Захоплена сваёй працай

IMG_2312

Святлана Міхайлаўна Дашкун (у дзявоцтве Дулевіч) нарадзілася на Жабінкаўшчыне ў Агародніках. З дзяцінствам у яе звязаны самыя цёплыя і прыемныя ўспаміны. Святлана і брат Уладзімір былі атулены бацькоўскай увагай і клопатам. Тата Міхаіл Дзмітрыевіч працаваў аграномам, мама Антаніна Максімаўна была загадчыцай фермы. Неўзабаве сям’я пераехала ў Камянецкі раён.
Першая спроба пасля заканчэння сярэдняй школы паступіць у Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна закончылася няўдачай.
Дзяўчына не губляла дарма час: працавала на жывёлагадоўчай ферме лабарантам і рыхтавалася да паступлення. Спачатку была вучоба на падрыхтоўчым аддзяленні педінстытута, а ў 1980 годзе стала студэнткай факультэта “Пачатковыя класы”.
– Я разумела, што праца з дзецьмі вельмі адказная, а самае галоўнае патрабаванне – любоў да дзяцей не толькі ўласных, а да ўсіх, – расказвае Святлана Міхайлаўна. – Пад час вучобы пераканалася ў тым, што мне лёсам наканавана выхоўваць іх. Я люблю мець зносіны з хлопчыкамі і дзяўчынкамі, і яны адказваюць мне тым жа, няважна, чые яны, таму што чужых дзяцей не бывае.
Прыйшла працаваць у Сяхновіцкую базавую школу я ў 1985 годзе. Памятаю, як хвалявалася, калі чакала маленькіх выхаванцаў на свой першы ўрок. Калі ўбачыла даверлівыя вачаняты іх, то адразу ж супакоілася і прыкіпела да іх усім сэрцам.
Пасля закрыцця Сяхновіцкай базавай школы Святлана Міхайлаўна перайшла на працу ў першую гарадскую, а затым у Маціевіцкую, дзе працуе ўжо дзевяць гадоў. Яе цяперашнія выхаванцы перайшлі ў трэці клас. Яшчэ Святлана Дашкун вядзе гурток “Сувенір”.
– Дзіцячая мара быць настаўнікам, – расказала Святлана Міхайлаўна, – збылася. Звычайна такое жаданне з’яўляецца ў тых сем’ях, дзе бацькі педагогі, і дзіцяці лагічна прадоўжыць іх справу. У маёй сям’і і сярод родзічаў ніхто не быў настаўнікам. Я ахвотна гуляла з суседскімі хлапчукамі і дзяўчынкамі “ў школу”, у нас была ўказка, класны журнал, сшыткі. А яшчэ мне вельмі падабалася мая першая настаўніца Ала Пятроўна. І я ўжо ў пачатковых класах была пераканана, што хачу займацца педагагічнай справай. Уважліва сачыла за сваёй першай настаўніцай, словам, бачыла, дзе трэба памаўчаць, а дзе праявіць характар, настойлівасць. Цяпер яе часта ўяўляю на сваім месцы і стараюся рабіць так, як бы рабіла яна.
Калі спытала ў дзяцей пра лепшыя якасці іх настаўніцы, то разам са словамі “добрая”, “прыгожая”, “самая лепшая”, “клапатлівая”, “ласкавая” прагучала “строгая”.
– Святлана Міхайлаўна Дашкун паказала сябе пісьменным педагогам, у яе вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя, якую яна пацвердзіла ў сёлетнім навучальным годзе, – расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Святлана Піліпаўна Пешка. – Вучэбныя заняткі ў Святланы Міхайлаўны адрозніваюцца разнастайнасцю ў падачы матэрыялу, багатым зместам. Яна прымяняе дыферэнцыраваны падыход у навучанні, умее ствараць і падтрымліваць спрыяльны мікраклімат на ўроку, мэтанакіравана фарміруе агульнавучэбныя ўменні і навыкі. Педагог уважлівая, карэктная, сяброўская, працуе з энтузіязмам, добрасумленна адносіцца да даручанай справы. Праблема, над якой яна працавала ў гэтым навучальным годзе: “Удасканаленне прагрэсіўных кампетэнцый кантрольна-ацэначнай дзейнасці педагога і арганізацыя аптымальнага адукацыйнага працэсу з улікам індывідуальных асаблівасцей вучняў”. Выступала на раённых педчытаннях з дакладам “Актывізацыя пазнаваўчай дзейнасці”, вядзе факультатыўныя заняткі “Матэматычная вясёлка”, “Рэчавы этыкет”. Удзельнікі гуртка “Сувенір” Мікіта Рыбчынскі і Яўген Андрасюк сталі прызёрамі раённага конкурсу вырабаў з гліны і прыроднага матэрыялу. Святлана Міхайлаўна прымае актыўны ўдзел у рабоце педагагічных нарад у школе, удзельнічае ў раённых, абласных семінарах.
Неаднойчы даводзілася чуць, што настаўнікам трэба нарадзіцца. І Святлана Міхайлаўна нарадзілася менавіта ім. Яна імкнецца знайсці лепшае ў кожным вучні, любіць бачыць шчаслівыя твары хлопчыкаў і дзяўчынак, упэўненых у сваіх сілах, захопленых новымі ведамі. Яна з гонарам гаворыць: “Прафесія педагога – мой лёс. Школа – гэта маленькая краіна, дзе я адчуваю сябе свабодна і лёгка. Я захоплена сваёй справай і ўсведамляю важнасць сваёй працы”.
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няштатны карэспандэнт.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.