Напярэдадні юбілею Жабінкі паразмаўлялі з некалькімі жыхарамі перадсвяточнага горада. Кожны ведае пра падзею, што набліжаецца, і ахвотна адказаў на некалькі зададзеных пытанняў: “Якія змены ў Жабінцы заўважаюцца апошнім часам? Што вы асабіста чакаеце ад свята?”
У сябровак Марыны Дзенісюк і Машы Кожун – цудоўная пара: канікулы! Дзяўчынкі вучацца ў шостым і пятым класах трэцяй гарадской школы. Яны гавораць:
– Мы абавязкова збіраемся прыйсці на свята, каб у першую чаргу павесяліцца. Думаем, жыхароў Жабінкі чакае многа цікавага, можна будзе пагуляць, паесці саладосцяў. Раім усім з бацькамі, братамі і сястрычкамі схадзіць на юбілейны салют, калі ён будзе. У апошнія дні і тыдні заўважаем шматлікія змены, што адбываюцца навокал. І жалезны матылёк раптам “успырхнуў” каля пошты, і файныя веласіпеды з’явіліся, але больш за ўсіх нам падабаецца паўлін, што важна шпацыруе па вуліцы Леніна. Прыгожа! Цудоўна! Класна!
А вось Любоў Фёдараўна Клапоцкая, якую сустрэлі паблізу “Еўраопта”, яшчэ сумняваецца, ці ісці на свята:
– Унукі ўжо дарослыя, дзеці яшчэ не дзяліліся сваімі планамі на святочны дзень. Калі яны пойдуць, тады і я з імі разам.
Памятаю, якія добрыя змены адбываліся дзесяць гадоў таму, калі ладзіліся ў Жабінцы абласныя “Дажынкі”. Вельмі прыемна, што парадак падтрымліваецца. Вялікія святы для таго і патрэбныя, каб вітаць гасцей у прыбраным доме і самому радавацца дабротам, створаным уласнымі рукамі.
Разам з тым, перажываю і хвалююся, што гэта не заўсёды цэніцца. На жаль, жабінкаўцы часам шкодзяць і смецяць замест таго, каб ствараць прыгажосць.
Нярэдка даводзіцца хадзіць міма пошты, таму змяненні ў горадзе з нагоды свята заўважыла адразу. Я шмат гадоў адпрацавала ў паштовым аддзяленні, займалася распаўсюджваннем “Сельскай праўды”, іншых выданняў. Часцей за астатнія нашы землякі выбіралі менавіта раёнку, ды і я сама ўжо шматгадовая ваша падпісчыца. Дзе яшчэ гэтак многа навінаў пра Жабінкаўшчыну і жабінкаўцаў, як не ў “Сельскай праўдзе”? Вось і пра набліжэнне свята таксама даведалася з газеты. З навінак у горадзе асабліва падабаюцца ровары-кветнікі каля райвыканкама ды парасон, што ўзнік тут, праз дарогу ад “Еўраопта”.
Ахвотна падключыўся да размовы Юрый Асінскі:
– Літаральна некалькі хвілін таму ў гарадскім парку пабачыў вавёрку. Адразу ж падумалася, у якім іншым горадзе вось так проста можна ісці і пабачыць “жывую прыроду”? Раней сур’ёзна займаўся гіравым спортам, спаборніцтвы праводзіліся ў розных гарадах Беларусі, але такога ўтульнага, прывабнага, дарагога сэрцу не сустракаў. Першае змяненне ў Жабінцы, якое кінулася ў вочы, – вялікі надпіс з кветак каля летняй танцпляцоўкі. Ён нагадвае не толькі гараджанам, але й усім, хто праязджае па дарозе ў накірунку Камянца ці Брэста, што ужо зусім хутка будзе 200 год нашаму любімаму гораду.
Трэба, каб пра Жабінку ведала як мага больш людзей, і юбілеі гэтаму спрыяюць. Працую ў Брэсце, аднойчы, калі калегі спыталіся, чым Жабінка знакамітая, пажартаваў: “О, Жабінка – гэта ж сталіца свету!”
Лічу Жабінку ідэальным месцам для жыцця. Я так думаю: галоўнае, каб табе там, дзе жывеш, было добра, утульна. Люблю спакой нашага горада, радней за яго няма. У дзень свята планую з дзецьмі наведаць шматлікія мерапрыемствы, проста прайсціся паркам, вуліцамі, паглядзець на святочнае ўбранне, павітацца з сябрамі ды знаёмымі.
Супрацоўніца Жабінкаўскай школы-інтэрната Марына Вячаславаўна (ад “фотасесіі” адмовілася) фарбавала бардзюр ля школы, калі мы вырашылі падысці да яе. Як пацікавіліся, ці не робіць гэта да свята горада, адказала:
– У нас заўсёды парадак, перш-наперш рыхтуемся да новага навучальнага года, ды можна лічыць, што наша праца таксама і ўнёсак у абнаўленне горада, бо вуліца Свабоды, на якой месціцца ўстанова, – адна з цэнтральных у Жабінцы. Ёсць планы пайсці на свята разам з пяцігадовым унукам Ванечкам і дачкой, якая неўзабаве павінна нарадзіць яшчэ адну маленькую жабінкаўчанку. Са святам, землякі!
Жабінкаўцаў апытвалі і фатаграфавалі Алена БАБРОВА і Анатоль БЕНЗЯРУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%