Проба без права на памылку

IMG_9889

Святлана КІСЛАЯ.
Фота аўтара.

Урокі Таццяны Віктараўны Даманскай, настаўніцы хіміі трэцяй гарадской школы, у памяці многіх старшакласнікаў застануцца як надзвычай захапляльныя “шоу” з мноствам колбачак, рэактываў і загадкавых працэсаў, што адбываюцца ў прабірках пад уздзеяннем цяпла і хімічных элементаў.
Пад час практычных і лабараторных работ настаўніца бачыла ў вачах вучняў непадробны інтарэс і захапленне сваім прадметам. Яна даступна і зразумела тлумачыла дзецям, як паводзіць сябе ферум, аўрум, азот у “кампаніі” іншых хімічных элементаў табліцы Мендзялеева (якая, па леген-
дзе, нібыта прыснілася вялікаму вучонаму). Многіх вучняў Таццяне Віктараўне ўдалося ўлюбіць у свой прадмет, а некаторыя выпускнікі нават вырашылі звязаць сваё жыццё з хіміяй.
Аксана Уладзіміраўна Панасюк (на здымку) – адна з гэтай плеяды.
– Мне настолькі падабалася хімія, што не ўяўляла сваёй прафесіі без яе, – расказвае Аксана. – У атэстаце аб заканчэнні маёй любімай трэцяй гарадской школы былі выдатныя адзнакі, таму з лёгкасцю паступіла ў Магілёўскі ўніверсітэт харчавання на кафедру “тэхналогія хімічных валокнаў”. Дзякуючы ведам, якія давала на школьных уроках Таццяна Віктараўна, вучыцца на інжынера хіміка-тэхнолага мне было нескладана і надзвычай цікава. Асабліва падабалася, калі вывучалі арганічныя злучэнні.
Аксана годна абараніла дыпломны праект і атрымала дакумент аб вышэйшай адукацыі. Паўстала пытанне працаўладкавання. Месца маладому спецыялісту знайшлося ў вытворча-тэхнічнай лабараторыі ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”.
– Памятаю, калі ўпершыню пераступіла парог лабараторыі, – узгадвае Аксана, – мяне ўразіла бялюткай чысцінёй памяшканне, шафы, за-поўненыя абсталяваннем і прыборамі. А яшчэ – ветлівыя і добразычлівыя адносіны старэйшых калег да мяне, “маладога кадра”. З добрым настроем штодня спяшалася ў лабараторыю.
Праўда, нядоўга. Хутка ў маладой сям’і Панасюкоў нарадзілася дзіця, потым – другое. Год назад Аксана Уладзіміраўна выйшла з дэкрэтнага адпачынку. І зноў апынулася ў сваёй “стыхіі” – сярод рэактываў, прыбораў, па якіх паспела засумаваць, пакуль гадавала немаўлят.
Службовых абавязкаў у інжынера-лабаранта хапае: напрыклад, вызначае кіслотнае і перакіснае чысло, а таксама хлорарганічныя пестыцыды ў сыравіне і гатовай прадукцыі; кантралюе колькасць эрукавай кіслаты ў масланасенні рапсу. Не будзем стамляць чытача складанымі навуковымі тэрмінамі, а акрэслім задачы Аксаны Панасюк больш проста: не дапусціць у вытворчасць кампанентаў камбікорму, якія не адпавядаюць патрабаванням.
Інжынер-лабарант пры-зналася, што самы любімы яе час – нарыхтоўка збожжа, калі загружаныя спелым зернем машыны вязуць ураджай на элеватар.
– Мы адбіраем пробы і правяраем зярняты, – дзеліцца вытворчымі сакрэтамі Аксана. – Спачатку вылучаю з іх раствор, потым выпарваю яго і змяшчаю ў храматограф. Як правіла, прывезеная сыравіна адпавядае патрабаванням. Хаця рэдка, але даводзіцца з-за неадпаведнасці нормам вяртаць яе адпраўшчыкам. Сыравіну таксама падвяргаем кіслотнаму і перакіснаму аналізу. Ёсць шэраг аналізаў, якія таксама праводзім з гатовым камбікормам. Усё для таго, каб сачыць за якасцю выпускаемай прадукцыі, бо нездарма на заводзе існуе лозунг “У якасці – наша сіла”.
Летась у лабараторыю паступіў новенькі ратацыйны выпарвальнік. Яго можна выкарыстоўваць як выпарвальнік і як вадзяную лазню. Прыбор вельмі адчувальны і карысны, дазваляе больш дакладна выконваць некаторыя аналізы.
– Заводская лабараторыя – гэта мой другі дом, – жартуе Аксана. – Я літаральна жыву тут, з асалодай праводжу патрабуемыя аналізы (некаторыя, дарэчы, займаюць па некалькі гадзін). Сярод гэтых прыбораў, рэактываў, эфіраў адчуваю сябе чараўніцай. Толькі ёсць адно “але” – не маю права на памылку.
Аксана Панасюк выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі. Гэта ўсмешлівая, прывабная маладая жанчына з тоўстай касой паспявае ўсё і ўсюды, яна – душа калектыву. Такія маладыя людзі – будучыня завода.
А яшчэ Аксана – любячая жонка і пяшчотная маці. У вольны ад сямейных клопатаў час любіць забавіць дзяцей простымі хімічнымі вопытамі. Малыя ў захапленні ад “фокусаў”, кампаненты для якіх (тыя ж сода і воцат) знойдуцца на любой кухні.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*