Як спраўджваюцца надзеі

каштелян 1

Імя Надзеі Каштэлян унесена ў базу дадзеных таленавітай моладзі краіны. 20-гадовую дзяўчыну ўжо зараз можна назваць прафесіяналам у сваёй справе. Якім жа быў шлях Надзеі ў свет цырульнага майстэрства? Ці спраўдзіліся ў рэшце рэшт яе надзеі?

Напачатку была Жабінка

У ПЕРШАЙ ГАРАДСКОЙ школе, дзе вучылася наша гераіня, сярод іншых дысцыплін ёй больш за іншыя прадметы падабаліся мовы, асабліва англійская. Але ж дзяўчына ўсім цікавілася: калі ў дзясятым класе прапанавалі ў вучэбна-вытворчым камбінаце набыць спецыяльнасць цырульніка, згадзілася без усялякіх ваганняў. Па выніках уступнага ЦТ Надзя праходзіла на настаўніка замежнай мовы, аднак зрабіла іншы выбар. І не шкадуе, што пасля школы паступіла ў Брэсцкі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання. Перад дзяўчынай з’явілася магчымасць ездзіць на спаборніцтвы не толькі ў гарады Беларусі, але і за межы краіны.
Удзельнічаць у конкурсах творчага майстэрства Надзея пачала з сярэдзіны другога курса. Разам з вопытным педагогам Марынай Аляксандраўнай Булдык яна стварае яркія вобразы, якія трапляюць на прызавыя месцы.

Адкрываючы прафесійныя гарызонты

НАДЗЕЯ ВЕЛЬМІ СУР’ЁЗНА ставілася да кожнага конкурсу. Старанна рыхтавалася, шмат часу аддавала трэніроўкам. З раніцы да каштелян 2вечара была гатовая заставацца ў каледжы, настолькі ёй падабалася творчасць і хацелася ўдасканальваць сваё майстэрства. Увесь вольны час праводзіла за стварэннем прычосак, прыходзіла з роднай установы позна вечарам. Пасля другога курса стала сумяшчаць вучобу з працай у салоне. Усе грошы, што зарабляліся, ды студэнцкая стыпендыя ішлі на лак для валасоў, шпількі, невідзімкі… І вынік гэткай “ахвярнасці” неўзабаве ўвасобіўся ў шматлікіх перамогах на прэстыжных конкурсах.
Самыя хвалюючыя спаборніцтвы, канечне ж, першыя. Гэта быў абласны этап прэстыжнага міжнароднага конкурсу “WorldSkills” (літаральна – “Сусветныя навыкі”). Раней дзяўчына ездзіла на яго толькі ў якасці мадэлі для чужых работ. Менавіта пасля таго, як Надзея адчула атмасферу такіх мерапрыемстваў, ёй захацелася самой паўдзельнічаць.
– Праз некаторы час пачынаеш разбірацца і бачыш, якая работа выканана добра па мерках конкурсаў, – расказвае Надзея Каштэлян. – Усюды звяртаюць увагу на тры крытэрыі: форма, чысціня выканання і колер. На выкананне задання даецца прыблізна паўгадзіны. Любімая мая катэгорыя – тэхнічная жаночая, якая лічыцца адной з самых складаных конкурсных работ.
Пасля вобласці Надзя паехала ў Санкт-Пецярбург. Яна вазіла туды дзве свае працы і ў выніку атрымала медаль за чацвёртае месца. (Усяго давалі 5 медалёў, настолькі многа было ўдзельнікаў і такой вострай канкурэнцыя).
На рэспублі-канскім этапе дзяўчына разумела: гэта вельмі сур’ёзна, бо даводзіцца змагацца за званне лепшай у краіне. Калі падводзілі вынікі, думала, што атрымае недзе трэцяе месца. Але калі была занята “бронзавая” прыступка і абвясцілі лаўрэатку на другое месца, занепакоілася: “Як жа так? Здаецца, няблага выступіла…” Нібыта праз сон пачула: “Пераможцай стала… Надзея Каштэлян!!!” У хваляванні нават не паверыла сваім вушам. І толькі тады, як пабачыла выкладчыкаў, зразумела, чаму ніхто не радуецца бурна: усе ведалі, што наперадзе чакае цяжкая, шматдзённая падрыхтоўка да сусветнай прафесійнай “кароны”.
У лютым гэтага года на спаборніцтвах у горадзе на Няве Каштэлян зноў спрыяў поспех: дзяўчына стала першай і пацвердзіла званне лепшай у Беларусі ў прафесійным майстэрстве.

На шляху да сусветнага п’едэстала

ГЭТА БЫЛО шэсць тыдняў таму. Чарговыя спаборніцтвы праходзілі ў адным з найвялікшых гарадоў свету – Шанхаі. Арганізацыя конкурсу была на вельмі высокім узроўні. Надзвычай добры прыём: гатэль з цудоўным відам на горад, экскурсіі па музеях, набярэжнай. Шанхай пакінуў шмат дзіўных успамінаў. Па-першае, на вуліцах адсутнічаюць правілы руху, да якіх мы прызвычаіліся – кітайцы ездзяць, ходзяць, як лічаць патрэбным. Па-другое, ты нібыта трапляеш у людское мора, а навокал – высачэзныя пабудовы. Такія высокія, што за імі нават неба не бачна! Дый клімат зусім іншы, цяжка звыкнуцца. І калі спытацца, хацела б Надзя застацца там жыць, яна ўпэўнена адказвае:
– Не, тэмп, лад жыцця, абстаноўка падабаюцца больш на радзіме, хаця інфраструктура ў кітайскім мегаполісе развіта лепш і магчымасцяў там больш.
Выступленне цырульніцы з Жабінкі ў Кітаі дазволіла ёй узняцца на другое месца п’едэстала.
Наступныя, самыя адказныя іспыты чакаюць Надзею ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў горадзе Абу-Дабі, дзе 17 кастрычніка будзе праводзіцца сусветны этап “WorldSkills”. Гэта амаль алімпійскія гульні ў прафесійным майстэрстве.

Прыцягненне малой радзімы

ЗАРАЗ ЖЫВЕ ў Брэсце, але вельмі цягне дадому ў Жабінку. Тут бацькі, тут цёпла і ўтульна. Маці Таццяна Васільеўна і тата Вячаслаў Іосіфавіч падтрымліваюць яе ў жыцці. З такой апорай Надзя ўпэўнена рухаецца да новых поспехаў.
Нават тое, што праца вымагае шмат сіл, не заўважаецца, бо ў любімай справе чэрпаеш духоўную падтрымку. Надзея даўно зарэкамендавала сябе ў якасці добрага спецыяліста. Ёсць прапановы з розных цырульняў, але яна спыніла свой выбар на берасцейскім салоне “Кантынент”. Зручна на працоўным месцы, падабаюцца ўмовы і творчы калектыў, захапляе стварэнне новых вобразаў, існуе шмат магчымасцяў для далейшага развіцця. Таму і не ўяўляе Надзея Каштэлян сябе ў іншай прафесіі.
А яшчэ ёсць у яе адзін незвычайны і надзейны сябар і памочнік – мяккая цацка-талісман Лёша. Гэтае тыграня – спадарожнік дзяўчыны на кожным конкурсе. Асабліва прывязалася да Лёшы пад час паездкі ў Кітай. Нават у самалёце не хацела выпускаць талісман з рук, таму ўзяла ў салон як ручную паклажу. Няхай і надалей ён прыносіць поспех ва ўсіх пачынаннях маладой і таленавітай майстрысе. Вельмі радуе, што падабралася добрая група, усе пасябравалі і падтрымлівалі адзін аднаго на працягу конкурсу. Увесь час, пакуль Надзя рабіла прычоскі, на пляцоўцы былі ўдзельнікі з роднай каманды. Вельмі адчуваўся моўны бар’ер, таму іх падтрымка была каласальная.
Алена БАБРОВА.
На здымках: Надзея КАШТЭЛЯН і яе творы (фота з асабістага архіва гераіні).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.