Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.
Старшы вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 Жабінкаўскага РАНС Мікалай Шчэрбін цудоўна ведае сваю справу і гатовы ў любую хвіліну прыйсці на дапамогу.
Месца нараджэння Мікалая – горад Нароўля Гомельскай вобласці – пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС апынулася ў зоне радыеактыўнага забруджвання. Таму сям’я вымушана была ў 1991 годзе пакінуць родныя сэрцу мясціны, памяняць месца жыхарства. Шчэрбіны пусцілі карані на Жабінкаўшчыне.
У школьныя гады першага верасня для Мікалая было двайным святам: ён адзначаў Дзень ведаў і свой дзень нараджэння. Калі скончыў 9 класаў першай гарадской школы, паступіў у Маларыцкае прафесійна-тэхнічнае вучылішча і атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста шырокага профілю. Затым хлопца чакала практыка ў калгасе імя Куйбышава (зараз ААТ “Маціевічы”) і армейскія будні.
Пасля службы ў войску тры гады Мікалай Шчэрбін шчыраваў вадзіцелем Жабінкаўскай сельгастэхнікі. У 2003-м убачыў аб’яву ў раёнцы, што ў Жабінкаўскі РАНС патрабуецца падменны вадзіцель, і перайшоў у аддзел, калектыў якога стаў яму другой сям’ёй, а праца прынесла аўтарытэт і прызнанне. Праз дзевяць гадоў яго павысілі да пасады старшага вадзіцеля пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1. Сёння пад кіраўніцтвам Мікалая Канстанцінавіча працуюць 14 чалавек. Галоўная іх задача – боегатоўнасць падраздзялення, спраўнасць тэхнікі, аператыўны яе рамонт. Старшы кіроўца з задавальненнем навучае малады састаў тонкасцям прафесійнай справы. Штогод у яго новы вучань, за якім Мікалай Канстанцінавіч замацаваны як настаўнік. Сёлета гэта малодшы сяржант унутранай службы малады вадзіцель Арцём Барэцкі.
– Хлопец адказны, кемлівы, усё схоплівае на ляту, – кажа Мікалай Канстанцінавіч. – Увогуле, выпадковых людзей у нас не бывае.
Напэўна, так яно і ёсць, таму што калі ўзяць самога Мікалая Шчэрбіна, то за добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, адказнасць і прафесіяналізм ён неаднойчы ўзнагароджваўся граматамі і лістамі падзякі раённага выканаўчага камітэта і райсавета дэпутатаў. Летась быў датэрмінова прадстаўлены да чарговага звання – старшы прапаршчык унутранай службы.
Ёсць у Мікалая Кан-станцінавіча цікавае хобі: ужо пяць гадоў ён калекцыяніруе металічныя машынкі. Пажарная калекцыйная тэхніка ўпрыгожвае яго асабісты кабінет, уздымае настрой. Якіх мадэляў тут толькі няма! Выратавальнік прызнаецца, што не можа прайсці міма той машынкі ў магазіне, якой няма ў яго калекцыі, і жартуе: жонка Марыя Адамаўна з гэтым ужо змірылася, як і прызвычаілася да таго, што мужа могуць выклікаць на працу ў выхадны дзень або ўначы.
– Наша прафесія – ратаваць лю-дзей, – кажа Мікалай Шчэрбін. – Ад вадзіцеля залежыць многае: ён павінен дасканала ведаць раён выезду, водныя крыніцы, своечасова прыбыць на месца пажару або іншай надзвычайнай сітуацыі. Не на тую дарогу звярнуў – страціў каштоўныя хвіліны, ад якіх часам залежыць выратаванне чалавека. Да таго ж кожны супрацоўнік МНС валодае навыкамі многіх іншых сумежных прафесій: вадзіцель у патрэбную хвіліну ператвараецца ў пажарнага ці медработніка.Мікалай Канстанцінавіч разумее: ад умення хутка прымаць рашэнні ў няпростых сітуацыях часта залежаць жыццё і здароўе людзей. І ён валодае ім у поўнай меры.
Сёлетні год у жыцці Мікалая Шчэрбіна юбілейны. Ён набліжаецца да гэтай даты з вялікім багажом вопыту, задаволены вынікамі сваёй працы, ганарыцца сваімі дочкамі: старэйшая Ірына –
навучэнка гарадскога ліцэя, малодшая Ганна – 8-класніца першай гарадской школы. А яны ў сваю чаргу з захапленнем і гонарам гавораць пра тату і не прапускаюць паказальныя выступленні супрацоўнікаў Жабінкаўскага РАНС на Дзень горада, у якіх Мікалай Шчэрбін прымае самы непасрэдны ўдзел.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%