У свае 90 гадоў Ганна Рыгораўна Панасюк чытае газеты і кнігі, глядзіць тэлевізар, прыгожа вышывае, мілагучна спявае беларускія і польскія песні. У яе няма нават сярэдняй адукацыі. Ды й узрост вельмі шаноўны! Здавалася б, сядзі з суседкамі на лаўцы, падтрымлівай размову. Ды не. Пенсіянерка лічыць: свабоднага часу зараз многа, у рэшце рэшт можна заняцца справамі для душы: вышыць праўнукам падушачкі, дапамагчы сыну Леаніду ў гаспадарцы.
Гэтай сціплай, ціхай жанчыне сапраўды з дзяцінства больш даводзілася думаць пра надзённы хлеб, чым пра задавальненне прыроджаных здольнасцей.
У сям’і Ганны было 11 дзяцей. Працавалі ўсе: устаў на ногі – павінен пасці гусей, свіней, палоць агарод, нарыхтоўваць сена. Старэйшыя дзеці многа часу праводзілі ў полі, дапамагаючы тату і матулі. Працы хапала заўсёды, таму знайсці хвілінку для забаў было складана. Затое гэта дапамагала адчуць важнасць жыццёвых аксіём: кошт акрайчыка хлеба, радасць ад падтрымкі роднага чалавека.
Адукацыю Ганна Рыгораўна атрымала толькі пачатковую, за плячыма мела ўсяго чатыры класы. Пры гэтым, дзе б ні працавала, любая справа ёй была па душы.
Ганначцы было 14 гадоў, калі пачалася вайна. Акупацыя, і замест вучобы – прымусовая праца ў Германіі: гітлераўцы насільна вывозілі моладзь на работы ў сваю краіну. Пасля вайны было ўжо не да вучобы, хварэлі родныя, рана памёр бацька. І дзяўчына пайшла працаваць поварам у параходства. Уладкавалася на цеплаход, які плаваў па Днепра-Бугскім канале па маршруце Пінск–Брэст. Тут і пазнаёмілася з будучым мужам Аляксандрам. У 1947 годзе працавіты Аляксандр і прыгажуня Ганна згулялі вяселле. У хуткім часе ў маладой сям’і зазвінеў дзіцячы смех, адзін за другім нарадзіліся чатыры сыны. Выгадавалі іх такімі ж працавітымі, сціплымі і тактоўнымі. Усе сямейныя клопаты дзялілі папалам. Далі дзецям дарогу ў жыццё. Калі захварэў на сухоты і памёр муж, усе сямейныя праблемы леглі на кволыя плечы Ганны Рыгораўны. Давялося перайсці на працу бліжэй да дому. Была даяркай у родным калгасе. Цяжкасцей перажыла шмат, але ўсё вытрымала, дапамагла дзецям уладкавацца ў жыцці. Леанід стаў прадпрымальнікам, Аляксандр працуе прарабам, Уладзімір – будаўнік, Валерый – механізатар у калгасе “Закозельскі” Драгічынскага раёна. Самі ўжо бацькі са стажам: падарылі матулі восем унукаў, а тыя, у сваю чаргу, 16 праўнукаў.
Ганна Рыгораўна – мудрая, цікавая спявачка, чалавек незвычайнай душэўнай прыгажосці і шчодрасці, майстар на ўсе рукі. Працавала на зямлі і можа таму мае тонкую душу і здольная спачуваць усім вакол.
Праца – вось, відаць, галоўны сакрэт даўгалецця Ганны Рыгораўны. Гэтаму яна вучыць і сваіх унукаў і праўнукаў.
Лідзія ІВАНІХІНА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%