Як засцерагчы дзіця ад камп’ютарнай залежнасці

ef789600275934334a3ba451f7c7ba2a

Конікі і пупсікі, лялькі-Барбі і робаты-трансформеры страцілі для сучасных дзяцей сваю былую прыцягальнасць. Сёння самымі жаданымі сталі камп’ютары. З іх дапамогаю адкрываецца цэлы свет – забаўныя падарожжы, галаваломкі, прыгоды. І не бачым канца і краю камп’ютарным гульням, здольным замяніць усіх алавяных салдацікаў, лялек і плюшавых звяркоў, узятых разам.
Чаму дзеці так любяць гульні на камп’ютары? Яны дазваляюць ім адчуць увесь спектр эмоцый: ад захаплення, шчасця і радасці да раздражнення, страху і агрэсіі. Але празмернае захапленне імі можа перарасці ў сур’ёзную залежнасць. Віртуальны свет з лёгкасцю заменіць рэальнасць, у якой ёсць школа, урокі, суп з варанай цыбуляй і яшчэ мноства сумных і нелюбімых дзіцём рэчаў.
Прыкметы камп’ютарнай залежнасці: дзіця, калі гуляе ў камп’ютары, адчувае радасць, эйфарыю, але калі яно вымушана заняцца іншымі справамі, выказвае незадаволенасць, раздражненне і нават агрэсію; не можа спыніцца, знаходзячыся ў гульні, і імкнецца прадаўжаць яе як мага даўжэй; часткова ці поўнасцю губляе цікавасць да іншых заняткаў (гульняў з равеснікамі, вучобы, хатніх спраў, прагулак і г. д.); павялічваецца колькасць часу, які ён праводзіць ля камп’ютара; пагражае, шантажыруе бацькоў у адказ на забарону сядзець ля камп’ютара; знаходзіцца ў дрэнным, раздражнёным настроі, не можа нічым заняцца, калі камп’ютар не працуе.
Многія лічаць, што некантралюемае захапленне віртуальнымі гульнямі выклікана хутчэй лянотаю і цягаю да забаў, чым сур’ёзнымі псіхалагічнымі праблемамі. Але гэта не зусім так.
Камп’ютарная залежнасць – рэч сур’ёзная. Яна прыводзіць да парушэнняў псіхікі і здароўя дзіцяці. Яе можна параўнаць з наркатычнай, таму што прыкметы і дзеянні іх у многім падобныя. У абодвух выпадках – гэта спроба “выключыцца” з рэальнасці і штучным чынам атрымаць эмацыянальную “дозу”.
Пры камп’ютарнай залежнасці ў першую чаргу пакутуе дзіцячая псіхіка. Дзіця адвучваецца самастойна забаўляцца і ўжо не бачыць жыцця без “жалеза”, усе яго дзеянні накіраваны на ўдасканаленне камп’ютара, пошук новых гульняў, дасягненне лепшых вынікаў у гульнёвай рэальнасці. Ён закідвае сяброў, вучобу, ранейшыя захапленні і робіцца добраахвотным заложнікам віртуальнага свету.
Часта бацькі, спрабуючы адвучыць сваё дзіця ад доўгага знаходжання перад маніторам, забараняюць яму гуляць у камп’ютар, хаваюць клавіятуру і адбіраюць дыскі з гульнямі.
Пры такім раскладзе дзіця ідзе ў камп’ютарны клуб, дзе ён з ліхвой атрымлівае жадаемае, але ўжо за грошы. Паколькі чарговая “доза” гульні каштуе пэўных сродкаў, то, патраціўшы кішэнныя грошы, якія атрымаў ад бацькоў, гулец можа рашыцца на крадзеж ці выманьванне.
Дарэчы, большасць камп’ютарных гульняў пабудавана на агрэсіі, насіллі і забойствах, што дэструктыўна ўплывае на дзіцячую псіхіку.
Ад доўгага знаходжання перад камп’ютарам псуецца зрок і асанка. Праз маларухомы лад жыцця ўзнікаюць вегетатыўныя парушэнні, скаліёз, мышачная слабасць і г. д.
Як зберагчы дзіця ад камп’ютарнай залежнасці? Як мага раней прывіце адносіны да камп’ютара як да атрымання ведаў, а не эмоцый. Нельга наогул забараняць гульні на камп’ютары – падбярыце лагічныя, развіццёвыя, навучальныя і лімітуйце час гульні. Забяспечце дзіця яркім, цікавым, насычаным жыццём (удзел у дзіцячым відовішчы, шматлікія паходы ў тэатры, музеі). Хлопчык ці дзяўчынка павінны мець магчымасць самавыражацца, паведамляць пра свае эмоцыі без пагрозы быць пакараным ці атрымаць нездавальняючую адзнаку і ў яго павінна быць магчымасць задаволіць патрэбы ў эмоцыях. Пажадана даць яму магчымасць адэкватна выплеснуць негатыўныя эмоцыі агрэсіі. Калі вы заўважылі, што ваша дзіця пакутуе ад камп’ютарнай залежнасці, не трэба на яго сварыцца. Гэта не дасць патрэбных вынікаў. Лепш дапамажыце яму – пагаварыце, выслухайце, падтрымайце, будзьце побач і калі нічога не дапамагае, звярніцеся па дапамогу да спецыяліста.
Вольга КАСКО, псіхолаг ДУ “Жабінкаўскі ТЦСАН”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.