Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт у сям’і Канунавых – кузніца кадраў. Тут калісьці атрымаў прафесію гаспадар сям’і. Пазней тут адвучылася дачка Ганна, а цяпер азы прафесіі біятэхнолага спасцігае малодшы сын Дзмітрый.
– Так што для нашай сям’і – гэта своеасаблівы “сямейны” ўніверсітэт, – з усмешкай кажа Ганна Канунава, інжынер-тэхнолаг ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”. – А ўсё дзякуючы парадам мамы, якая вельмі хацела, каб у нас з братам была вышэйшая адукацыя.
Ганна ўзгадвае, як ёй цікава было вучыцца ва ўніверсітэце. Сама яна родам з Батчы Кобрынскага раёна. Яшчэ ў школьныя гады шмат дзе пабывала, а горад Гродна вабіў яе чысцінёй, велізарнай колькасцю цэркваў і касцёлаў, гістарычных мясцін. Студэнткай старалася як мага часцей наведваць музеі, тэатры – іх у Гродне, балазе, хапае. Паспявала разам з аднакурснікамі рыхтавацца да лекцый, плаваць у басейне, гуляла ў валейбольнай камандзе.
– Вельмі спадабалася працаваць над дыпломным праектам, – узгадвае Ганна. – З-за таго, што мая будучая прафесія была звязана з перапрацоўкай расліннай сыравіны, выбрала тэму для праекта “Рэканструкцыя лініі гранулявання”. Так сталася, што практыку на трэцім і чацвёртым курсах праходзіла на Жабінкаўскім камбікормавым заводзе. Маім куратарам была вядучы інжынер-тэхнолаг Галіна Канстанцінаўна Якімук. Вельмі ўдзячна ёй за слушныя парады і падказкі. У абароненым дыпломе на выдатна – і яе заслуга.
Вось і доўгачаканы дакумент на руках. За плячыма – гады вучобы, наперадзе – самастойнае жыццё і працаўладкаванне. Ганне прапаноўвалі ехаць на Гомельшчыну. Аднак дзяўчына вырашыла пачынаць сваю працоўную біяграфію бліжэй да маленькай радзімы, побач з бацькамі, на прадпрыемстве, дзе некалі праходзіла вытворчую практыку.
Маладога спецыяліста ўзялі пад сваё крыло тэхнолагі Галіна Якімук і Андрэй Лыбко. Цяпер дзяўчына працуе ў праграме “ПК-зерне” – рэдагуе рэцэпты, па якіх вырабляюць камбікорм для ўсіх відаў сельгасжывёл, свойскіх гадаванцаў, птушак і рыб.
– Раней я з задавальненнем гартала кніжку з рэцэптамі хатняй кухні – люблю ў вольны час выпякаць нешта смачненькае, – расказвае Ганна. – І цяпер, калі кажу сваім, што знайшла новы рэцэпцік, хатнія адразу ўдакладняюць: для нас ці катоў?
Жарты жартамі, а на працоўным месцы трэба быць уважлівай і пунктуальнай. Кожны рэцэпт, няхай ужо раней апрабіраваны, можа мець змяненні ў колькасці кампанентаў. Скажам, адзін заказчык хоча, каб у камбікорме было больш алею, другі – кукурузы, а трэці просіць павялічыць памер гранулы і г. д. Улічваючы гэтыя пажаданні, складваецца тэхналагічная карта, згодна з якой майстры змены вырашаюць, з якіх бункераў браць неабходныя інгрыдыенты. Напрыклад, для вырабу камбікорму для куранят-бройлераў КДП-5-2 неабходна 7 кампанентаў, а ў некаторых рэцэптурах іх можа быць да двух дзясяткаў. Усяго за працоўны тыдзень даводзіцца рыхтаваць да сямі дзясяткаў рэцэптаў.
– Спадабалася рупіцца над кормам для грызуноў, фарэлі і коней, – кажа Ганна. – Нямала давялося эксперыментаваць, пакуль дабіліся патрэбнай працэнтнай суадноснасці збожжа і складнікоў. Ра-зумею, што ў гэтым корме і мой уклад, таму і радуе канчатковы вынік.
Ганна адзначыла таксама, што вельмі задаволена сваёй прафесіяй, рабочым месцам і калектывам, з якім даводзіцца працаваць. Едзе на завод і дадому (а жыве ў Батчы Кобрынскага раёна) з добрым настроем.
Дарэчы, каб зручней дабрацца ў Жабінку, атрымала вадзіцельскія правы і сама ездзіць на аўтамабілі.
Пасля працоўнага дня малады спецыяліст любіць адпачыць ва ўтульным крэсле з чарговым раманам у руках. Зняць стому дапамагаюць і любімыя калматыя мурлыкі, дарэчы, прыхільніцы прадукцыі камбікормавага завода. Нядаўна дзяўчына захапілася вышыўкай пацеркамі.
Аб чым марыць малады інжынер-тэхнолаг? Вышэйшая адукацыя ёсць, любімая праца – таксама. У бліжэйшых планах дзяўчыны – адпачыць на моры.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%