Усё раней ці пазней прыходзіць да свайго заканчэння. Вось і віктарына, абвешчаная “СП” чатыры месяцы таму, падышла да свайго лагічнага фіналу. Яна выклікала цікавасць не толькі ў тых, хто непасрэдна паўдзельнічаў у спаборніцтве (а гэта амаль тры дзясяткі сяброў нашай газеты), але і ў тых, хто проста назіраў за чужымі ведамі і эрудыцыяй. Выказваем падзяку ўсім неабыякавым да гісторыі роднага горада.
ПЕРАМОЖЦЫ ВЫЗНАЧАНЫ. Аднак, каб яшчэ трохі працягнуць інтрыгу, імёны іх пакуль называць не будзем. Пачуем іх у час узнагароджвання, да якога засталося зусім не шмат часу.
200-годдзе Жабінкі набліжаецца. Свята чакае не толькі пераможцаў, але й усіх, каму, як у песні пяецца, “Жабінка – мілы гарадок”.
* * *
А цяпер – правільныя адказы фінальнага туру.
1. 25 студзеня 2017 года, пасля апублікавання на старонках “Сельскай праўды”, уступіла ў сілу рашэнне Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў № 98 ад 23 снежня 2016 года “Аб прысваенні найменавання вуліцы ў горадзе Жабінка”. Цяпер праектуемая вуліца № 1 у квартале жылой забудовы “Камсамольскі” атрымала імя святара Рагазнянскай царквы Мікалая Іванавіча МІХАЛОЎСКАГА, які ахвяраваў жыццём дзеля таго, каб сёння ў нашым горадзе было святочна і радасна.
2. Год таму, праводзячы работы каля кінатэатра “Юбілейны”, рамонтнікі натыкнуліся на падмуркі даваеннага млына. Нейкім неверагодным чынам менавіта ў той дзень у Жабінцы гасцявала грамадзянка ЗША, якая працуе журналісткай у Маскве, Элен ПІНЧУК (на здымку) – праўнучка гаспадара гэтага млына, пры якім дзейнічала таксама лесапільня.
3. На здымку – партрэт з раённага музея ў вёсцы Малыя Сяхновічы самага вядомага ў свеце нараджэнца Берасцейшчыны Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі-Сяхновіцкага, альбо прасцей – генерала Тадэвуша КАСЦЮШКІ. Сёлета спаўняецца 200 гадоў з дня ягонай смерці. Ён памёр 15 кастрычніка 1817 года.
4. Пачынаючы з 1940 года было 18 старшынь Жабінкаўскага раённага выканаўчага камітэта. Вось іх прозвішчы:
Васіль ДАВЫДАЎ (1940–1941)
Павел КРАСЯКОЎ (1944–1945)
Андрэй ХАРЛАПАНАЎ (1945)
Рыгор БАСАЎ (1945–1946)
Пётр ТАКЛЁНАК (1946–1948)
Стэфан КАМЕНДАНТ (1948–1950)
Мікалай НЯРАЗІК (1950–1958)
Васіль ХОДАН (1958–1959)
Адольф АБОЛІН (1966–1971)
Вікторый БАХАРАЎ (1971–1975)
Мікалай ПРАСМЫЦКІ (1975–1977)
Яўген КНІГА (1977–1981)
Валянціна РАЙ (1981–1995)
Сяргей МАРТЫСЮК (1996–2001)
Аляксандр КАЛЯДА (2002–2004)
Мікалай ТОКАР (2004–2013)
Фёдар КАЛАНЧУК (2013–2015)
Дзмітрый ГАРАДЗЕЦКІ (з 2015).
5. У будынку, узведзеным у 1920-я гады архітэктарам Сямёнам Сідарчуком, цяпер размяшчаецца раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, а таксама раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр і райкам ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
Тэкст і фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%