Сустрэча з кнiгай – гэта заўсёды свята! Такiм святам i пачалося лета для чытачоў горада над Бугам.
1 чэрвеня, у Мiжнародны дзень абароны дзяцей, у кнiжнай краме “Iскра” адбылася сустрэча з пiсьменнiкамi: Расцiславам Бензеруком i Зiнаiдай Дудзюк.
Старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Таццяна Дземідовіч, прадстаўляючы гасцей, падкрэсліла, як важна даць дзецям надзейныя арыенціры ў бязмежнай інфармацыйнай прасторы, зацікавіць iх чытаннем, вывучэннем роднай мовы, гісторыі, культуры, а таксама распавяла пра працу і планы абласной пісьменніцкай суполкі. Намеснік старшыні берасцейскага абласнога аддзялення СПБ Любоў Красеўская прачытала некалькі сваiх лірычных вершаў і расказала пра кніжныя навінкі, што выйшлі з-пад пяра берасцейцаў.
Сустрэча праходзіла ва ўтульнай атмасферы, работнікі кнігарні маляўніча аформілі стэнды. Дырэктар крамы Святлана Юнчык пазнаёміла прысутных з кутком, дзе прадстаўлены выданні берасцейскіх аўтараў.
Наступным выступіў госць з Жабінкі Расціслаў Бензярук. Расціслаў Мацвеевіч прачытаў свае вершы і прэзентаваў новую кнігу нарысаў аб родным Жабінкаўскім раёне і цікавых людзях, што жывуць на гэтай зямлі. Зінаіда Дудзюк пазнаёміла наведвальнікаў кнігарні з серыяй сваіх маляўнічых пазнавальна-выхаваўчых выданняў для дзяцей “Прыгоды Бусліка”. Зінаіда Іосіфаўна прапанавала ўнікальнае падарожжа ў свет міфалогіі па старонках кнігі “Кола Сварога”, распавяла пра гісторыю напісання аповесцяў “Слодыч i атрута”, “Лаза”, прадставіла кнігі, напісаныя ў розныя гады, анансавала новы раман.
Чытачы задавалі пісьменнікам пытанні, цікавіліся іх творчымі планамі, разважалі пра тыражы і продажы мастацкай літаратуры.
У завяршэнне мерапрыемства адбылася фотасесія і падзяка арганізатарам за магчымасць зарадзіцца пазітывам і натхненнем.
Іван РАВЯКА, г. Брэст.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%