Дзве яркія акцыі: марафон і аўкцыён для дзяцей з Жабінкі

IMG_6429

Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.

1 і 2 чэрвеня ў Брэсце прайшлі акцыі, прымеркаваныя да Міжнароднага дня абароны дзяцей. Прыкметная асаблівасць іх для жыхароў нашага раёна ў тым, што маштабныя мерапрыемствы ладзіліся на карысць выхаванцаў школы-інтэрната ў Жабінцы.

“Ад сэрца да сэрца”

Ужо другі год запар тэлеканал “Беларусь-4 Брэст” і “Радыё Брэст” ладзілі дабрачынны марафон “Ад сэрца да сэрца” у падтрымку дзяцей-інвалідаў. Ініцыятарамі і натхняльнікамі акцыі выступілі дырэктар тэлерадыёкампаніі Ларыса Дабрадомава і яе крэатыўны і проста актыўны калектыў.
НА ПРАЦЯГУ першага летняга дня журналісты знаёмілі гледачоў і слухачоў з асаблівымі дзецьмі Брэстчыны, якімIMG_6459 патрэбна дапамога. Яны таленавітыя, але маюць праблемы са здароўем, а таму чакаюць увагі да сваіх праблем і дапамогі ў ажыццяўленні мар. Адрасатамі дабрачыннага праекта, як расказвалі супрацоўнікі берасцейскай ТРК, былі абраныя маленькія артысты дзіцячага тэатра “Глорыя”, што існуе пры Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце. Аднак арганізатары не абмежаваліся падтрымкай выключна жабінкаўскіх выхаванцаў, пашырыўшы акцыю дабрыні і спагады на іншых дзяцей, абмежаваных фізічна, але надзвычай таленавітых. Такіх, як маленькі паэт Мікіта Бокій з Баранавічаў ці пяцігадовая Мілана Башко, якую называлі выключна дзяўчынкай-сонейкам.
У гэты дзень тэлестудыю наведалі многія слынныя берасцейцы. У іх ліку былі намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Алег Вялічка, архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Юрый Прасмыцкі. Юрый Мікалаевіч прамовіў: “Гэтыя дзеці, як ніхто іншы, імкнуцца максімальна развіваць свае таленты. І ўстановы адукацыі гатовыя падтрымліваць іх у гэтым памкненні”.
Словы ў поўнай меры адносяцца да Жабінкаўскай школы-інтэрната, дзе створаны ўсе ўмовы, каб дзеці з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку невідушчыя, не адчувалі сябе лішнімі “на гэтым свяце жыцця”. Пра тое вяшчалі на тэле- і радыёаўдыторыю дырэктар установы Аляксандр Кавальчук і кіраўнік “Глорыі” Аксана Уласюк.
У рэжыме рэальнага часу з сямі гадзін раніцы да дзесяці вечара перадаваліся ўключэнні з вулічнай пляцоўкіIMG_6474 тэлемарафону, які знайшоў жывы водгук у сэрцах берасцейцаў. Сведчанне – шматлікія падарункі і значныя фінансавыя сродкі, пералічаныя ў падтрымку дзяцей.

Баль “Праменада”

Прыемна, што дабрыня не абмяжоўваецца адным толькі днём, і наступны прынёс новыя ўражанні, выкліканыя дабрачынным балем “Праменада”, што ладзіўся з ініцыятывы фонду “Новае пакаленне” ў берасцейскім клубе “11:11”. Арганізатары жадалі сабраць сродкі на сэнсарны пакой, неабходны выхаванцам УА “Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат”.
ПРА ГЭТА РАСПАВЯДАЎ відэаролік, паказаны ў пачатку імпрэзы. У ім дырэктар школы Аляксандр Кавальчук і настаўніца карэкцыйных заняткаў Ала Акуліч расказалі пра сваю асаблівую ўстанову, якая ўтварылася яшчэ ў 1959 годзе як прытулак для дзяцей-сірот, а з 1971-га стала “другім домам” для хлопчыкаў і дзяўчынак з парушэннямі зроку. Сёння тут вучацца 115 выхаванцаў з усёй Брэстчыны, у тым ліку дзевяць татальна невідушчых. “Нашы дзеці бачаць свет рукамі, а не вачамі”, – падкрэслівалася ў роліку. Таму сэнсарная комната жыццёва неабходная для іх развіцця. Бо дазволіць пашырыць магчымасці ў зрокавым і тактыльным плане. Вельмі важна адчуваць навакольны свет, які прыносіць не толькі заспакоенасць, але і “пахі небяспекі, якія невідушчым патрэбна разумець, каб пазбягаць пагроз”. Пакой дазволіць таксама развіваць маторыку рук. У рэшце рэшт, веды і навыкі, набытыя ў сценах школы-інтэрната, дазваляюць дзецям рэалізавацца ў вялікім свеце, да якога трэба прызвычаіцца з маленства.
На вечарыну прыбыла прынцэса Сафі Таня Мары Маргарэт Івон дэ Бурбон-Парма ў суправаджэнні мужа Жыльбера Жака Марсэля Бяко, сына вядомага французскага кампазітара і шансанье. Прынцэса Таня, якая перад тым наведала брэсцкую сярэднюю школу № 15 з паглыбленым вывучэннем французскай мовы, падзялілася сваімі ўражаннямі ад горада над Бугам і падкрэсліла, што прыняла прапанову “Новага пакалення” паўдзельнічаць у дабрачыннай акцыі, паколькі фонд “працягвае руку маладым”. “У сённяшнім грамадстве, – лічыць госця, – мастацтва і культура здольныя выявіць нацыянальную самабытнасць”. Асаблівую падзяку Таня дэ Бурбон-Парма выказала арганізатарам і куратарам “Праменады” Вользе Дзянісавай і Наталлі Кушнярук. Апошняя, са свайго боку, падзякавала прынцэсу і ўсіх тых, хто адгукнуўся на акцыю, а затым падрабязней расказала аб праекце.
Праграма вечара выдалася надзвычай насычаная: перад прысутнымі выступілі прыма Вялікага тэатра оперы і балета Вольга Гайко, берасцейскія артысты, ладзілася дэманстрацыя вясельных і вячэрніх строяў.
У час дабрачыннага аўкцыёну, на якім выстаўляліся палотны мясцовых мастакоў, дызайнерская дзіцячая сукенка, між іншым, была прададзена карціна самой прынцэсы “Пудраніца № 11”. У выніку толькі аўкцыён прынёс у “скарбонку дабрачыннасці” больш за 1500 рублёў, а агульная сума перавысіла 3200. Гэтыя ахвяраванні, як і абяцалася, праз Брэсцкае абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду перадаюцца на рамонт і абсталяванне сэнсарнага пакоя ў Жабінкаўскай школе-інтэрнаце.
На здымках: пад час мерапрыемства прынцэса Таня ахвотна фатаграфавалася разам з гасцямі “Праменада”; ладзіліся дабрачынны аўкцыён і мадэльны паказ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.