Да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання

dubrovno_biblioteka_skarina_1

Нясуць выданні Скарыны
святло духоўнасці і веры

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.
Калі гартаеш выданні Скарыны, не ўзнікае адчування даўніны. Затое ёсць разуменне годнасці, велічы, гонару за свой таленавіты народ і краіну, што пяць соцень гадоў таму падаравала свету святло духоўнасці і веры.
6 ЖНІЎНЯ 1517 ГОДА – асаблівая дата ў Беларусі. У гэты памятны для гісторыі ўсёй Еўропы дзень доктар Францішак Скарына “са славутага горада Полацка” надрукаваў у чэшскай Празе першую кнігу на беларускай мове, якую тады звалі ліцвінскаю ці рускаю.
Псалтыр, з якога вялікі палачанін пачаў сваю выдавецкую дзейнасць, атрымаў у старарускай кніжнасці моцнае распаўсюджванне. І не дзіўна, бо з-пад Скарынінскага варштата ўпершыню на роднай мове выйшаў збор 150 гімнаў і песень, скіраваных не толькі да чалавечага, але й да Божага слыху. Са старажытных часоў стварэнне Псалтыра прыпісваюць цару Давіду. Дапамог жа ўпершыню загучаць Давідавым спевам, запісаным спачатку на старажытнаяўрэйскай, моваю нашага народа менавіта Скарына.
Невялічкі памер ягоных выданняў і мова перакладу яскрава сведчылі: першадрукар ствараў Біблію для штодзённага чытання простых людзей і рабіў тое, бо цудоўна ўсведамляў важнасць кожнага слова, запісанага ў Кнізе Кніг, як нярэдка завуць Біблію. Простая ісціна – шукаць праўду ў Божым Слове – адкрылася некалі Скарыну і здолела змяніць ягоны лёс і жыццё беларусаў розных часоў ды пакаленняў. Сёння, як і 500 год таму, біблейская мудрасць бароніць край, названы паэтычна і трапна Зямлёй Пад Белымі Крыламі.
1517 год даў старт айчыннаму кнігадрукаванню, якое не спыняецца дасюль, прыносячы асалоду чытання ўсім прыхільнікам духоўнасці, адукацыі, кніжнасці. Скарынава дзейнасць мела каласальны ўплыў на лёсы краін і народаў, найперш беларускаў: неўзабаве пасля таго, як першыя аркушы выйшлі з-пад варштата, запушчанага рукою асветніка з Полацка, пэўныя пастановы з Бібліі былі ўключаны ў заканадаўства нашай краіны, якая звалася тады Вялікім Княствам Літоўскім. Уся дзяржава пад уплывам друкаванага слова перажыла велізарны ўздым як у духоўным, так і ў палітычным, сацыяльным, эканамічным плане. Біблія зрабіла неацэнны ўнёсак для развіцця Беларусі на вякі.
Ужо пяць стагоддзяў Скарынавы кнігі ў цэнтры ўвагі, іх вывучалі і дасюль вывучаюць многія навукоўцы. Былі і спробы перавыдаць факсіміле Псалтыра ды іншых кніг доктара Францішка Скарыны. Адно з такіх перавыданняў беражліва захоўваецца ў Жабінкаўскай раённай бібліятэцы. Кожны жадаючы можа наведаць чытальню, каб увачавідкі пабачыць вынік працы чалавека, што “праліў святло асветы” на галовы “людзей паспалітых” ва ўсіх гарадах і вёсках беларускай зямлі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.