Мая цудоўная вёсачка

IMG_20170801_193528

Там, дзе шумяць воды Асіпоўкі, дзе шэпча лісце Руслаўкі, стаіць невялікая, але такая цудоўная вёсачка Старое Сяло.
Сёлета маёй маленькай радзіме спаўняецца 457 гадоў! Так, гэта не юбілей, але ўсё роўна вялікая і знакавая дата.
Для паслуг старасельцаў два магазіны, дзе ніводнай хвіліны не праходзіць без пакупнікоў; фельчарска-акушэрскі пункт, у якім заўсёды зразумеюць і дапамогуць; аддзяленне паштовай сувязі, дзе працуюць ветлівыя і ўважлівыя жанчыны. Ёсць і школа, куды з радасцю бяжыць юнае пакаленне вёскі, а таксама бібліятэка, дзе вы знойдзеце амаль любую кнігу, і клуб, супрацоўнікі якога падораць вам прыемныя хвіліны ў свята…
А яшчэ ў нашай вёсцы ўзводзіцца царква Усіх Святых.
Паводле сказанага вышэй здаецца, што сяло не такое ўжо і старое! Але ж чаму ўсё-такі яно так называецца? Вось што расказвае пра нашу вёсачку легенда.
…Даўным-даўно, на месцы, дзе зараз месціцца вёска, стаяў невялічкі хутар. Людзей тут было мала – да трыццаці сялян, але ўсе яны жылі талакою. У горы, у радасці – разам. Займаліся земляробствам ды жывёлагадоўляй. Кожны год збіралі нашы продкі багатыя ўраджаі. ШчодраIMG_20170801_191333 адорвала зямелька, зімой не галадалі.
Але адным летам сабралі благі ўраджай – мала-мала ўсяго было! А на наступны год ды і зусім нічога не ўрадзіла. Не захацела зямля сялян карміць…
Сталі людзі думаць – што рабіць. Падумалі-падумалі ды вырашылі пакінуць свой хутар. Пасяліліся яны ў лесе, сярод дубоў ды бяроз. Там зямелька радзіла яшчэ лепш, чым на хутары.
Дый сталі людзі па-старому жыць – жыта сеяць, кароў пасці. Ды так і жылі яны спакойна, пакуль… Пакуль лес іхні не загарэўся…
Пажар! Што рабіць? Дзе жыць? Куды сяліцца? Усё ж прыйшлі яны на старое месца, у родны куток. А зямля, мабыць, узрадавалася, што сяляне вярнуліся, і радзіць зноўку пачала. Ды яшчэ як!
Так і засталіся людзі тут жыць. А паселішча сваё назвалі Старая Весь, а потым і Старое Сяло.
Так, шмат чаго з таго часу змянілася ў вёсцы, але не людзі. Яны засталіся ў нас такія ж працавітыя, дружныя, мужныя, разумныя, добрыя, чулыя, шчодрыя, гасцінныя… Эх, словы, якімі апісваюць старасельцаў можна падбіраць бясконца! Яны і ў агонь, і ў ваду, што б ні здарылася!
IMG_20170801_191422Так, Старое Сяло – гэта сапраўды цудоўная вёсачка. Хай жа яна квітнее, і, спа-дзяюся, у будучым дапамагаць ёй у гэтым будзе наша маладое пакаленне!
Вольга ДРУШЧЫЦ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.