З клопатам пра кожнага вучня

IMG_6268 IMG_6293

Штодзённае мітуслівае жыццё часта здаецца нам такім звычайным, такім аднолькавым для ўсіх. Хаця гэта зусім не так, бо побач з намі нямала людзей, чыё жыццё звязана з хваробай, і жывуць яны сярод нас: у суседняй кватэры, на суседняй вуліцы, у суседнім горадзе.
Так, наўрад ці можна назваць звычайным лёс чалавека, які з-за дыягназу праводзіць частку свайго жыцця ў інтэрнаце, дзе мае патрэбу ў дапамозе. Менавіта такая школа-інтэрнат для дзяцей вобласці з парушэннямі зроку ёсць у нашым горадзе.
Існуе памылковая думка, што ў школе-інтэрнаце вучацца не зусім разумныя дзеці. І гэта вельмі крыўдна. Паколькі я ў гэтай установе адпрацавала больш як 25 гадоў і ведаю яе знутры, мне хочацца больш падрабязна расказаць, чым тут жывуць вучні, настаўнікі, медыкі і іншыя работнікі.
Па спецыяльным профілі школа-інтэрнат пачала працаваць у 1971 го-дзе. Яна арыентавана на класічны тып агульнаадукацыйнай установы, якая дае базавую і сярэднюю адукацыю, але мае сваю спецыфіку. Увесь вучэбна-выхаваўчы працэс мае карэкцыйны напрамак, які здзяйсняецца на ўроках, на спецыяльных карэкцыйных занятках і пад час выхаваўчай працы з дзецьмі.
Фарміраванне навыкаў самаабслугоўвання, жыццёвай самастойнасці, арыентаванне ў асяроддзі, авалодванне бытавой і спецыяльнай тэхнікай адбываецца на ўроках у сталярнай і слясарнай майстэрнях, кабінеце абслугоўваючай працы, на занятках сацыяльна-бытавога арыентавання. Фізічнае выхаванне і карэкцыя парушэнняў рухальнай сферы здзяйсняюцца не толькі на ўроках фізкультуры, але і на занятках спецыяльнай медыцынскай групы і рытмікі, карэкцыя недаразвіцця маўлення – на лагапедычных занятках.
Сёння ў Жабінкаўскай спецыяльнай школе-інтэрнаце больш як сто выхаванцаў. Усе яны маюць сур’ёзныя афтальмалагічныя дыягназы. Акрамя гэтага, бываюць і іншыя паталогіі. Вучням тут спакайней, чым у звычайнай агульнаадукацыйнай школе, ды і напаўняльнасць класаў меншая – 12 навучэнцаў, а то і меней. У кабінетах усё прыстасавана пад патрэбы вучняў: святло, падстаўкі і інш. У кожным класе ёсць павелічальная лупа з маніторам, 15 вучняў карыстаюцца дапаможнікамі са шрыфтам Брайля. У кожнага з гэтых дзяцей ёсць друкавальная машынка па Брайлю, якой яны ўмела карыстаюцца. Дарэчы, брайлеўскія падручнікі займаюць два памяшканні бібліятэкі школы. У кабінеце нямецкай мовы размешчана інтэрактыўная дошка – падарунак шэфаў: абласнога КДБ. У камп’ютарным класе вучні пазнаюць азы інфарматыкі. Невідушчыя дзеці могуць слухаць літаратурныя творы ў гукавым варыянце. Усе падручнікі выдаюцца бясплатна.
З вучнямі займаюцца 20 настаўнікаў, 21 выхавальнік, настаўнік-дэфектолаг, педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог, педагог-арганізатар, бібліятэкар, настаўнік карэкцыі, настаўнік-лагапед. Большасць настаўнікаў прайшлі перападрыхтоўку па спецыяльнасці “Тыфлапедагогіка”.
У школе вельмі дзейснае медыкаментознае лячэнне. Тут працуюць тры ўрачы: афтальмолаг Алена Семянюк, педыятры Ангеліна Чарнейка і Людміла Ігнацюк. Кругласутачна дзяжураць у медпункце 6 медыцынскіх сясцёр. Два разы на год праводзіцца прафілактычнае лячэнне. Усе лекі бясплатныя. Ёсць шмат відаў фізіятэрапіі: ультрагук, электрафарэз, інгаляцыя, магнітатэрапія, УВЧ, кварцавае выпраменьванне, амбліястымулятары, амбліятрэнеры, прамянёвыя лямпы, камп’ютарныя праграмы для лячэння зроку. Два разы на год вучняў возяць на кансультацыі ў Брэсцкую абласную бальніцу, дзе іх, акрамя афтальмолага, аглядаюць і лор, і стаматолаг, і іншыя ўрачы.
Больш як 20 гадоў наша школа-інтэрнат сябруе з Італіяй, куды дзеці ездзяць на аздараўленне. Адбіраюцца тыя, каму найбольш патрэбна дапамога. У апошнія гады наведвалі Мілан. Там вучні жывуць больш як месяц і атрымліваюць медыцынскую і матэрыяльную дапамогу. Дарэчы, італьянцы правялі некалькі аперацый нашым выхаванцам. У выніку вышэйназваных мерапрыемстваў 20 працэнтаў вучняў паляпшаюць зрок.
Дзеці ў школе-інтэрнаце атрымліваюць чатырохразовае бясплатнае харчаванне, куды абавязкова ўключаюцца розныя сокі, садавіна і гародніна, малочныя прадукты.
Якія ж дасягненні ў нашых вучняў? Дзякуючы намаганням усяго калектыву, ініцыятыве і неабыякавасці дырэктара Аляксандра Кавальчука і яго намеснікаў Людмілы Леановіч і Тамары Таўрэль вучні пачалі ўдзельнічаць у алімпіядах па прадметах і атрымліваць узнагароды. У гэтым годзе наша вучаніца Дар’я Асіпук паступіла ў ліцэй з выдатнымі ведамі па фізіцы і матэматыцы. Штогод каля 20 % нашых выпускнікоў паступае ў ВНУ. У асноўным гэта Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна (гістарычны, сацыяльна-педагагічны, юрыдычны і фізіка-матэматычны факультэты). Некаторыя скептыкі лічаць, што гэтага мала. Яны не ўлічваюць таго, што ў школе вучацца дзеці з захворваннямі зроку і іх не ўсюды бяруць па стане здароўя. За 46 гадоў нашу ўстанову скончылі больш за 500 вучняў. Сярод іх было 9 медалістаў. З ліку выпускнікоў школы-інтэрната ёсць настаўнікі, журналісты, правазнаўцы, псіхолагі, банкаўскія работнікі, эканамісты, радыётэхнікі, масажысты, медыцынскія сёстры, спецыялісты сельскай гаспадаркі, работнікі таварыства “БелТІЗ”. У 2012 годзе наша выпускніца Паўла Лукашэвіч паступіла ў музычны каледж-інтэрнат для сляпых у расійскім горадзе Курску.
У Жабінкаўскай спецыяльнай школе-інтэрнаце працуе 18 факультатываў і 14 аб’яднанняў па інтарэсах. Адно з іх – тэатр на нямецкай мове “Глорыя”. Ён існуе ўжо тры гады і ўвесь гэты час займае прызавыя месцы ў розных конкурсах. З 15 “артыстаў” тэатра чацвёра – невідушчыя. У гэтым годзе вучні выступілі на міжнародным конкурсе асаблівых тэатраў “Непратаптаны шлях” у Брэсце з тэатрам ценяў “Папялушка”.
Наша навучальная ўстанова выхавала нямала чэмпіёнаў і прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў па шахматах і шашках.
Ужо даўно школа-інтэрнат славіцца сваёй мастацкай самадзейнасцю. Маленькая зорачка з 4 класа невідушчая Вераніка Анташок грае на піяніна і спявае. Нядаўна ў польскім горадзе Любліне яна стала лаўрэатам міжнароднага фестывалю. Дзе толькі не спявалі нашы вучні за ўсе гады: і ў Польшчы, і ў Санкт-Пецярбургу, і ў Віцебску на “Славянскім базары”, і ў Мінску, не кажучы ўжо пра нашы абласныя гарады.
Сярод вучняў ёсць і паэты, і аматары літаратуры. Напрыклад, Фёдар Галавач неаднаразова друкаваў свае вершы ў “Сельскай праўдзе”. Яўген Гараднічук сачыняе і выконвае свае творы ў стылі “рэп”. Займаў прызавыя месцы ў конкурсах. Яўген – сёлетні выпускнік.
У мінулым годзе нашы выхаванцы занялі першае месца за канцэрт мастацкай самадзейнасці і другое месца за выставу творчых работ у 11-м рэспубліканскім фестывалі “Вясёлкавы карагод”. Самыя таленавітыя выканаўцы былі ўзнагароджаны пуцёўкамі ў лагер “Зубраня”. Дарэчы, апошнія гады рыхтуе юных выканаўцаў наш былы вучань Эдуард Пішчык, які сам мае прыгожы голас.
У школы многа фундатараў, сярод якіх шэфы: абласны КДБ, абласная царква, італьянскі фонд “Дапаможам ім жыць” і Брэсцкі фонд “Новае пакаленне”. Дарэчы, гэты фонд запрасіў нават французскую прынцэсу Таццяну дэ Бурбон Пармскую, якая прыняла ўдзел у фундатарстве для нашай школы-інтэрната. Гэтыя грошы плануецца патраціць на абсталяванне па апошнім слове тэхнікі сэнсарнага пакоя, які будзе садзейнічаць зняццю зрокавай нагрузкі. Напрыклад, будзе абсталяваны сухі басейн, музычныя класікі, светлавое пано, каляровы канструктар і інш.
За кошт фундатараў вучні ездзяць на экскурсіі, пабывалі ўжо ў розных кутках Беларусі: у гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна”, у Белавежскай пушчы, у зімовым садзе Брэсцкага ўніверсітэта, у Брэсцкай крэпасці, у абласных і раённых музеях, у Нясвіжскім замку і іншых.
Я хачу звярнуцца да бацькоў: калі вы любіце сваё дзіця, у якога ёсць праблемы са зрокам, аддайце яго ў нашу школу, і вы не пашкадуеце. Я маю поўнае права так гаварыць, бо мой уласны сын скончыў яе і стаў у далейшым правазнаўцам і эканамістам.
Вера МАНДРЭНКА.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.