Вышукваецца Нехта
Нехта невядомы забраўся ў Жабінцы ў дом па вуліцы Матыкальская і ўкраў адтуль выцяжку маркі “Эліка”, тры залатыя пярсцёнкі і залаты ланцужок. Тым самым былі нанесены гаспадарам маёмасныя страты на суму звыш тысячы рублёў.
Як аказалася, гэта не адзінкавы выпадак. У час байкерскага злёту ў ноч з 27 на 28 мая невядомая асоба на тэрыторыі аздараўленчага цэнтра “Арляня” з аўтамабіля “Фольксваген Гольф” сцягнула залатыя ланцужок і заручальны пярсцёнак, а таксама 320 долараў ЗША. На гэтым злодзей не спыніўся і ў салоне “Мерседэса” “прыхапіў” яшчэ 150 амерыканскіх долараў ды 800 беларускіх рублёў, а з матацыкла “Кавасакі” – моташлем і скураныя мотапальчаткі. 29 мая ў абодвух выпадках узбуджаны крымінальныя справы.
“Спадчыннік” фірмы “Рогі і капыты”
Дзмітрый Ш. думаў папрацаваць па прынцыпе вядомых у літаратуры “Рагоў і капытоў”. Падаючы дакументы ў абласны выканаўчы камітэт на рэгістрацыю таварыства з абмежаванай адказнасцю, ён зусім не збіраўся займацца дзейнасцю, пазначанай у статуце. Мужчыне важней было атрымаць сабе маёмасную выгаду для таго, каб мець мытнія льготы, прадугледжаныя Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 6 “Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых паселішчаў, сельскай мясцовасці”.
Яго напарніку-цёзцы ўдалося прывезці з-за мяжы цягач. Нібы сапраўднае таварыста, яно было вызвалена ад уплаты мытніх плацяжоў і падатку на дабаўлены кошт. Такім чынам, дзяржава недаатрымала звыш 47 тысяч рублёў, што болей за дзве тысячы разоў перавышала памер базавай велічыні, а гэта значыць, адбылося вялікае абкраданне, якое падпадае пад частку 2 артыкула 234 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Па-сваяцку, кажаце?
Загадчыца магазіна Валянціна Г., канечне, была зацікаўлена ў тым, каб яе родны брат Уладзімір атрымаў зарплату. Хаця той і не працаваў у гэты час грузчыкам, добранькая сястра ў табелі ўліку рабочага часу паставіла нібыта адпрацаваныя гадзіны і адпаведна – суму заробку. Такім чынам, Уладзімір атрымаў незаконна 20 рублёў ды 7 капеек.
Пры праверцы, якую правялі праваахоўнікі, выявіўся падман, і за гэтае злачынства прадугледжваецца пакаранне па частцы 1 артыкула 427 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Колькі каштуе агароджа?
Якая толькі бязглуздзіца не ўзбрыдзе ў п’яную галаву! Аляксандру Д. і Андрэю Л. з Жабінкі, напрыклад, захацелася праверыць у каго мацнейшыя… ногі, а значыць, хто больш разаб’е бетоннай агароджы.
Было ўжо за поўнач, а нецвярозыя хлопцы знаходзіліся на вуліцы Піянерская. Горад спаў, калі яны пачалі свае выкрунтасы. Адразу ж скажам, што ногі ў абодвух аказаліся, дальбог, моцныя, інакш не змаглі б яны разбіць 28 ажурных пліт на Піянерскай і яшчэ тры – на вуліцы Кірава.
Цяпер хлопцы дакладна ведаюць, колькі каштуе агароджа. П’яная выхадка дорага абышлася ім. Калі ўлічыць, што адна пліта цягне коштам 13,07 рубля, дык іх дзеянні нанеслі “Жабінкаўскай ЖКГ” страт на 405 рублёў 17 капеек. Сума спагнана з разбуральшчыкаў.
Залезла ў чужую кішэню?
Чакай пакарання
Ужо не аднойчы супрацоўнікі праваахоўных органаў папярэджвалі грамадзян, што лепшы сродак захавання сваіх зберажэнняў – гэта банк. Ды, як высвятляецца, многія ўсё ж трымаюць значную грашовую наяўнасць у хаце. Гэта не прамінаюць выкарыстаць нячыстыя на руку людзі. Так адбылося ў Жыціні, дзе грамадзянка М. скрала 930 долараў ЗША ў Аляксандра К. Жанчыну не спыніла нават тое, што пацярпелы даводзіўся братам яе мужу.
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС;
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела
Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%