27 ліпеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі. На нарадзе размова ішла аб важных і актуальных пытаннях нацыянальнай бяспекі, у ліку якіх было каля дзясятка тэм. Вялікая ўвага была ўдзелена правядзенню Беларуссю важных міжнародных мерапрыемстваў.
Лукашэнка: дысцыпліна застаецца пытаннем нумар адзін
Такі пункт гледжання выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе.
Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму выканання Дырэктывы нумар 1. «Не скажу, што ў нас з дысцыплінай усё ў парадку», — заўважыў ён.
Прэзідэнт, параўноўваючы сітуацыю ў Беларусі з сітуацыяй у іншых краінах, падкрэсліў важнасць таго, што ў нас «людзі жывуць у спакойнай, бяспечнай абстаноўцы, дзе на запыты людзей адказвае ўлада».
«У аснове гэтага — дысцыпліна, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Я не скажу, што мы дасягнулі вяршыні ў гэтым плане, таму дысцыпліна — пытанне нумар адзін. Асабліва гэта залежыць ад сілавога блока, ад паводзін ваеннаслужачых, людзей у пагонах». Ён звярнуў увагу, што яны павінны кантраляваць абстаноўку, у тым ліку на вуліцах. «Ім да ўсяго павінна быць справа — да руху транспарту, перамяшчэння людзей, аказання дапамогі, калі ў гэтым узнікае неабходнасць. Мы павінны дэманстраваць перад людзьмі, што мы недарма ядзім хлеб. Бо мы ж на іх грошы існуем».
На нарадзе размова ішла і аб арганізацыі сумеснага патрулявання ваеннаслужачых і супрацоўнікаў МУС у мэтах падтрымання парадку на вуліцах населеных пунктаў.
Лукашэнка: вучэнні «Захад-2017» з’яўляюцца адкрытымі, і Беларусь запрашае вялікую колькасць наглядальнікаў
У час мерапрыемства кіраўнік дзяржавы закрануў тэму маючых адбыцца сумесных стратэгічных вучэнняў узброеных сіл Беларусі і Расіі «Захад-2017». «Аб гэтым шмат сказана, і я хацеў бы пачуць нешта новае. Усе старыя пытанні — і заклапочанасць НАТА, і нашы суседзі, і ва Украіне я нядаўна быў — усім усё растлумачылі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Вучэнні адкрытыя, мы запрашаем або ўжо запрасілі вялікую колькасць наглядальнікаў. Прыязджайце, глядзіце».
Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на той факт, што вучэнні маюць абарончы характар. «Разам з Расійскай Федэрацыяй традыцыйна правядзём гэтыя вучэнні», — рэзюмаваў ён.
Беларусь восенню правядзе сесію Савета калектыўнай бяспекі АДКБ
Беларусь, якая старшынствуе ў АДКБ, восенню правядзе сесію Савета калектыўнай бяспекі, паведаміў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі.
На мерапрыемстве ў ліку іншых разглядаюцца пытанні дзейнасці сістэмы калектыўнай бяспекі ў АДКБ, дзе Беларусь цяпер старшынствуе. «Ад Беларусі заўсёды чакаюць эфектыўнага старшынства. Нам трэба коратка абмеркаваць, як развіваюцца падзеі па беларускім старшынстве, як мы ажыццяўляем заяўленыя напрамкі дзейнасці», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Галоўным у шэрагу мерапрыемстваў беларускага старшынства павінна стаць сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, якая запланавана на восень.
Лукашэнка: Беларусь павінна дастойна правесці II Еўрапейскія гульні
Гэтай тэме была ўдзелена асобная ўвага ў час нарады. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці ёсць якія-небудзь пытанні па маючым адбыцца правядзенні гэтых прэстыжных міжнародных спаборніцтваў. Ён звярнуў увагу, што ў гэты перыяд часу беларуская сталіца стане міжнародным спартыўным эпіцэнтрам. У Мінск прыбудзе нямала замежных гасцей не толькі з еўрапейскіх, але і іншых замежных дзяржаў. У ліку пытанняў падрыхтоўкі да Еўрагульняў знаходзяцца і тэмы забеспячэння бяспекі.
«Беларусь павінна дастойна правесці II Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Лукашэнка лічыць прынцыповым пытанне аптымізацыі сілавых структур
«Мы вызначым узровень колькасці, затраты на тыя ці іншыя напрамкі, прывядзём гэта ў адпаведнасць у бягучым годзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
У далейшым пытанні аптымізацыі не знікнуць, лічыць Прэзідэнт, але гэта будзе ўжо задача кіраўнікоў ведамстваў. «Мы іх будзем проста трымаць на кантролі, стымуляваць да аптымізацыі структур. Але ўжо не на самым высокім узроўні і не ў маштабах краіны, як мы гэта робім цяпер», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Лукашэнка даручыў праваахоўнікам пракантраляваць шэраг пытанняў уборачнай кампаніі
Аб гэтым паведаміў журналістам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы.
«Кіраўніком дзяржавы сёння пастаўлены дадатковыя задачы перад сілавымі органамі. Цяпер у нас пачынаецца ўборка ўраджаю. Пэўныя задачы тут будуць выконваць і праваахоўныя органы, пры гэтым неадкладна», — адзначыў Станіслаў Зась.
Дзяржсакратар удакладніў, што, у прыватнасці, неабходна будзе кантраляваць гатоўнасць тэхнікі да ўборачнай кампаніі. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена кантролю над беражлівым стаўленнем да сабранага ўраджаю. «Усе гэтыя пытанні будуць узяты на кантроль нашых праваахоўных органаў. Такое даручэнне ад кіраўніка дзяржавы мы сёння атрымалі», — сказаў ён.
Зась расказаў аб выніках праверкі органаў пагранслужбы па даручэнні Прэзідэнта
«Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб ходзе праверкі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта — гэта было асобнае даручэнне Прэзідэнта на бягучы год. І такая праверка праводзіцца», — сказаў Станіслаў Зась.
Паводле яго слоў, дзейнасць органаў пагранслужбы правяраецца як непасрэдна на дзяржграніцы і ў пагранічнай зоне, так і ў паветранай прасторы. «Гэта дае свае вынікі, у тым ліку па рабоце пагранічнага ведамства. Усё ж такі стала больш звяртацца ўвагі на практычную работу падраздзяленняў, якія непасрэдна ахоўваюць дзяржаўную граніцу. У гэтым годзе мы адзначаем павелічэнне на 30 працэнтаў затрыманняў на граніцы. Гэта, вядома, таксама вынік работы пагранічнікаў», — адзначыў дзяржсакратар.
Вынікі работы сілавога блока Беларусі за I паўгоддзе станоўчыя па ўсіх напрамках — Зась
«Мы праінфармавалі кіраўніка дзяржавы аб рабоце ўсіх сілавых органаў краіны за першае паўгоддзе. Усе дзяржаўныя органы забеспячэння нацыянальнай бяспекі адпрацавалі ў штатным рэжыме, без зніжэння эфектыўнасці ў штодзённай дзейнасці. Вынікі па ўсіх асноўных напрамках дзейнасці станоўчыя», — расказаў Станіслаў Зась.
Ён адзначыў зніжэнне злачыннасці ў цэлым па краіне: менш стала забойстваў, разбояў, крадзяжоў і грабяжоў. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года знізілася колькасць дарожна-транспартных здарэнняў і пажараў, а таксама колькасць пацярпелых у іх.
«У нас адзначаюцца паляпшэнні і ў ахове дзяржаўнай граніцы, рабоце мытных органаў, у тым ліку навядзенні парадку сярод асабовага складу», — звярнуў увагу дзяржсакратар.
На здымку: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 ліпеня на нарадзе з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%