы бацькі. Госці актыўна ўдзельнічалі ў ходзе ўрока: яны прапанавалі нам, навучэнцам, правесці інтэрактыўную гутарку.
Пад час адкрытага дыялогу Сяргей Дзмітрыевіч задаваў пытанні пра тое, якія знакамітыя месцы Беларусі мы наведвалі, расказваў пра тыя куточкі нашай краіны, дзе ён пабываў асабіста. Мы размаўлялі таксама і пра тое, што варта спачатку пазнаць лепей сваю краіну, бо ў Беларусі шмат прыгожых і цікавых месцаў, а ўжо потым ехаць за мяжу.
Госці пыталіся ў нас, кім бы мы хацелі стаць, а цяпер, калі мы выпускнікі, гэта вельмі актуальнае пытанне. Дзмітрый Мікалаевіч расказаў нам пра прафесіі, запатрабаваныя ў раёне, і пераканаў нас, што не варта гнацца за якімі-небудзь “моднымі” спецыяльнасцямі, а трэба падумаць пра тое, як важна абраць прафесію, карысную грамадству ў будучыні.
Гэты незвычайны ўрок скончыўся пажаданнем нам поспехаў у вучобе і пры паступленні. Вось такім яркім, маляўнічым і пазнавальным запомніўся мне першы школьны дзень!
Упэўнена, што свята ведаў і першыя ўрокі запомніліся ўсім навучэнцам – ад першакласнікаў да адзінаццацікласнікаў. У добры шлях, да новых ведаў!
На парозе восень з падарункамі
Крысціна СЕМЯНЮК.
Урачыстай лінейкай адсвяткавалі ў Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце пачатак новага навучальнага года. Усяго за парты 1 верасня селі 113 вучняў. “На парозе зноў восень. Хлопцы і дзяўчаты, я віншую вас і вашых блізкіх з Днём ведаў! Жадаю вам моцнага здароўя і выдатнай вучобы. Думаю, сумеснымі намаганнямі ў нас з вамі ўсё атрымаецца”, – пажадаў сваім выхаванцам дырэктар школы Аляксандр Кавальчук.
Школьнікаў з Днём ведаў павіншавалі таксама намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк, намеснік начальніка ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці Дзяніс Будзюхін і намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандра Драпей.
Пасля лінейкі вучняў пачатковых класаў школы-інтэрната чакаў сюрпрыз. Супрацоўнікі Жабінкаўскага РАУС падрыхтавалі для хлопцаў і дзяўчат падарункі – наборы канцылярскіх прылад. У актавай зале школы намеснік начальніка Жабінкаўскага РАУС Яўген Самускевіч і ўчастковы інспектар ІСН Аляксандра Сівухіна ўручылі класным кіраўнікам упрыгожаныя каробкі з разнастайнымі сшыткамі, ручкамі, алоўкамі, фарбамі і іншымі карыснымі для вучобы рэчамі. Са словамі падзякі ў адказ выступіў дырэктар школы Аляксандр Кавальчук.
Дзеці доўга не забудуць гэтае восеньскае свята ведаў.
Новыя падарожнікі краіны ведаў
Дар’я НІКАНЧУК.
Дзяўчынкі з прыгожымі бантамі і касічкамі, хлопчыкі ў новенькіх кашулях з гальштукамі, як у дарослых, першаклашак не відаць за вялікімі букетамі, якія яны прынеслі сваёй першай настаўніцы. Выпускнікі хвалююцца не менш: школьнае юнацтва працягнецца яшчэ адзін год і надыдзе новы жыццёвы этап…
– Школа, смірна! Урачыстая лінейка, прысвечаная Дню ведаў і пачатку новага навучальнага года, абвешчана адкрытай, – заўважылі вядучыя.
Вучням Аляксандры Грыцак і Раману Баханковічу выпаў гонар узняць дзяржаўны сцяг нашай краіны і сцяг першай адзінаццацігодкі.
Першым з Днём ведаў усіх прысутных павіншаваў дырэктар школы Міхаіл Савянкоў.
– Праляцела лета, як адно імгненне, і праз некалькі хвілін званок зноў пакліча вас пайсці на ўрок, сесці за парты і разам з надзейнымі спадарожнікамі, настаўнікамі, адправіцца ў краіну ведаў. Выпускнікі прайшлі не адну яе дарогу, а першакласнікі толькі пачнуць знаёміцца з ёй, таму гэты год асабліва важны для іх. Шчыра віншую ўсіх са святам і жадаю плённай працы, дасягненняў мэтаў, поспеху і добрага настрою.
З цёплымі словамі звярнулася намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іна Тарасевіч. Іна Уладзіміраўна заўважыла, што свята ў гонар Дня ведаў аб’ядноўвае ўсе пакаленні, таму з асаблівымі пачуццямі яго сустракаюць дарослыя і дзеці. Яна пажадала педагогам натхнення, жыццёвай мудрасці, новых адкрыццяў і дасягненняў, а выпускнікам параіла не гнацца за прэстыжам прафесіі, а выбіраць тыя спецыяльнасці, якія будуць запатрабаваныя ў нашай дзяржаве на працягу многіх гадоў.
Ад калектыву міліцыі з пачаткам навучальнага года павіншаваў навучэнцаў начальнік Жабінкаўскага РАУС Андрэй Лагота. Ён адзначыў, што для школьнікаў створаны ўсе ўмовы, неабходныя для камфортнага навучання, і пажадаў дзецям стаць годнымі грамадзянамі краіны, праслаўляць яе сваімі поспехамі.
Таксама да вучняў звярнуўся дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі святар Сергій Петрусевіч, які заўважыў, што адукацыя адыгрывае вырашальную ролю ў фарміраванні чалавека як асобы, яго светапогляду, адносінаў да навакольнага свету. Бацькам і педагогам пажадаў здароўя і ўмення супрацоўнічаць дзеля самага галоўнага – шчасця сваіх дзяцей.
Самая адказная справа выпала намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Ірыне Панфіла, якая агучыла імёны тых, хто першы раз пераступіць школьны парог. Усхваляваныя першакласнікі, пачуўшы свае прозвішчы, хуценька беглі насустрач настаўніцам і новым адкрыццям. Самыя маленькія вучні падрыхтавалі для гасцей вершыкі, а выпускнікі пажадалі ім любіць школу, абараняць яе гонар, праслаўляць сваімі дасягненнямі. “Мы верым: у вас усё атрымаецца!” – звярнуліся да навічкоў старшакласнікі. Сёлета першая адзінаццацігодка прыняла 98 вучняў – чатыры класы.
Нарэшце празвінеў званок, які паклікаў дзяцей на самы першы ўрок пад назвай “Беларусь – мая Айчына!”. Традыцыйна спачатку ў школу ўвайшлі першакласнікі разам з навучэнцамі 10-11 класаў. У добры шлях!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%