Днямі, ідучы на працу, заўважыла на тэрыторыі школы-інтэрната рознакаляровы гульнёвы комплекс для дзетак. Пацікавілася ў адміністрацыі ўстановы, ці самі набылі такую прыгажосць, ці дапамаглі спонсары? Аказалася, гульнёвы дзіцячы комплекс, а таксама пясочніцу і арэлі коштам у 5 тысяч рублёў набыў для школы-інтэрната італьянскі фонд “Дапаможам ім жыць”. Устанавіла комплекс берасцейская фірма “СнабБелЗдраў”.
Даведалася таксама, як рыхтавалася сёлета ўстанова да новага навучальнага года. Так, зроблены рамонт у памяшканні, прызначаным для сэнсарнага пакоя, які будзе знаходзіцца ў спальным корпусе на трэцім паверсе. Дапамог ажыццявіць рамонтныя работы і закупіць абсталяванне для пакоя Брэсцкі дабрачынны мясцовы фонд “Новае пакаленне”. Адбылася замена дзвярэй у вучэбным корпусе спецшколы на суму 1700 рублёў. Адрамантаваны камп’ютарны клас, які чакае новую тэхніку. Упэўнена, сучасныя камп’ютары парадуюць навучэнцаў установы. Сродкі на камп’ютарны клас у памеры 6500 рублёў выдаткаваны ўпраўленнем адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Сёлета ў школе-інтэрнаце адрамантаваны і харчаблок. На гэтыя работы пайшла ўнушальная сума ў памеры 27300 рублёў. Адрамантавана пажарная сігналізацыя на харчаблоку, сістэма маланкааховы ў вучэбным і спальным карпусах, у якіх хутка пачне функцыянаваць сістэма відэаназірання. Апошнім штрыхом у навядзенні парадку стаў суботнік па добраўпарадкаванні тэрыторыі школы-інтэрната, што прайшоў 30 жніўня. У ім прыняў удзел увесь калектыў. Да новага навучальнага года абноўленая ўстанова гатова!
Алеся ДАБРАВЕСТ.
На здымку: новы гульнёвы комплекс для выхаванцаў інтэрната.
Фота аўтара.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%