Пракуратурай Жабінкаўскага раёна ва ўзаемадзеянні з іншымі праваахоўнымі, кантралюючымі органамі ў першым паўгоддзі сёлета праведзена значная работа па ўмацаванні законнасці і правапарадку, абароне інтарэсаў грамадзян, грамадства і дзяржавы на тэрыторыі раёна.
Як паказаў аналіз, у I паўгоддзі бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага адбылося зніжэнне агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў з 77 да 72, ці на 6,5%. Паказчык іх раскрывальнасці склаў 78,6 % (у І паўгоддзі 2016-га – 79,8%) (сярэднеабласны 74,5%).
Зменшылася колькасць зарэгістраваных злачынстваў на тэрыторыі Ленінскага сельсавета з 14 да 4, Хмелеўскага – з 7 да 3 і Сцяпанкаўскага – з 3 да 1. На ўзроўні мінулага года – 8 злачынстваў – зарэгістравана ў Жабінкаўскім сельсавеце. Павялічылася іх колькасць на тэрыторыі Жабінкі (з 30 да 36), Ракітніцкага, Крыўлянскага і Азяцкага сельскіх Саветаў.
Асабліва цяжкія злачынствы склалі 3%, цяжкія – 5%, меней цяжкія – 68%, не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі – 25%. Не было зарэгістравана забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў, якія прывялі да смерці пацярпелага, згвалтаванняў і разбояў.
З 37 да 26 паменшылася колькасць крадзяжоў. Аднак, павялічылася колькасць рабаванняў, вымагальніцтваў, хуліганстваў і махлярстваў. З 15 да 10 паменшылася колькасць злачынстваў, здзейсненых групай асоб.
Аналіз правапарушэнняў і злачынстваў, здзейсненых на Жабінкаўшчыне ў першым паўгоддзі сёлета, сведчыць пра недастатковасць прымаемых прафілактычных мер з боку АУС Жабінкаўскага райвыканкама, сельвыканкамаў і іншых суб’ектаў прафілактыкі. Недастаткова эфектыўна ажыццяўляюць свае задачы добраахвотныя дружыны і саветы грамадскіх пунктаў правапарадку.
Супрацоўнікі Жабінкаўскага РАУС не праводзяць належныя рэйды па дамах і кватэрах, у якіх збіраюцца асобы, што сістэматычна парушаюць грамадскі парадак і схільныя да здзяйснення правапарушэнняў. А гэта спрыяе здзяйсненню ва ўказаных дамах цяжкіх злачынстваў.
Так, у двары дома па вуліцы Свабоды ў райцэнтры, які належыць грамадзяніну Ш., неаднаразова асуджаны А. 16 сакавіка ў стане алкагольнага ап’янення, пад час сваркі, што ўзнікла на глебе асабістых непрыязных адносін, наўмысна нанёс грамадзяніну Ш. адзін удар абухом сякеры па руцэ і два ўдары па галаве, прычыніўшы апошняму цяжкія цялесныя пашкоджанні.
Пацярпелы Ш., як і вінаваты А., знаходзіцца на прафілактычным уліку ў Жабінкаўскім РАУС, разам з тым, работа з ім праводзіцца несістэмна, без уліку яго схільнасцяў і паводзін у побыце.
Адзін з недахопаў у працы аддзела ўнутраных спраў райвыканкама – адсутнасць работы са сваякамі і блізкімі тых, хто стаіць на ўліку, якія могуць аказаць станоўчы ўплыў на ўказаных асоб.
Праведзеныя пракуратурай Жабінкаўскага раёна праверкі і аналіз інфармацыйна-аналітычных дадзеных сведчаць пра тое, што суб’ектамі прафілактыкі раёна, іншымі ўстановамі і арганізацыямі праводзіцца пэўная работа па прафілактыцы безнагляднасці, правапарушэнняў і іншых антыграмадскіх дзеянняў непаўналетніх, выяўленні і ўхіленні іх прычын і ўмоў, па ахове правоў і законных інтарэсаў непаўнагадовых. Сёлета, дарэчы, не зарэгістравана ніводнага злачынства, здзейсненага непаўнагадовымі (першае паўгоддзе 2016-га – 2).
Аднак з 23 да 31 павялічылася колькасць адміністрацыйных правапарушэнняў.
Маніторынгам выканання заканадаўства, накіраванага на забеспячэнне бяспекі дзяцей, устаноўлена, што КУШВП ЖКГ “Жабінкаўская ЖКГ” і ПМК № 19 неналежным чынам выконваюцца рашэнні райвыканкама і патрабаванні заканадаўства аб утрыманні і абсталяванні пляжаў і месцаў для купання, забеспячэнні іх бяспечнай эксплуатацыі. Так, на момант маніторынгу не былі абсталяваны крыніцамі пітной вады тэрыторыі на пляжы возера Візжар у Жабінцы і на пляжы возера аграгарадка Хмелева. На апошнім не ўсталяваны шчыт з выратавальнай маёмасцю. Межы заплыву на гэтых пляжах не пазначаны буямі аранжавага колеру. На пляжных стэндах адсутнічала прадугледжаная заканадаўствам інфармацыя.
Пры праверцы выканання ў аздараўленчым лагеры з кругласутачным знаходжаннем “Арляня” заканадаўства па ахове жыцця і здароўя дзяцей, выяўлены шэраг парушэнняў, якія ствараюць перашкоды паспяховаму функцыянаванню аздараўленчага лагера і выкананню ім асноўных задач па ахове жыцця і здароўя дзяцей (на момант праверкі ў змене знаходзілася 260 дзяцей). На тэрыторыі аздараўленчага летніка не быў абмежаваны доступ дзяцей да жалезабетоннага каналізацыйнага калодца з вадой глыбінёй больш за 1,5 метра, які быў прыкрыты бляшаным шчытом, не прызначаным для гэтых мэт. Жалезная сетка вакол кантэйнернай пляцоўкі патрабуе рамонту, бо правісае ў бок дарожак, дзе штодня праходзяць дзеці, што ўяўляе для іх пагрозу. Каля лавачак на тэрыторыі лагера аголены падмуркавыя камяні.
Вышэйуказаныя парушэнні маглі стаць прычынай дзіцячага траўматызму.
Праверка выканання заканадаўства аб гарантыях па сацыяльнай абароне дзяцей-сірот і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў, якія выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях, выявіла недахопы ў дзейнасці аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Выяўлены выпадак несвоечасовага прыняцця мер па адхіленні апекуна Кобак Н.П. ад выканання ёю сваіх абавязкаў.
Кантроль за ўмовамі выхавання выхаванцаў дзіцячага дома сямейнага тыпу Круглея Р., Круглей А., Бакуна Ю. ажыццяўляўся з парушэннем тэрмінаў.
У раёне захоўваецца негатыўная тэндэнцыя парушэння (невыканання) патрабаванняў правілаў аховы працы і тэхнікі бяспекі, недастатковы ўзровень працоўнай і вытворчай дысцыпліны.
У адпаведнасці з Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” і Дэкрэтам Прэзідэнта Беларусі № 5 “Аб узмацненні патрабаванняў да кіруючых кадраў і работнікаў арганізацый” кіраўнікі арганізацый абавязаны забяспечыць вытворчую, выканаўчую і працоўную дысцыпліны.
Акрамя таго, пунктам 4 Дэкрэта
№ 5 замацаваны абавязкі работнікаў, якім даручана неадкладна прымаць меры па бяспечным спыненні абсталявання, прыстасаванняў, транспартных сродкаў у выпадку іх няспраўнасці і паведамляць пра гэта свайму кіраўніку.
Па выніках праведзеных праверак (маніторынгаў) парушэнні заканадаўства аб ахове працы і тэхніцы бяспекі выяўлены практычна ў кожнай арганізацыі. У першым паўгоддзі пракуратура раёна ўнесла 5 прадстаўленняў (ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”, “Ракітніца”, “Жабінкаўскі”, “Маціевічы”, “Жабінкаўскі камбікормавы завод”), 18 прадпісанняў, па патрабаванні пракурора раёна да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнута 20 службовых асоб.
Алена СІДАРУК, в. а. пракурора Жабінкаўскага раёна.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%