Рудка пусцілася ў скокі

IMG_3939 IMG_4087 IMG_4084 _DSC3379 IMG_4125 IMG_4128 IMG_3965

 

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Ёсць такія кропкі на карце Жабінкаўскага раёна – Селішча і Рудка. Адлегласць паміж імі – якіх паўкіламетра, яны амаль злучыліся між сабою. Прыгожыя, утульныя вёсачкі летам напаўняюцца дзіцячым гоманам і галасамі дачнікаў. Зімою тут – адноснае зацішша, яно і зразумела: жывуць, згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у аб’яднаных вёсках 110 чалавек.
Аднак у мінулую суботу ў хораша прыбранай, з падфарбаванымі платамі і абкошанымі падворкамі, Рудцы сабралася нямала гасцей і музыкаў: ладзілася свята вёскі. А гэта – падзея для мясцовых жыхароў, якую чакаюць і да якой рыхтуюцца з асаблівай стараннасцю. Гасцінныя гаспадары гатуюць ласункі, напоі і “што мацней”, дэманструюць кулінарныя і творчыя ўменні. Свята вёскі – гэта традыцыя, што не павінна згубіцца ў кругаверці надзённых праблем. Яно аб’ядноўвае людзей, дорыць ім радасць і добры настрой.
“Цвіком” праграмы святкавання дня вёскі Рудкі стала з’яўленне спявачкі-жартаўніцы Наталлі Дырман і яе нязменнай “каманды” – народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”. Дзяўчаты ўмеюць здзіўляць – пад гукі заліхвацкага гармоніка эфектна ўехалі ў вёску на… матаблоку, якім кіраваў Максім Луцэвіч.
Па традыцыі спачатку абыходзілі двары самых дбайных гаспадароў. Музыкаў і гасцей на падворках частавалі ўсялякай смакатой, радавалі сваімі талентамі. Напрыклад, дзеці Галіны Касарукавай зрабілі цыбульна-настальгічную кампазіцыю з таго, што знайшлі на гарышчы: бяспрывадны жалезны прас, сплеценую з лазы калыску, маслабойку і млын упрыгожылі кветкамі і вяночкамі цыбулі. Таццяна і Аляксандр Старынскія на сваім падворку паставілі прасторную альтанку, арэлі, млын, “развялі” штучных птушак, жывёл. Як хораша пабегаць басанож па акуратна скошанай траўцы ўнукам і адпачыць вечарам, удыхаючы водар самых розных красак!
У іх суседзяў двор патанае ў кветках. Гэта – клопат Яраславы Рыгораўны Андрасюк і яе шасцігадовага ўнука Даніка. Кветкі – яе слабасць і любоў. Лілеіць іх не толькі перад вокнамі хаты і за плотам, а нават цераз дарогу на пустыры разбіла вялізную клумбу, зяць і дачка паставілі побач гушкалку, лавачкі і мангал. Цяпер гэта аблюбаванае месца адпачынку мясцовай моладзі. Чаму б не “перахапіць” гэтую ідэю і ў іншых вёсках?
На падворку Сяргея Казея і Таццяны Германовіч “Хмелеўскім валацугам” прапанавалі пракаціцца на “вялікагрузных фурах” – гэта агульны любімец, гарэза-ўнук Яраслаў прадаставіў свой цацачны аўтапарк. Сябры малога з задавальненнем бегалі па мяккай траўцы на падворку, пакуль госці спявалі “Многая лета” і іншыя песні гаспадару. Дарэчы, у старасты вёскі ў той дзень якраз быў дзень нараджэння.
У Раісы Баран, на падворак якой з віншаваннямі заходзілі спевакі, таксама было радасна – прыехалі дзеці з унукамі.
На двары Міхалевічаў было, бадай, найбольш людзей. Тут сабраліся адразу дзве сям’і – Яскічаў і Міхалевічаў. І пакуль дарослым падносілі “чарачку” і спявалі, дзеці актыўна частавалі прысмакамі са стала шэрае кацяня.
У двары Кавальчукоў было хораша і ўтульна ў засені гонкіх туй і нейкіх “заморскіх” дрэўцаў. Гэтая сям’я добра вядомая не толькі ў роднай вёсцы, але і ў раёне. Мікалай Пятровіч не адзін дзясятак гадоў быў дырэктарам другой гарадской школы, вучыў дабрыні і справядлівасці хлопчыкаў і дзяўчынак. Яго брат Уладзімір Пятровіч узначальвае калектыў ветлабараторыі ў Жабінцы.
Калі гаварыць пра людзей, вядомых у раёне, чыё імя звязана з Рудкай, то варта было б узгадаць і Паўла Шыдловіча, дырэктара ААТ “Арэпічы”, а таксама ветурачоў Кавальчукоў – Васіля і Уладзіміра. Пэўна, праславяць Рудку і іншыя вяскоўцы, якія пакуль яшчэ вучацца ў школе або наведваюць дзіцячы сад…
Пасля абходу падворкаў жыхары вёскі сабраліся на імправізаванай сцэне, каб паслухаць канцэрт. Свае песні дарылі артысты з Белавежскага СДК. Затым песенны марафон падхапілі “Хмелеўскія валацугі”. А якое свята без падарункаў? Вядома, яны таксама былі. Прыемныя прызы атрымалі самы юны жыхар Рудкі Уладзік Андрасюк і самы пажылы Іван Бурко, а таксама гасцінныя гаспадары: Алена Андрасюк і Ірына Шыян, Галіна і Аляксандр Касарукавы, Таццяна і Аляксандр Старынскія, Сяргей Казей і Таццяна Германовіч, Раіса Баран, Марыя Касянчук, Уладзімір і Святлана Міхалевічы, Уладзімір і Вольга Кавальчукі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.