Вёска не павінна знікнуць, альбо Агратурызм пашырае гарызонты

1 3 (2) 2 (2)
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

СЁННЯШНІ ЧАС, а тым больш будучыня – за ініцыятыўнымі і прадпрымальнымі, тымі, хто насычаны ідэямі ды імкнецца даць ім жыццёвае ўвасабленне.
Праект “Паляпшэнне доступу да фінансавых рэсурсаў сельскага насельніцтва Беларусі”, які рэалізуе Рэспубліканскі мікрафінансавы цэнтр (РМЦ) пры падтрымцы Амерыканскага агенцтва міжнароднага развіцця (USAID) – ужо на берасцейскай зямлі, больш за тое – на Жабінкаўшчыне.
Асноўныя складнікі праекта: паляпшэнне арганізацыйнага і тэхнічнага патэнцыялу РМЦ, павышэнне фінансавай пісьменнасці, садзейнічанне развіццю прадпрымальніцтва сярод сельскага насельніцтва, пашырэнне доступу да мікразаймаў для вяскоўцаў і прадстаўнікоў малога бізнесу праз айчынныя некамерцыйныя мікрафінансавыя арганізацыі.
Менавіта ў рамках згаданага праекта ў ліпені ладзіўся семінар з адмысловай назваю “Як пачаць сваю справу ў сельскай мясцовасці. Развядзенне гусей, качак і коз як сродак павышэння дабрабыту мясцовага насельніцтва”.
Пляцоўкай для вучобы і абмену вопытам па гэтым пытанні стала аграсядзіба “Рачная”, што месціцца ў Здзітаве. Гаспадар яе, вядомы далёка па-за межамі Жабінкаўскага раёна прыхільнік турызму і вясковага ладу жыцця Генадзь Турыцын вітаў прадстаўнікоў прыватнай установы “Сацыяльнае партнёрства”, калег, што займаюцца карыснай працай у стварэнні аграсядзіб на Брэстчыне.
Адпачынак у падобных асяродках аграэкатурызму высока ацэньваюць не толькі мясцовыя жыхары, але й наведвальнікі нашай краіны, у поўнай меры здольныя адчуць знакамітае беларускае хлебасольства.
Дзейсны ўдзел у працы семінара ўзяў старшыня праўлення РМЦ Ігар Мікульчык, запрошаным ганаровым госцем стала дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Жанна Стаціўка.
ПАЧАТАК ПРАЦЫ ПАКЛАЎ гаспадар сядзібы. Генадзь Фядотавіч у нязмушанай форме распавёў пра ідэю стварэння “Рачной”, як увасаблялася задума першым у раёне стварыць аграсядзібу.
– Ужо тады, напрыканцы мінулага стагоддзя, разумеў, што прывабнасць прыродная і гістарычная могуць стаць магнітам, які прыцягне ў наш край турыстаў, – успамінае Турыцын. – Іх падарожжа можа стаць яшчэ больш прывабным, калі скарыстаць мажлівасці аграэкатурызму. Для гэтага і прыдбаў участак на маляўнічым беразе Мухаўца, дзе прапаную гасцям цікавыя віды адпачынку. Прычым, адпачынку з карысцю: са Здзітава – рукой падаць да абласнога цэнтра, старажытнага Кобрына, Камянецкай вежы, Белавежскай пушчы. Можна наведаць Дом народнай творчасці ў Залуззі, Жабінкаўскі гісторыка-краязнаўчы музей у Касцюшкавых Сяхновічах, прайсціся або праехацца “Зялёнымі маршрутамі Прыбужжа” і “Памятнымі мясцінамі Жабінкаўшчыны”. Усё гэта дазваляе пашырыць свае далягляды, насыціцца багатай гістарычнай спадчынай.
Акрамя таго, і сама сядзіба “Рачная” – месца надзвычай цікавае, дзе для паслуг наведвальнікаў гаспадарчы дом з памяшканнямі для пражывання, фруктовым садам і лазняй. Ёсць і летні дамок “Горны прытулак Манарага”, паляўнічая хатка “Над Сосьвай-ракой”, турыстычныя прынады, карабель пад ветразем, кастрышча ды мангал. Распрацаваны некалькі захапляльных маршрутаў, найгалоўны – водны з выкарыстаннем байдарак, названы па-летапіснаму шляхам “З вараг у грэкі”. Нездарма, геаграфія гасцей на “Рачной” ахоплівае многія краіны свету. Прынамсі, самым першым наведвальнікам стаў грамадзянін Сірыі. Ён прыехаў на адпачынак у санаторый, ды літаральна збег адтуль, калі даведаўся, што час можна бавіць не ў памяшканні, насычаным шклопакетамі, а на сядзібе – у абдымках дзівоснай беларускай прыроды.
ТАК, БЕЛАРУСЬ ЗАХАВАЛА (але ж дадамо і трывожнае слова “пакуль”) багаты натуральны асяродак ды вёску з усім яе непаўторным каларытам. Гэта нездарма здзіўляе заходніх еўрапейцаў, якія страцілі сваю вёску яшчэ ў ХІХ стагоддзі, калі гіганцкімі крокамі прыйшла прамысловая рэвалюцыя. Аднак апошнія 20-25 гадоў прымушаюць задумацца над праблемай будучага і беларусаў, каб у хуткасці таксама не застацца без вёскі. Урбанізацыя, індустрыялізацыя, відавочныя змены ва ўспрыманні рэчаіснасці, уласцівыя, на жаль, пакаленням, што ідуць следам, – даюць падставы для такога горкага прадбачання.
Што ж рабіць у такіх умовах? Здаецца, пошуку адказу на гэтае пытанне і быў прысвечаны семінар у Здзітаве. Нездарма на яго з’ехаліся людзі, чыімі сферамі дзейнасці сталі вядзенне падсобнай гаспадаркі і рамяство, фермерства і індывідуальнае прадпрымальніцтва на сяле – іншымі словамі менавіта тыя, за кім будучыня. Яны першымі пачулі і ўсвядомілі сэнс прамовы кіраўніка дзяржавы, які ў сёлетнім маі адзначаў: у Беларусі прыве-дзены ў парадак буйныя населеныя пункты, зараз справа – за невялікімі вёскамі, якія патрэбна тэрмінова адраджаць.
На здымках: у час семінара на аграсядзібе “Рачная” ў Здзітаве.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.