Рыхтуемся да жніва і абнаўляем школы

Жабинковский райисполком

 Cвятлана БЯЛЯК.
У мінулую пятніцу адбылося пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, пад час якога былі разгледжаны два пытанні.
Аб гатоўнасці сельгаспрадпрыемстваў раёна да ўборкі ўраджаю зерневых і зернебабовых культур далажыў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Чэрнік. Як паведаміў Аляксандр Уладзіміравіч, сёлета плануецца атрымаць 55600 тон збожжа і 4800 тон алейнага насення рапсу; уборачная плошча складае 13556 гектараў. Пад азімыя зерневыя культуры ў раёне ўнесена на гектар 149 кілаграмаў дзеючага рэчыва NPK, што на 16 кг дзеючага рэчыва болей, чым летась, і хімічная праполка азімых зерневых праведзена на плошчы 4326 га (або 51 % да плана), яравых зерневых і зернебабовых культур на плошчы 5282 га.
– Уборка і пасляўборачная апрацоўка зерня – фінішныя аперацыі ў вырошчванні збожжа, – падкрэсліў Аляксандр Уладзіміравіч. – Яны падводзяць вынік усяго комплексу папярэдніх работ у аптымальным выбары сартоў, падрыхтоўцы насення, глебаапрацоўцы, сяўбе. Разам з тым, гэта самыя рэсурсаёмкія аперацыі. Таму тэхнічная гатоўнасць усяго тэхналагічнага комплексу сельгасмашын, дакладная арганізацыя іх работы, дастойная аплата за якасную працу маюць рашаючае значэнне для своечасовай і эфектыўнай уборкі ўраджаю. Для гэтага неабходна заранёў паклапаціцца аб падрыхтоўцы, абслугоўванні і рамонце тэхнікі.
Для ўборкі хлеба ў сельгаставарыствах і сельгастэхніцы маецца 63 зернеўборачныя камбайны, з якіх па 31 – КЗС-1218 і КЗС-10К і адзін Джон Дзір. Каб своечасова сабраць салому з палёў ёсць 43 прэс-падборшчыкі, 32 пагрузчыкі і 35 прычэпаў. Каб падрыхтаваць камбайны, прэс-падборшчыкі і зернесушыльныя комплексы да жніва, патрэбна 301 тысяча рублёў.
– У сельгаспрадпрыемствах плануецца ўключыць у работу 61 зернеўборачны камбайн, сярэдняя нагрузка складзе 222 гектары, мінімальная яна ў ААТ “Шпіталі” (179 га) і максімальная (303 га) у ААТ “Рагазнянскі”, – падкрэсліў дакладчык. – За кожным камбайнам замацаваны грузавы аўтамабіль, і яшчэ 14 будуць абсталяваны для выканання дзяржзаказу. Стрымліваючы фактар завяршэння рамонту – адсутнасць фінансавых сродкаў і недахоп механізатараў у правядзенні палявых работ. Тэхнічная аснашчанасць сельгаспрадпрыемстваў дазволіць правесці жніво за 14-20 дзён.
Па другім пытанні, якое значылася ў парадку дня, выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко. Яна далажыла, якая работа праводзіцца ў раёне па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да чарговага навучальнага года.
Так, 1 верасня за парты сядуць 2894 вучні, што на 26 больш, чым у мінулым навучальным годзе. Чакаецца, што ў першы раз у першы клас прыйдуць 279 хлопчыкаў і дзяўчынак. Іх будуць вучыць 553 педагогі, настаўніцкая сям’я папоўніцца 18 маладымі спецыялістамі. Дарэчы, забяспечанасць настаўнікамі складае 99,9 % – не хапае толькі двух настаўнікаў-дэфектолагаў.
Пакуль дзеці адпачываюць у летніках, пад наглядам бацькоў, бабуль і дзядуль весела бавяць час, у сцішаных без дзіцячага гоману школах вядзецца рамонт, каб ужо ў вераснёўскія дні хлопчыкі і дзяўчынкі вярнуліся ў адрамантаваныя класы. На капітальны і бягучы рамонт устаноў адукацыі накіравана 30000 рублёў з мясцовага бюджэту. На сённяшні дзень больш чым у 95 % школ праведзена рэканструкцыя сістэм штучнага асвятлення; праводзіцца замена свяцільняў у другой і трэцяй гарадскіх школах. Сур’ёзны капрамонт вядзецца ў харчблоку трэцяй школы.
Актуальным застаецца абсталяванне кабінетаў для пачаткоўцаў школьнымі партамі з нахільнай паверхняй. Патрэбна замяніць вучнёўскую мэблю ў 10 школах.
– Хутка дзяцей пакліча за парты школьны званок, – адзначыла Галіна Сцяпанаўна. – Большасць бацькоў традыцыйна набывае школьную вопратку ў гандлёвай сетцы Брэста і Кобрына. Каб грашовыя сродкі заставаліся ў раёне, трэба ўжо зараз паклапаціцца аб пашырэнні асартыменту тавараў у магазіне “Універмаг” і крамах цэнтральных сядзібаў раёна, а таксама на гарадскім рынку з 15 жніўня.
Адкрытым пакуль застаецца пытанне, якое хвалюе многіх бацькоў, а менавіта пачатак урокаў у новым навучальным годзе. Дзецям, відавочна, можна будзе паспаць лішнія паўгадзінкі-гадзіну, калі званок на першы ўрок будзе клікаць іх у 8.30 або 9.00. У сувязі з гэтым, давядзецца ўносіць рэгуліроўкі ў графік руху гарадскога аўтобуса і школьных, якія падвозяць амаль 790 дзяцей у дзіцячыя сады і школы.
Пасля абмеркавання заслуханых дакладаў, райвыканкам прыняў адпаведныя рашэнні.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*