Калі жніво спраўджвае мары

IMG_3788

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Амаль паўмесяца Мікалай Кавальчук і Ілля Карнялюк жывуць па іншым графіку – устаюць на досвітку, з першымі сонечнымі прамянямі, і спяшаюцца на мехдвор ААТ “Ракітніца”, дзе іх чакае жалезны памочнік – КЗС-1218. Камбайн амаль год стаяў пад павеццю, а цяпер ён, як і яшчэ восем ягоных калег, – гаспадар хлебнага поля.
– Прыходзім на працу рана – многія гараджане ў гэты час яшчэ спяць, – кажа Мікалай Мікалаевіч. – Нам, камбайнерам, пад час жніва на адпачынак, шчыра кажучы, часу нямнога застаецца. Пакуль раса спадзе, трэба раніцай жняярку ад рэшткаў саломы ачысціць, сёе-тое змазаць, падцягнуць, каб усе вузлы і механізмы працавалі, як гадзіннік, на працягу дня. Калі выдаецца добрае надвор’е – на рахунку кожная хвіліна, і вельмі балюча і крыўдна прастойваць у полі, калі камбайн зламаўся.
Мікалай Кавальчук, як дбайны гаспадар, стараецца паломак не дапускаць. Для яго жніво – гэта і магчымасць паправіць сямейны бюджэт. “Спецыяльна бяру працоўны адпачынак у ліпені-жніўні, каб з трактара перасесці ў камбайн, – усміхаецца. – Мог бы, канечне, на канапе адпачываць, аднак без хлебнай нівы ўжо не магу… Трэці год запар вось так “адпачываю”…
Для ягонага памочніка (ён жа і родны пляменнік) Іллі Карнелюка – гэта другая ўборачная кампанія. Малады чалавек сёлета атрымаў доўгачаканы дыплом аб заканчэнні Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Маладога інжынера па радыёэлектроніцы чакаюць на новым месцы працы ў верасні.
– А пакуль на камбайне паезджу, грошай падзараблю, – кажа Ілля. – У бліжэйшых планах – вяселле, а гэтае “мерапрыемства” ва ўсе часы нятанна абыходзілася. Так што жніво для мяне – магчымасць рэалізаваць планы. А тое, што спякотна, горача, цяжка – дык праца камбайнераў ніколі не была простай. Хацелася б, зразумела, у лік “тысячнікаў” трапіць – летась нашаму экіпажу ўсяго 50 тон не хапіла да гэтай “планкі”… Мо, сёлета пашанцуе? Некаторыя палі даволі ўраджайныя выдаліся, за дзень з бункера звыш 70 тон выдавалі. Калі такое спякотнае надвор’е пратрымаецца хаця б тыдзень –
абмалоцім каласы хутка. А пакуль на нашым рахунку 545 тон. Гэта другі вынік сярод экіпажаў ААТ “Ракітніца”.
На здымку: экіпаж у складзе Мікалая Кавальчука і Іллі Карнелюка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.