“Казу” кветкавалі, дажынкі святкавалі

_DSC3544

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Нарэшце жніво на Жабінкаўшчыне дасягнула фінішу. Першымі ў раёне дажалі апошнюю паласу хлебаробы ААТ “Жабінкаўскі”. З гэтай нагоды ў мінулы чацвер на полі за аграгарадком Якаўчыцы адбылося сапраўднае свята – з віншаваннямі, песнямі, уручэннем караваю з новага ўраджаю.
Дзяўчаты з народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі” паказалі абрад “Дажынкі”. З сярпамі ў руках, у народных строях, басанож, яны хораша заспявалі:
Будэм ніўку дожынаты,
Ой, гукнэм по полю,
Няхай господар почуе…
А пакуль спявалі, спрытна і акуратна зразалі сярпамі каласы, круцілі з іх “казу”, упрыгожвалі кветкамі. Потым, па традыцыі, як гэта рабілі жнеі-прабабулі, валацугі “казу” “квэткавалі”, пад яе хлеб клалі, “шчоб жыто добрэ взошло”, соль – “каб добрэ росло” і ваду ў гліняным гладышку – “каб буйным і рослым було”. А каб на наступны год добры ўраджай сабраць, трэба “казу гаспадаром обораты”.
Гаспадар поля – дырэктар “Жабінкаўскага” Аляксандр Тарасевіч – не стаў адступацца ад прыгожай традыцыі і на саматканым дыванчыку пад дружныя апладысменты вадзіцеляў і камбайнераў “казу” “абараў”. Што ж, будзем спадзявацца, што ў наступным годзе будзе шчодрай хлебная ніва!
Затым дзяўчаты абвязалі дырэктара гаспадаркі “пэрэвэслом” – з каласоў і палявых кветак, уручылі духмяны каравай, пажадалі моцнага здароўя, дабрабыту, паразумення і такім жа дружным калектыве сабраць ураджай у будучым годзе.
Да віншаванняў далучыўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі:
– Дарагія хлебаробы, з “квіткай” вас! Бог даў добрае надвор’е, тэхніка працавала амаль без збояў. Хаця масава ўборка пачалася на тыдзень пазней, чым летась, вы змаглі набраць тэмп і першымі ў раёне сабраць ураджай. Што скажу – малайцы, вялікі вам дзякуй, што папрацавалі з поўнай самааддачай, хлеб убралі так хутка.
Дзмітрый Мікалаевіч уручыў Аляксандру Серафімавічу прывітальны адрас ад райвыканкама.
Дырэктар ААТ “Жабінкаўскі”, у сваю чаргу, адзначыў:
– Нам не сорамна за сёлетні ўраджай. Намалацілі звыш 8200 тон збожжа – гэта найлепшы вынік у раёне. Ураджайнасць у сярэднім 43,7 цэнтнера на круг – прыбавілі, у параўнанні з леташнім, больш за 4 цэнтнеры. Гэта, лічу, неблагі вынік. Нашы камбайнеры ўбіралі 1883 гектары, усе шэсць экіпажаў сталі “тысячнікамі”. Так, былі паломкі, на хаду мянялі калёсы, аднак справіліся, не прастойвалі, у дзень 6-8 % плошчаў убіралі. Хачу ўсяму калектыву выказаць вялікую ўдзячнасць за працу.
Да слоў падзякі калектыву дадаліся і падарункі – ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталлі Карпук і прафкама гаспадаркі.
IMG_4376– У “Жабінкаўскім” працуюць дзіўныя людзі, – казала Наталля Львоўна, – працавітыя, шчодрыя, душою адкрытыя, усмешлівыя. І кожны год па-цвярджаюць сваё працалюбства, любоў да зямлі. Прыемна адзначыць, што менавіта ў “Жабінкаўскім” штогод збіраюць самы вялікі ўраджай – хлеба і “тысячнікаў”. Такое, каб усе экіпажы ўзялі тысячны рубеж – не ў кожнай сельгасарганізацыі сустрэнеш. Дзякуй вам за цёплы хлеб на нашым стале!
На здымках: першымі ў раёне завяршылі жніво ў ААТ “Жабінкаўскі”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.