Сёння кожная чацвёртая лыжка беларускага цукру – з Жабінкі. Цяпер за суткі ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” выпускае каля тысячы тон цукру-пяску. А за сезон перапрацоўкі цукровых буракоў прадпрыемства вырабляе звыш ста тысяч тон салодкага прадукта. Смак яго ведаюць не толькі ў Беларусі і Расіі, але і ў Грузіі, Малдове, Казахстане, Кіргізіі, Азербайджане, ЗША, Латвіі, Польшчы, Манголіі, Грэцыі… Экспарт дасягае больш як 50 % аб’ёму вытворчасці і ажыццяўляецца ў 17 краін свету. У ліку пастаянных заказчыкаў з Беларусі – вядучыя прадпрыемствы кандытарскай галіны – фабрыкі “Спартак” і “Слодыч”, Рагачоўскі і Глыбокскі малочна-кансервавыя камбінаты.
Высокая якасць прадукцыі і ўстойлівыя пазіцыі на рынку больш як 50 гадоў – вынік пастаяннай мадэрнізацыі вытворчасці. Першая буйная рэканструкцыя, якая праводзілася з 1989 па 1996 год, дазволіла павялічыць магутнасць завода ў паўтара раза (да 4,5 тыс. тон сутачнай перапрацоўкі буракоў). На другім этапе, з 2003 па 2006 год, на прадпрыемстве ўстанавілі новае нямецкае, галандскае, іспанскае, фінскае, італьянскае, дацскае абсталяванне… Завод змог перапрацоўваць 6 тысяч тон буракоў, а да 2008 года праектная магутнасць была даведзена да 7 тысяч тон у суткі.
Вынікі работы калектыву бачныя не толькі прафесіяналам. Напрыклад, увод у эксплуатацыю вялікіх складоў бястарнага захоўвання цукру (“вежы-сіласы”) і элеватарнай вежы дазволіў заводу штогод эканоміць каля 1 млн. долараў на арэндзе памяшканняў. Цукар – гэта ж сезонная прадукцыя: ён вырабляецца на працягу кароткага часу (аптымальны тэрмін 100 сутак з невялікім), а прадаецца круглы год. Вялікім “прарывам” стала будаўніцтва фабрыкі фасаванага цукру. Дзякуючы ўсталяваным там лініям павялічана доля фасаванай прадукцыі. Цукар пастаўляецца спажыўцам у пакетах па 450 г, 1 і 2 кг і ў 5-грамовай брэндавай упакоўцы, а таксама ў 50-кілаграмовых мяхах. Прадпрыемства прапанавала спажыўцам чарговую навінку: цукар расфасаваны ў фірмавыя пакеты з ручкамі, па 5 і 10 кілаграмаў. Па першых водгуках, такую ўпакоўку пакупнікі палічылі вельмі зручнай.
Трэці этап рэканструкцыі пачаўся ў рамках Дзяржаўнай праграмы развіцця цукровай галіны. Ставіцца мэта: давесці магутнасць перапрацоўкі да 10 тысяч тон сыравіны ў суткі. Скарачэнне тэрмінаў перапрацоўкі дазволіць мінімізаваць страты на ўсіх стадыях вытворчасці.
“Нам ёсць над чым сур’ёзна працаваць, – адзначае генеральны дырэктар ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктар Міронаў. – Немагчыма мадэрнізаваць адзін ці два цэхі і такім чынам нарасціць магутнасці прадпрыемства. Тэхналагічная лінія цукровай вытворчасці – гэта непарыўны ланцужок, у якім усе звёны аднолькава важныя. Цяперашні і наступны гады будуць вельмі адказнымі і напружанымі для калектыву. Але ў нас ёсць і інтэлектуальны, і тэхнічны патэнцыял, каб паспяхова завяршыць гэты этап мадэрнізацыі.
Мінулы сезон цукраварэння быў для завода ўдалым. Усяго на склады і ў гандлёвую сетку паступіла больш як 120 тысяч тон цукру. Тым самым закладзена аснова фінансавай стабільнасці прадпрыемства.
Нягледзячы на цяжкасці, завод будзе жыць і развівацца – у гэтым упэўнены і яго кіраўнік, і ўвесь калектыў цукравікоў.
Антаніна ГУБІЧ.
Фота з архіва прадпрыемства.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%