Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.
На працягу апошніх пяці гадоў ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” карыстаецца паслугамі студэнцкага атрада. У перыяд нарыхтоўкі збожжа заўжды патрэбныя лішнія рукі, да таго ж моладзь мае добрую магчымасць самастойна падзарабіць. Хлопцы і дзяўчаты з ахвотай рупяцца ў вытворча-тэхналагічнай лабараторыі, працуюць на элеватарах.
Сёлета адказную ролю камандзіра студатрада даручылі Яніне Лойка. Дзяўчына ўжо трэці год дапамагае прадпрыемству ў гарачы час жніва. Яна ўмела карыстаецца пробаадборнікам і вільгацямерам, знае ўсе нюансы работы з сучаснымі прыборамі і абсталяваннем вытворча-тэхналагічнай лабараторыі. Дапамагае Яніне Вольга Вярышка – камісар атрада. Звычайна ў змену, якая доўжыцца восем гадзін, тут працуюць два-тры чалавекі. Побач з маладымі работнікамі знаходзіцца вопытны прафесіянал. Так, дзяўчатам дапамагае інжынер-лабарант Алена Мацюхевіч.
– Прадпрыемства стварае для нас усе неабходныя ўмовы працы, таму кожны год жадаючых патрапіць у студэнцкі атрад шмат, – заўважае Яніна. – Прадастаўляюцца спецадзенне, бытавыя памяшканні. Акрамя таго, для студатрадаўцаў прадугледжаны льготы пры падаткаабкладанні. Дый заробкі, лічу, атрымліваюцца для моладзі вельмі нядрэнныя.
Цікава, што пэўныя бонусы існуюць для лідараў атрада. Камандзіру прадугледжана даплата ў памеры 10 працэнтаў ад акладу, а камісару – 5. Заробак хлопцы і дзяўчаты атрымліваюць у канцы месяца, які можа складаць ад 300 да 400 рублёў.
Прадстаўнікі моцнага полу шчыруюць на элеватарах. Тут праца больш складаная, таму і заробак можа атрымацца большым, чым у дзяўчат, але залежыць ён ад колькасці прынятых машын. Элеватары працуюць круглыя суткі, але апошняя змена студатрадаўцаў заканчваецца апоўначы.
Уладзіслаў Качко рупіцца апаратчыкам апрацоўкі збожжа ўпершыню, але ўжо паспеў спазнаць усе прамудрасці адказнай справы. Трэба сачыць, каб не змяшаліся розныя збожжавыя культуры ці вільготнае зерне з сухім, трымаць у чысціні і парадку працоўнае месца, а яшчэ рабіць неабходныя запісы ў журнале – заданняў шмат.
– Хацеў з карысцю правесці летні адпачынак, таму да канца жніўня буду працаваць тут, – прызнаецца Уладзіслаў. – Сёлета пад час жніва з дапамогай элеватараў было апрацавана за адзін дзень 1800 тон збожжа. Штодня на іх рупяцца пяць чалавек.
Нягледзячы на цяжкасці і адказнасць, маладыя людзі з задавальненнем кожны год імкнуцца трапіць у лік студатрадаўцаў і папрацаваць з карысцю для сябе і раёна. Як прызналіся мае суразмоўнікі, ім прыемна адчуць сябе часткай вялікай справы, якая ў летнюю спёку пад час жніва аб’ядноўвае ўсю краіну.
На здымках: Яніна ЛОЙКА і Вольга ВЯРЫШКА за працай у вытворча-тэхналагічнай лабараторыі; на элеватары – Уладзіслаў КАЧКО.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%