Кожны памятае радкі цудоўнай песні “Родны мой горад, любоў мая, казка кахання чароўная…” Напярэдадні 200-годдзя Жабінкі жыхары райцэнтра прызналіся ў любові да сваёй малой радзімы.
– Люблю свой горад, таму што тут я нарадзілася, наведвала дзіцячы сад, скончыла школу. Жабінка – ціхі, утульны, спакойны гарадок. Па яго вуліцах можна гуляць увечары, уначы, не баючыся крымінальных разборак. Я амаль усіх ведаю, мяне амаль усе ведаюць, вітаюцца пры сустрэчы. Людзі тут ветлівыя, добразычлівыя. Калі б я была багатая, то купіла б Жабінку для жыцця (смяецца).
Сяргей Татарыновіч:
– Як можна не любіць горад, у якім пражыў усё жыццё, з якім звязана столькі ўспамінаў? У Жабінцы чыста, утульна, ціха. Што яшчэ хацеў бы адзначыць, гэта кампактнасць нашага райцэнтра і крокавая даступнасць да любых аб’ектаў інфраструктуры. Маё любімае месца ў Жабінцы – гарадскі парк.
Злата Цупа:
– Я нарадзілася і вырасла ў Жабінцы. Тут жывуць мае родныя, сябры. У нас цудоўныя суседзі. Мне падабаецца першая гарадская школа, у якой вучуся, дзіцячая школа мастацтваў, педагогі ў гэтых установах – сапраўдныя прафесіяналы. Я ніколі не сумую, прымаю ўдзел у розных конкурсах, мерапрыемствах. Люблю гуляць з мамай па Жабінцы, асабліва ў парку.
Сцяпан Аксюцік:
– Жыву ў Жабінцы пяць дзясяткаў гадоў і радуюся кожнаму яе абнаўленню, амаладжэнню. Люблю райцэнтр у квецені садоў, у багацці кветак. Не апошнюю ролю адыгрываю і сам у стварэнні прыгажосці роднага горада: падтрымліваю яе каля будынка падатковай інспекцыі.
Марыя Захарчук:
– Я шмат падарожнічаю па розных краінах, але заўсёды з задавальненнем і радасцю вяртаюся ў родны горад, на малую радзіму. Тут я скончыла ліцэй, зараз чакаю вынікаў паступлення ў Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна. Складана вылучыць нешта адно, за што я люблю Жабінку, але мае пачуцці да яе моцныя і шчырыя.
Алена і Эдуард Дашкевічы:
– Мы любім Жабінку за тое, што яе абыхо-дзяць бокам навальніцы (усміхаюцца). Кобрынскі і Брэсцкі раёны нядаўна пацярпелі, а нас навала мінавала. Размяшчэнне райцэнтра на скрыжаванні чыгуначных шляхоў і паміж Брэстам і Кобрынам вельмі зручнае і выгаднае. Жабінка – чыстая, прыгожая. Як спяваецца ў песні, гэты горад самы лепшы горад на Зямлі…
Юлія Лазавік з дочкамі Дамінікай і Карынай:
– Я люблю Жабінку за нешматлюднасць, размеранасць і цішыню. Калі параўноўваю з Брэстам, яго шумам, рухам, мітуснёй, то перавагу аддаю нашаму ціхаму райцэнтру.
Апытвала і фатаграфавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%